Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Frankfurter Rundschau”: Лукашэнка не пакутуе ад кепскай рэпутацыі Беларусі


Ул. інф. У ліпені спаўняецца 10 гадоў, як Лукашэнка кіруе Беларусьсю. Вялікай радасьці з гэтае нагодыя ягоныя суайчыньнікі ня маюць. Аўтакрат завёў краіну ў тупік і бязьлітасна абышоўся з апазыцыяй, — сьцьвярджае нямецкая газэта “Frankfurter Rundschau”.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, беларускі кіраўнік не жадае сапсаваць сьвяткаваньня свайго 10-гадовага юбілею. Незадоўга да гэтай даты кішэнны парлямэнт адхіліў прапановы апазыцыі адносна зьменаў у выбарчым кодэксе. Доступ на парлямэнцкія дэбаты журналістаў і дыпляматаў па-ранейшаму забаронены.

Лукашэнка ніяк не пакутуе ад кепскай рэпутацыі сваёй краіны. Былы калгасны шэф бязьлітасна абыходзіцца з апазыцыяй, СМІ і праваабарончымі групамі. Ад вясны 2003-га ўлады зачынілі болей за пяцьдзясят няўрадавых арганізацыяў. Паводле самых недарэчных прычынаў незалежныя мэдыі пазбаўляюць ліцэнзіяў, журналістаў судзяць з-за таго, што яны, маўляў, пакрыўдзілі прэзыдэнта, а ня надта лагодных замежных назіральнікаў выкідаюць з краіны. Так украінскі журналіст Міхаіл Падаляк быў дэпартаваны зь Менску на сваю Ррадзіму з-за “пагрозы нацыянальнай бясьпецы”.

Неаднойчы Лукашэнка заяўляў, што правядзе рэфэрэндум адносна адмены дзейнай забароны на трэці прэзыдэнцкі тэрмін і такім чынам зможа выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Аднак эканамічная стагнацыя Беларусі й яе палітычная ізаляцыя відавочныя нават для колішніх прыхільнікаў беларускага кіраўніка. У той час як суседнія Расея і Ўкраіна імкнуцца прыцягнуць да сябе замежныя інвэстыцыі, у беларускай эканоміцы па-ранейшаму дамінуюць дзяржаўныя прадпрыемствы савецкага кшталту. Аднак інвэстары абыходзяць гэтую краіну ня толькі таму, што Менск пакінуў за сабой права рэнацыяналізаваць прыватныя прадапрыемствы.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, з аднаго боку Лукашэнку ўдалося поўнасьцю самаізалявацца ад Захаду, а зь іншага боку — выклікаць раздражненьне ў любімага расейскага партнэра. Адрозна ад 2001 году, цяпер назіральнікі не выключаюць магчымасьцяў зьменаў курсу Расеі. Нават з усім сваім арсэналам рэпрэсіяў Лукашэнка без магутнай дапамогі Масквы ня зможа доўга захоўваць уладу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG