Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя рыхтуецца да акцыі пратэсту, прызначанай на 21 ліпеня


Уладзімер Глод, Менск Да ініцыятараў акцыі — дэпутацкай групы “Рэспубліка” — далучаюцца перадвыбарчая кааліцыя “Пяцёрка+”, а таксама Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. Яны вырашылі аб’яднаць намаганьні.

Адзін зь лідэраў кааліцыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што дамова аб сумесных дзеяньнях з “Рэспублікай” заключаная роўна за тры тыдні да пачатку акцыі:

(Лябедзька: ) “Да гэтага мы працавалі кожны ў сваім кірунку. Цяпер вырашылі аб’яднаць намаганьні й дапоўніць адзін аднаго, каб гэта не ператваралася ў асобныя пункты аднаго і таго ж пляну падрыхтоўкі да адной і той жа даты. Цяпер у нас адна дата і сумесныя скаардынаваныя дзеяньні”.

Раней, рыхтуючыся да дзесяцігодзьдзя праўленьня Аляксандра Лукашэнкі, “Пяцёрка+” перадусім інфармавала насельніцтва пра вынікі яго дзейнасьці, а дэпутаты займаліся падрыхтоўкай самой акцыі. Кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” Сяргей Скрабец так тлумачыць неабходнасьць каардынацыі дзеяньняў:

(Скрабец: ) “У нас аднолькавыя мэты і задачы зь “Пяцёркай+”. Будзе лепш, калі мы будзем працаваць разам. І будзе большы эфэкт ад гэтага для нашай агульнай справы”.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк гаворыць, што кіраўніцтва партыі аднагалосна вырашыла далучыцца да акцыі:

(Нісьцюк: ) “Трэба аб’ядноўваць усе дэмакратычныя сілы для адзіных дзеяньняў, для адзінай задачы. Быў зачытаны на паседжаньні прэзыдыюму нашай партыі ліст Валерыя Фралова, і вынікам гэтага было аднагалоснае рашэньне выканаўчага бюро аб удзеле ў гэтай акцыі, аб падтрымцы яе, аб удзеле ў ёй усіх нашых структураў, у тым ліку і рэгіянальных”.

Спадар Нісьцюк паведаміў, што да канца гэтага тыдня будуць вызначаныя канкрэтныя сумесныя дзеяньні. Нагадаем, што падчас галадоўкі дэпутаты Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валеры Фралоў заклікалі жыхароў Беларусі актыўна ўдзельнічаць у масавай акцыі 21 ліпеня. Акрамя падвядзеньня вынікаў праўленьня Лукашэнкі ініцыятары акцыі будуць вылучаць і патрабаваньні — перадусім аб правядзеньні свабодных выбараў і вызваленьні Міхаіла Марыніча. Заяўка на яе правядзеньне пададзеная 26 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG