Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад сёньняшняга дня маршрутныя таксоўкі ня могуць працаваць бяз касавых апаратаў


Юлія Шарова, Менск Гэтак пастанавіла Міністэрства транспарту. Касавы апарат цяпер ёсьць абавязковай умовай для таго, каб атрымаць ліцэнзію на пасажырскія перавозкі. Апрача таго, кіроўцы таксовак павінны выдаваць пасажырам квіткі пра аплату праезду, іначай прадстаўнікі транспартнай інспэкцыі ці ДАІ могуць іх аштрафаваць.

Новы парадак уводзіцца для абароны спажывецкіх правоў пасажыраў маршрутных таксовак. Як патлумачыла мне прэсавая сакратарка Міністэрства транспарту Эсьміра Гоман, менавіта наяўнасьць квітка пра аплату дазволіць пасажыру давесьці сваю рацыю, калі раптам у дарозе нешта здарыцца. Напрыклад, вярнуць заплачаныя грошы, калі маршрутка дарогай паламаецца.

Адсутнасьць квітка можа выліцца і ў іншыя непрыемнасьці: ад сёньняшняга дня маршруткі будуць правяраць. Да пасажыраў, якія ня маюць квіткоў, будуць ужываць санкцыі як за безьбілетны праезд. Кажа Эсьміра Гоман:

(Гоман: ) “Санкцыі — штрафы. Для пасажыра гэта 0,5 базавай велічыні, а для кіроўцы — 4 базавых велічыні”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што наяўнасьць касавых апаратаў у маршрутках дазволіць значна эфэктыўней змагацца зь нелегальнымі перавозкамі — вельмі распаўсюджанай зьявай, асабліва ў малых беларускіх гарадох.

(Патупа: ) “У некаторых гарадох, напрыклад, да 80 адсоткаў гэта “левыя” кіроўцы. І апарат гэтыя дазваляюць кантраляваць, хто ёсьць зь ліцэнзіяй патрэбнай, хто на законнай падставе гэта робіць і працуе добрасумленна, а хто не працуе нармалёва”.

Самі кіроўцы маршрутак, нават тыя, хто даўно касавыя апараты ўсталяваў, з рашэньнем Мінтрансу нязгодныя. Кіроўца таксоўкі Сяргей гаворыць, што апараты значна ўскладняюць працу і ніякай практычнай карысьці не прыносяць.

(Сяргей: ) “Зь нелегаламі мы й самі можам зладзіць, гэта не такая ўжо вялікая праблема. Нелегалы як існавалі, так і будуць існаваць. А касавыя апараты… Мала што паўплывае на іх”.

Ягоны калега Андрэй ня супраць таго, каб выдаваць пасажырам квіткі. Але гэта можна рабіць і бяз касавых апаратаў:

(Андрэй: ) “Трэба прыдумаць альбо друкавальную машынку, якая павінна выдаваць неякі канкрэтны від талёнчыка, альбо трэба арганізаваць у маршрутных таксоўках папросту талёнчыкі, якія адрозьніваліся бы ад грамадзкага транспарту”.

Андрэй тлумачыць, што касавыя апараты трэба абавязкова рэгістраваць у падатковай інспэкцыі — гэта дадатковыя грошы й згублены час. Саміх жа падаткавікоў касы ў таксоўках мала цікавяць, бо кіроўцы збольшага індывідуальныя прадпрымальнікі й плацяць фіксаваную стаўку падатку. Між тым, днямі Гомельскі абласны гаспадарчы суд вынес рашэньне пра незаконнасьць патрабаваньня Мінтрансу. Прадметам разбору стаў пазоў аднаго з гомельскіх прадпрымальнікаў. Гэтае рашэньне можа стаць юрыдычным прэцэдэнтам для ўсёй краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG