Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 1 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 1 ліпеня

“Могилевский вестник”, 1914 год. Карэспандэнт “Нового времени” пра наведваньне Паўночна-Заходняга краю:

“Я даведаўся, што ў Пінску, пра які ў падручніку геаграфіі гаворыцца: “вядомы з балотаў і калтуна”, вырабляюцца штогадова сотні пудоў какао. У Менску вырабляюць францускі каньяк з надпісам на этыкетках “арыгінальны”. Аднак найбольшае вынаходніцтва паказалі гомельскія прадпрымальнікі. У Гомелі робяць сардыны. Ці ня ёсьць гэта прамысловым унівэрсалізмам, для якога няма перашкодаў ні ў прыродных умовах, ні ў тэхніцы вырабу?”

“Бацькаўшчына”, 1954 год. Язэп Каранеўскі да 20-й гадавіны з дня сьмерці Янкі Купалы:

“Свой верш, прысьвечаны Сталіну “Табе, Правадыр”, які казённай крытыкай інтэрпрэтуецца як выражэньне глыбокай і шчырай любові да “бацькі” і “вучыцеля”, пачынаецца наступнымі строфамі:

Табе, Правадыр, мае песьні і думы І шчырыя шчырага сэрцы парывы. Бо хто калі знаў і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчасьлівы.

Трэба мець абмежаваную інтэлігенцыю, каб ня вычуць у строфцы гэтай і далейшых зьядлівае іроніі, а словы “вольны” і “шчасьлівы” так і просяцца, каб узяць іх у двукосьсі, як выражаючыя зусім адваротныя паняцьці”.

“Народная газета”, 1994 год. Старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Генадзь Лавіцкі:

“Я думаю, калі будучы Прэзыдэнт будзе заахвочваць парушэнні законаў, выкарыстоўваць у палітычнай барацьбе правакацыю, падтасоўку фактаў і яўную хлусню, разлічваючы на даверлівасць выбаршчыка, то дрэнныя справы будуць у дзяржаве. Не буду праз прэсу прад’яўляць прэтэнзіі і каменціраваць выдумкі і паклёп у адрас Камітэта дзяржбяспекі і сябе асабіста, якія гучаць у апошні час з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі. У мяне ёсць іншыя, прадугледжаныя законам магчымасці”.
XS
SM
MD
LG