Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 30 чэрвеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 30 чэрвеня

“Наша ніва”, 1914 год:

“Каля Янавіч у Вітэбшчыне 18 чэрвеня выпаў густы сьнег. Перад сьнегам стаяла дужа гарачая пагода. Сьнег падаў каля 10 мінут. Паміж сялянамі падняўся вялікі перэпалох, бабы пачалі галасіць, іншые казалі, што гэта наступае канец сьвету. Сьнег скора растаяў і шкод не нарабіў”.

“Беларус”, 1984 год:

“Газэта “Зьвязда”, орган ЦК кампартыі Беларусі, пачала ад нумару за 3.VІ.1984 г. “Цыкль палітычных гутарак доктара філязофскіх навук Л.Ф.Яўменава на тэму: “Імпэрыялізм — вораг народаў”… Яўменаў кажа, што ў ЗША “дзейнічае цэнтар нацыяналістычнай мафіі — БАЗА”. Аўтар артыкулу называе беларускія выданьні ў Амэрыцы і Канадзе: “Зважай”, “Беларус”, “Беларускі Голас” ды кажа, што “шэраг адшчапенцаў беларускага народу дзейнічаюць на радыёрупары ЦРУ “Свабода”.

“Рэспубліка”, 1994 год. Заява Аляксандра Лукашэнкі генэральнаму пракурору Васілю Шаладонаву:

“…Кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А.Р. чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі схапілі за рукі і, спасылаючыся на загад міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь генэрала Данько В.А., зрабілі спробу адкінуць ад дзьвярэй, але адужаць яго ня здолелі. У выніку бойкі, якую ўсчынілі супрацоўнікі міліцыі каля дзьвярэй кабінэту нумар 241, Лукашэнку А.Р. парвалі пінжак, ударылі нагой у левы бок, нанесьлі цялесныя пашкоджаньні. Аднак Лукашэнка А.Р. з дапамогай Сініцына Л.Г. і Ціцянкова І.І. дзьверы адчынілі. Прашу вашага неадкладнага ўмяшальніцтва і прыняцьця мераў да вінаватых”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG