Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзякуючы падтрымцы замежных фондаў падрыхтаваная да выданьня новая Чырвоная кніга Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя зацьвердзіла сьпіс жывёлаў і расьлінаў, якія ўвойдуць у новую Чырвоную кнігу Беларусі. Якімі будуць адметнасьці новай Чырвонай кнігі?

Паводле міжнародных рэкамэндацыяў, кожная краіна павінна як мінімум адзін раз у 10 гадоў абнаўляць нацыянальны сьпіс рэдкіх жывёлаў і расьлінаў. Як паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, беларуская Чырвоная кніга існуе ўжо чвэрць стагодзьдзя – ад 1979 году. Зараз падрыхтавана яе трэцяе выданьне.

Аднак зь яе новай рэдакцыяй Беларусь спазьнілася, бо другая рэдакцыя Чырвонай кнігі дзейнічала ад 1993 году, таму яе трэцяя рэдакцыя павінна была зьявіцца на кніжных паліцах яшчэ летась. Аднак фінансавыя цяжкасьці замарудзілі працу над яе падрыхтоўкай і складаньнем. У выніку, як паведаміла нам навуковы супрацоўнік Інстытуту заалёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Таццяна Паўлюшчык, кнігу рыхтавалі тры гады:

(Паўлюшчык: ) “Ці многа грошай можа выдзяляць наша Беларусь на навуковыя дасьледаваньні? Прычым такія, якія ня тычацца хлеба надзённага? Відаць, няшмат. Гэта сумныя лічбы. Таму мы выходзілі са становішча рознымі шляхамі”.

Экспэрты ня выключаюць адмоўнага ўплыву дэфіцыту сродкаў на якасьць дасьледаваньня беларускай фаўны і флёры. Рэч у тым, што каб гэтае дасьледаваньне было якасным, патрэбна праводзіць доўгатэрміновыя экспэдыцыі. Напрыклад, вось якім досьведам падзяліўся паляўнічы Аляксандр Маханько зь Бераставіцкага раёну, якому даводзілася браць удзел у пераліку жывёл і птушак у рэгіёне:

“Каб падлічыць колькасьць жывёл і птушак, якія могуць зьнікнуць як від, то трэба, пэўна ж, папрацаваць шмат. І тут легкадумства альбо такі павярховы падыход не пасуюць. Трэба шмат папрацаваць, каб прыйсьці да высновы, што таго ці іншага зьвера ці птушку трэба занесьці ў гэтую кніжку”.

З другога боку, ёсьць надзея, што вялікіх памылак у новай рэдакцыі Чырвонай кнігі будзе ня надта шмат. Рэч у тым, што істотную дапамогу ў яе падрыхтоўцы аказвалі міжнародныя экалягічныя і прыродаахоўныя арганізацыі. Ведаючы, што ў Беларусі на складаньне нацыянальнай Чырвонай кнігі выдаткавана мізэрная колькасьць грошай, яны выдзялялі беларускім навукоўцам гранты на дасьледаваньні, каб тут ня зьнік той ці іншы від флёры і фаўны, і тым самым сьвет ня страціў рэдкага зьвера ці птушку. У прыватнасьці, вось што сказаў нам актывіст грамадзкай арганізацыі “Ахова птушак Беларусі” Зьміцер Вінчэўскі:

(Вінчэўскі: ) “У гэтае выданьне, якое будзе выходзіць, уключаны віды, якім пагражае глябальнае зьнікненьне. Ва ўсім цывілізаваным сьвеце дасьледнікі шукаюць гранты – яны могуць быць і ад дзяржавы, і ад прыватных і нейкіх грамадзкіх арганізацыяў. Напрыклад, праз нашу арганізацыю навукоўцы пачалі выходзіць на заходнія фонды. Пад дасьледаваньне відаў, якім пагражае глябальнае зьнікненьне, такія грошы звычайна знаходзяцца. Вось, да прыкладу, вяртлявая чаротаўка – гэты від зараз вядомы па ўсёй Беларусі. Раней, пры першым выданьні Чырвонай кнігі, думалі, што тут у нас адзінкавыя выпадкі ягонага гнездаваньня, на Палесьсі. Але з дапамогай нямецкіх і ангельскіх фондаў было праведзена некалькі экспэдыцыяў, і атрымалася, што ў нас жыве большая частка ўсясьветнай папуляцыі”.
XS
SM
MD
LG