Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вучні Беласточчыны – адны з найлепшых у сваіх школах


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. У нумары – шмат цікавых публікацыяў аб жыцьці тамтэйшай беларускай грамады.

На першай паласе “Ніва” распавядае пра тое, што апошнім часам дзеці са школаў Беласточчыны, якія вывучаюць беларускую мову, сталі ў сваіх школах аднымі з найлепшых вучняў. Таму сярод бацькоў у польска-беларускіх сем’ях расьце зацікаўленасьць заняткамі па беларускай мове. Сёлета ў пачатковай школе №4 у Беластоку беларускую мову будуць вывучаць ужо 50 дзетак, а ў гімназіі №7 – 20. Рэкордная колькасьць дзетак будзе сёлета і ў беларускім дзіцячым садку – таксама каля 50-ці.

“Нашыя дзеці – найлепшыя ў школах. Яны і іхныя бацькі атрымліваюць цягам навучальнага году шмат узнагародаў за ўдзел у беларускіх імпрэзах, за працу на карысьць школы”, піша журналістка “Нівы” Ганна Кандрацюк.

У матэрыяле “Фэстываль пойдзе наперад” карэспандэнт тыднёвіка гутарыць з Ілонай Карпюк – старшынёй Беларускага аб’яднаньня студэнтаў, якое ўжо 15 раз запар ладзіць у польскім Гарадку фэст музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. Сёлетні фэстываль будзе трохі іншы. Прыкладам, кажа спадарыня Карпюк, зьявіцца Адкрытая сцэна, дзе змогуць выступіць гурты зь Беларусі і Польшчы, якія не ўвайшлі ў конкурсную праграму. Над сцэнай зьявяцца вялікія экраны, каб музыкаў было лепш відаць. Акрамя гэтага, арганізатары абяцаюць яшчэ шмат неспадзяванак і запрашаюць усіх на “Басовішча” 23-23 ліпеня. Дарэчы, сёлета турфірмы зь некаторых беларускіх гарадоў будуць ладзіць адмысловыя паездкі ў Гарадок на фэстываль – гэта нядорага і вельмі зручна. Заяўкі на ўдзел у Басовішчы падалі 25 гуртоў зь Беларусі і Польшчы.

“Ніва” распавядае таксама пра знанага лётчыка, генэрала польскага войска Міхася Полеха, які нарадзіўся ў беларускай вёсцы Аднога, што на Беласточчыне. Спадар Полех зрабіў добрую кар’еру, быў намесьнікам камандуючага польскай авіяцыяй. Памёр ён пяць гадоў таму. “Тым ня менш, Міхась застаўся добрым сябрам і, будучы ўжо генэралам, ніколі не цураўся роднай мовы і са сваімі землякамі заўсёды гаварыў па-нашаму”, успамінае аўтар артыкулу Віктар Бура.
XS
SM
MD
LG