Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каліфарнійскі трыпс з Галяндыі пагражае беларускім кветкам


Ігар Карней, Менск Расейская фэдэральная служба фітасанітарнага кантролю наклала часовую забарону на ўвоз у краіну жывых і пакаёвых кветак з Галяндыі. Фітасанітары засьцерагаюцца, што разам з кветкамі ў Расею можа патрапіць вельмі небясьпечны шкоднік – “каліфарнійскі кветкавы трыпс”. На беларускім рынку таксама дамінуе кветкавая прадукцыя з Галяндыі. Дык ці існуе рэальная пагроза завозу каліфарнійскага кветкавага трыпсу ў Беларусь?

Першымі трывогу ў нашай частцы Эўропы забілі расейскія фітасанітары. Яны цьвердзяць, што менавіта з Галяндыі ў бок Расеі накіроўваецца навала – каліфарнійскі кветкавы трыпс. Я з гэтай нагоды затэлефанаваў у менскую інспэкцыю у карантыне расьлінаў і пацікавіўся: на колькі перабольшаная (альбо не) небясьпека гэтага самага паразіта? І вельмі зьдзівіўся, калі спэцыяліст інспэкцыі параўнаў кветкавага трыпса з каларадзкім жуком.

(Супрацоўнік інспэкцыі: ) “Ёсьць такая справа… І мы вельмі непакоімся, бо гэта ўсё потым у любым разе выйдзе на людзей. Трыпс – гэта шкоднік. Гэта тое ж, як з каларадзкім жуком атрымалася – хтосьці калісьці яго ж завёз? Але, у прынцыпе, пакуль ніхто толкам ня ведае, як трыпс можа сябе паводзіць у нашых умовах”.

А ўжо ў прыватнай гутарцы – як кажуць, не для мікрафону – спэцыяліст удакладніў: калі каліфарнійскі трыпс будзе завезены, то рады даць яму практычна будзе нельга. Зноў можа паўтарыцца тая самая гісторыя, што і з бульбяным шкоднікам. Да таго ж, як паведаміў мой суразмоўца, “каліфарнійскі” трыпс увасабляе сур’ёзную пагрозу ня толькі для кветак, але і для іншых расьлінаў, якія вырошчваюцца ў тым ліку і ў цяпліцах. Таму кантроль за пастаўкамі кветак менавіта з Галяндыі ўзмоцнены. А значыць, як сказаў мне супрацоўнік інспэкцыі карантыну расьлінаў, у Беларусі пагроза трыпсу існуе толькі гіпатэтычна. Тым часам, расейцы ўжо рэагуюць на факты: днямі ў Краснадары зьнішчана 7,5 тысячаў падазроных кветак ў вазонах.

Як гандляры кветкамі, так і беларускія фітасанітары пацьвердзілі, што кветкі з Галяндыі завозяцца ў Беларусь аўтамабільнымі фурамі: штодня мяжу перасякаюць 3-4 вялікагрузныя машыны з кветкамі ці пасадным матэрыялам. А ўвогуле на беларускім рынку жывыя галяндзкія кветкі складаюць да 60-70% усяго асартымэнту: гэта ружы, хрызантэмы, ліліі, натуральна ж, цюльпаны. Такія ж лічбы характэрныя і для пасаднага матэрыялу: саджанкаў, цыбулінак, бульбінак, насеньня.

Астатнія 30-40% – польскія, расейскія, часам гішпанскія, а таксама мясцовыя гатункі. Увогуле, з Галяндыі кветкі вязуць па ўсім сьвеце, бо пераўзысьці галяндзкіх кветкаводаў цяжка: сэлекцыя там мае даўнія традыцыі, і галяндзкія гатункі заўсёды нечаканыя і якасныя. Зрэшты, тая ж Польшча купляе ў Галяндыі насеньне, затым вырошчвае кветкі і саджанкі ў сваіх цяпліцах, а ўжо потым прадае іх у многіх эўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта вельмі прыбытковая справа. Але Галяндыя здаўна эўрапейскі манапаліст у кветкавым бізнэсе. І пасьля таго, як беларускі рынак прыадчыніўся, Галяндыя адразу ж заняла тут належнае ёй месца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG