Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашпарты савецкага ўзору больш ня дзейнічаюць – як і пашпарты з “Пагоняй”


Севярын Квяткоўскі, Менск Ад 1 ліпеня робяцца нядзейснымі пашпарты ўзораў 1974 і 1993 гадоў. То бок, “сярпасты-малаткасты” і пашпарт з выявай “Пагоні” стаюцца гісторыяй. Выглядае, што савецкі пашпарт – ужо незваротна. Ці ўсе беларусы атрымалі пашпарты з выявай цяперашняга дзяржаўнага герба? Што чакае тых, хто адмовіцца ад атрыманьня новага пашпарту?

Большасьць грамадзянаў з савецкімі пашпартамі засталася ў правінцыі. Яшчэ зусім нядаўна сваю пазыцыю ў дачыненьні да зьмены пашпарта вясковыя пэнсіянэры тлумачылі наступным чынам:

(Пэнсіянэрка: ) “Ня буду. Мне ўжо трэба пашпарт туды, у зямлю. А што мне дасьць гэты пашпарт – узяць пятнаццаць тысяч? Дык яны ў мяне ўсе на маім страўніку эканомяцца. Гэтага ня бачыш сам, ня ходзіш сам – пад руку каго возьмеш... У касьцёл не зайду... А мне пашпарт трэба?”

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на сёньня каля двух працэнтаў беларускіх грамадзянаў не займелі новы пашпарт. У пашпартна-візавай службе Беларусі нам паведамілі, што ў выпадку, калі тыя, хто спазьніліся, прыйдуць самі, да іх аніякіх мераў прымаць ня будуць. А вось калі прадстаўнікі службы будуць хадзіць, прасіць, а людзі адмаўляцца, то за ўхіленьне прадугледжаная кара: ад папярэджаньня да штрафу сумай тры базавыя велічыні. Рашэньне прымае адміністратыўная служба раёнаў. Дарэчы, цяпер замена пашпарту каштуе 5700 рублёў плюс фотаздымак, які каштуе прыблізна столькі ж.

На пытаньне, хто тыя людзі, што ня маюць пашпарту новага ўзору, адказала нам супрацоўніца Сакрэтнай часткі ўпраўленьня пашпартна-візавай службы Беларусі Лідзія Іванчанкава:

(Іванчанкава:) “Асобы, што знаходзяцца ў вязьненьні. Частка вернікаў, якія паводле рэлігійных перакананьняў ня хочуць атрымліваць нацыянальны пашпарт у зьвязку з тым, што там ёсьць нумар ідэнтыфікацыі”.

Таксама Лідзія Іванчанкава назвала катэгорыі асацыяльных элемэнтаў і вясковых пэнсіянэраў. Сюды варта дадаць папросту няўважлівых людзей. Зрэшты, я ведаю людзей, які маюць новы асабісты дакумэнт, але захавалі на памяць пашпарт з “Пагоняй”, а ў пашпартнай службе заявілі, маўляў дакумэнт згублены. А вось пра людзей, што паўтарылі ўчынак Ларысы Геніюш, якая адмовілася ад савецкага пашпарта, я пакуль ня ведаю. Зь ідэйных меркаваньняў ад пашпарта з гербам, што ў народзе клічуць “капуста”, ніхто яшчэ не адмовіўся: хіба памяняў грамадзянства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG