Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гутарцы зь Ірынай Красоўскай Джордж Буш пажадаў беларусам мужнасьці


Вольга Караткевіч, Прага У часе саміту НАТО ў Стамбуле кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем”, жонка зьніклага прадпрымальніка Анатоля Красоўская, Ірына, якая ўваходзіць у кааліцыю “Свабодная Беларусь” мела сустрэчу з амэрыканскім прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, дзяржсакратаром Колінам Паўэлам, прэзыдэнтам Польшчы Аляксандрам Квасьнеўскім, генэральным сакратаром НАТО Япам дэ Гопам Схэфэрам, іншымі. Сустрэчы прайшлі ў часе вячэры, на якую Ірыну Красоўскую запрасіў прэм’ер-міністар Турэччыны.

Ад кааліцыі Свабодная Беларусь Стамбул наведаў і былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў. У гутарцы зь Ірынай Красоўскай Джордж Буш пажадаў беларусам мужнасьці. Мы зьвязаліся зь Ірынай, якая вярнулася са Стамбулу і першае да яе пытаньне – хто дапамог у арганізацыі візыту яе на саміт НАТО.

(Красоўская: ) “Я атрымала запрашэньне ад фонду George Marshall Foundation, які праводзіў канфэрэнцыю напярэдадні стамбульскага саміту НАТО.

(Карэспандэнтка: ) “У Вас былі вельмі сур''ёзныя сустрэчы і на вельмі высокім узроўні: ад генэральнага сакратара НАТО да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Якія ў Вас уражаньні? Што было самае галоўнае?”

(Красоўская: ) “Асабіста для мяне гэта небывалы ўзровень сустрэчаў. Але я ацэньваю гэта не як увагу асабіста да мяне, а як цікавасьць да Беларусі, да краіны, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Як да адзінай краіны з дыктатарскім рэжымам. Таксама ўпершыню я змагла пабачыць і сустрэцца зь вядомымі палітыкамі, зь дзяржаўнымі дзеячамі, а таксама з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў, якія рэальна ўплываюць на сусьветную палітыку. Рэальны вынік у тым, што я адчула зь іх боку велізарны інтарэс да Беларусі й тых працэсаў, тых праблем, якія цяпер ёсьць у нашай краіне. Мы яшчэ раз змаглі прыцягнуць увагу сусьветнай супольнасьці да праблемаў Беларусі

(Карэспандэнтка: ) “Вы адзначылі, што было вельмі нечакана сустрэцца і пагаварыць з прэзыдэнтам Джорджам Бушам. Бадай Вы адзіная беларуска, якая мела сустрэчу з Джорджам Бушам. Якія Вашыя ўражаньні? Як адбылася сустрэча?”

(Красоўская: ) “Увогуле, неверагодная сустрэча, бо ў мяне ў плянах гэтага не было, але саму магчымасьць такой сустрэчы я не адмятала. Я думала, калі-небудзь мне ўдасца сустрэцца з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, але ня думала, што я сустрэнуся зь ім на гэтым саміце. Гэта было падчас вялікага прыёму ў палацы. Гэта адбылося падчас вячэры. Я сустрэлася з генэральным сакратаром НАТО, і мы ўзгадалі нашу мінулую сустрэчу ў Брусэлі, дзе я мела доўгую размову зь ім. Ён спытаўся мяне, ці знаёмыя вы з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў? Я адказала – не. І ён прадставіў мяне Джорджу Бушу. Гэта было настолькі неверагодна, што я нават не пасьпела разгубіцца.” (сьмяецца)

(Карэспандэнтка: ) “Вы сказалі, што Джордж Буш пажадаў беларусам мужнасьці...”

(Красоўская: ) “Так! Ён пажадаў беларусам мужнасьці ў разьвіцьці дэмакратыі ў краіне. Ён таксама падтрымаў мяне і ўсіх жонак зьніклых. Ён таксама падтрымаў усіх людзей, якія хочуць ведаць праўду, і якія хочуць лепшага для сваёй краіны. А я пажадала яму ўдачы на прэзыдэнцкіх выбарах”.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля размовы з Бушам Вас прадставілі Коліну Паўэлу. Пра што Вы гаварылі зь дзяржсакратаром?”

(Красоўская: ) “Гэта таксама была вельмі кароткая сустрэча, але дастатковая для таго, каб зноў напомніць дзяржсакратару пра праблемы Беларусі й пра праблему апошняй дыктатуры Эўропы".

(Карэспандэнтка: ) “Ці абмяркоўвалася праблема зьніклых падчас Вашых сустрэчаў?”

(Красоўская: ) “Так, гэтая тэма абмяркоўвалася ў часе амаль усіх маіх сустрэчаў. І звычайна калі мяне прадстаўлялі, гаварылі, што я – прадстаўніца апазыцыі, і што мой муж разам з іншымі апазыцыянэрамі быў скрадзены, і што ўлады Беларусі датычныя да гэтых падзеяў. Таму першым пытаньнем заўсёды было пытаньне, што адбылося, і як такое магло здарыцца ў цэнтры Эўропы?”

(Карэспандэнтка: ) “У сьвятле гэтых сустрэчаў, ці зьбіраецеся Вы самі займацца сур’ёзна палітыкай? Я маю на ўвазе, напрыклад, балятаваньне ў парлямэнт”

(Красоўская: ) “Гэта вельмі складанае пытаньне, вельмі складанае. Па-першае, я лічу, што мы павінны вырашыць праблему чалавека. Перш за ўсё, я павінна дазнацца пра лёс свайго мужа, пра лёс іншых зьніклых. Гэта мая асноўная задача. Але я вельмі добра разумею, і гэта прагучала ў справаздачы Пургурыдэса, улады нічога ня будуць рабіць для таго, каб высьветліць праўду пра зьнікненьні, бо яны самі датычныя да гэтага. Таму правесьці нейкую мяжу паміж дзейнасьцю ў абарону правоў чалавека і палітычнай дзейнасьцю.

(Карэспандэнтка: ) “Вы зрабілі вельмі элегантны камплімэнт прэзыдэнту Польшчы Квасьнеўскаму, калі сказалі, што захапляецеся ягонай жонкай. Вядома, што Яланда Квасьнеўская – уплывовая жанчына ў Польшчы. Пра што яшчэ Вы гаварылі з прэзыдэнтам Квасьнеўскім?”

(Красоўская: ) “Гэта таксама была вельмі цікавая сустрэча, але таксама вельмі кароткая. Гэта было падчас вячэры ў палацы. Я думаю, што прэзыдэнт Квасьнеўскі як ніхто іншы разумее цяперашнія праблемы найбліжэйшага суседа, нашай Беларусі. У размове зь ім я адчула перш за ўсё падтрымку дэмакратычным сілам Беларусі. І сапраўды я выказала захапленьне ягонай жонкай. Я думаю, як кожнаму мужу, яму гэта было прыемна пачуць. Кожны муж ганарыцца сваёй жонкай, калі ў ёй ёсьць рэальныя дасягненьні. У адказ я пачула ад яго запрашэньне сустрэцца зь яго жонкай”.
XS
SM
MD
LG