Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая нацыянальная згода паміж шыітамі, сунітамі й курдамі ў Іраку?


Ганна Соусь, Прага Нацыянальная згода гэтак жа важна для будучага Іраку, як і бясьпека і эканамічны росквіт. Гэтак мяркуе большасьць іракцаў. У краіне дагэтуль існуе рэлігійны і палітычна раскол, а таксама супярэчнасьці паміж тымі, хто падтрымліваў рэжым Садама Хусэйна, і іх апанэнтамі.

Іракцы гатовыя многае дараваць сваім праціўнікам дзеля таго, каб пасьля перадачы сувэрэнітэту ў Іраку запанавала нацыянальная згода. Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода Валянцінаса Мітэ многія жыхары Багдаду казалі пра тое, што пасьля столькіх гадоў брутальнай дыктатуры, забойстваў і рэлігійнай нецярпімасьці прымірэньне й згода жыцьцёва неабходныя.

30-гадовы араб-суніт Рахэд Сабхай Насэр, які працуе цесьляром, кажа, што варожасьць паміж сунітамі й шыітамі ёсьць сапраўдным праклёнам, які прыводзіць да нікому не патрэбных забойстваў.

(Насэр: ) "Няма ніякага адрозьненьня паміж сунітамі й шыітамі. Усе мы жыхары Іраку, Бог дасьць, і мы будзем мець згоду, мы забудзем мінулае. Тое, што мы маем – гэта сучаснасьць, і мы спадзяемся, што кожны іракец забудзе мінулае. Цяпер мы павінны будаваць новую будучыню."

Мусульмане-шыіты складаюць больш за 60% у 25-мільённым Іраку. Былы ірацкі прэзыдэнт Садам Хусэйн быў сунітам, і ў часы ягонага кіраваньня шыітаў амаль не было ў кіруючай партыі БААС, а таксама сярод чынавенства і сілаў бясьпекі краіны.

Рэдха Такі – кіраўнік палітычнага дэпартамэнту Вышэйшай рады Ісламскай рэвалюцыі ў Іраку, найлепш арганізаванай палітычнай партыі шыітаў. Ён кажа, што суперніцтва паміж сунітамі й шыітамі пачалося значна раней за абвяшчэньне сучаснай ірацкай дзяржавы ў 1932 годзе. Такі кажа, што толькі цяпер з прыходам дэмакратыі суніты і шыіты маюць магчымасьць забыцца на старую варожасьць.

(Такі: ) "Ірацкія суніты, інтарэсы якіх прадстаўленыя іх партыямі, шэйхамі й племяннымі лідэрамі, задаволеныя існуючай структурай у часовым урадзе. Прэзыдэнт Іраку Газі аль-Явэр – суніт, ёсьць суніты міністры й ў войску, хаця яны й думалі, што да іх будуць ставіцца прадузята. А спадзяваньні тых сунітаў, якія думалі, што можна вярнуць мінулае, не спраўдзіліся. Гэта ніколі не адбудзецца”.

Рэдха Taкі адзначае, што прэзыдэнт Іраку Газі аль-Явэр – уплывовы суніцкі племянны лідэр, прэм’ер-міністар Іяд Аляві – мусульманін-шыіт і былы сябра партыі БААС, які стаў рашучым апанэнтам Садама Хусэйна. Новы міністар замежных справаў – курд.

Кіраваньне Садама Хусэйна ўчыніла глыбокі раскол ў ірацкім грамадзтве. Жыхар Багдаду інжынэр Даўд Ахмэд Хасэн сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Валянцінасу Мітэ, што Садаму нельга дараваць гэтага:

(Хасэн: ) "Садаму ня можна ніколі дараваць гэтага. Гэта немагчыма з прычыны ўсіх ягоных злачынстваў. Ён ўчыніў злачынства супраць народаў Іраку. І ня толькі жыхароў Іраку, і але й найбліжэйшых краінаў. Ён напаў на Іран. Ён напаў на Кувэйт”.

Іншы пункт гледжаньня мае багдадзец сярэдняга веку Алі.

(Алі: ) "Так, мы можам дараваць Хусэйну. Ён нічога не зрабіў іракцам. Мы можа дазволіць яму пачаць ўсё з пачатку, і можам дараваць яму. Мы ня мае нічога супраць яго".

Аднак гэткае меркаваньне – хутчэй выключэньне, чым правіла – кажа карэспандэнт Радыё Свабода ў Багдадзе Валянцінас Мітэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG