Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін і Кучма прыедуць у Беларусь на некалькі гадзінаў?


Валер Каліноўскі, Менск Беларускія ўлады паведамілі, што заўтра чакаецца візыт прэзыдэнтаў Украіны і Расеі ў Беларусь, якія возьмуць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 60-годзьдзя вызваленьня краіны. Аднак прэсавыя службы Леаніда Кучмы і Ўладзімера Пуціна пакуль не пацьвердзілі гэтага візыту.

У мінулыя выходныя лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны сустракаліся на моладзевым фэстывалі, які адбыўся ў Чарнігаўскай вобласьці. Там, відаць, Леанід Кучма ды Ўладзімер Пуцін і атрымалі запрашэньне паўдзельнічаць ва ўрачыстасьцях з нагоды 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Пра незаплянаваны візыт Уладзімера Пуціна і Леніда Кучмы першымі паведамілі ў МЗС Беларусі. Прэсавы сакратар замежнапалітычнага ведамства Андрэй Савіных сказаў, што іх прылёт чакаецца у чацьвер а шостай вечара:

(Савіных: ) “Пасьля прылёту яны паедуць на Курган славы, там адбудзецца ўрачыстае ускладаньне кветак і “франтавая вячэра”. Гэта фактычна сустрэча з вэтэранамі вайны”.

Спадар Савіных паведаміў, што пасьля гэтага аналягічныя цырымонія і мітынг пройдуць у мэмарыяльным комплексе “Хатынь”, і не заяжджаючы ў Менск, Леанід Кучма і Ўладзімер Пуцін разьедуцца па сваіх сталіцах. Такім чынам, на іх візыт адведзена некалькі гадзінаў. Аднак афіцыйнага пацьверджаньня гэтых візытаў з Кіева і Масквы пакуль няма. У прыёмнай прэсавага сакратара Леаніда Кучмы сказалі, што пакуль пэўнасьці няма. А дзяжурная прэсавай службы Ўладзімера Пуціна зазначыла:

(Дзяжурная: ) “Афіцыйнай інфармацыі ў нас няма. Калі б было паведамленьне, я бы сказала, але паведамленьня ў нас не было”.

У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта тым ня менш не выключаюць магчымасьці візыту У.Пуціна ў Менск, бо маўляў, “нічога нельга выключыць, напрыклад, ніхто не чакаў, што Пуцін паляціць у Інгушэцію пасьля трагічных падзеяў у Назрані”.

На думку незалежнага палітоляга Віталя Сіліцкага, меркаваны прыезд Пуціна і Кучмы — ня больш як візыт ветлівасьці.

(Сіліцкі: ) “Зусім не прыехаць было бы поўнай абструкцыяй, і быў абраны такі сярэдні, памяркоўны варыянт”.

Віталь Сіліцкі зазначае, што ў гэтых надзвычай яркіх сьвяткаваньнях юбілею вызваленьня відавочны палітычны падтэкст. Да 60-х угодкаў вызваленьня Беларусі, з нагоды якіх запрошаныя Пуцін і Кучма, прымеркаваныя надзвычай пампэзныя шматдзённыя ўрачыстасьці, з вайсковым парадам у Менску, з салютам ва ўсіх абласных цэнтрах, іншымі сьвяточнымі захадамі па ўсёй краіне.

(Сіліцкі: ) “Галоўнае ва ўсіх гэтых акцыях — гэта стварэньне пэўнага ідэалягічнага фону, які пасуе пэўным мэтам гэтага палітычнага рэжыму. І гэта не зьвязана толькі з рэфэрэндумам. Гэта больш маштабная сыстэма індактрынацыі, убіцьця савецкай ідэалёгіі, ці савецка-беларускай, і адпаведных вартасьцяў, якія яна з сабой нясе”.

Ва Ўкраіне таксама паводле ўказу Леаніда Кучмы рыхтуецца сьвяткаваньне 60-годзьдзя вызваленьня, там гэтая ўрачыстасьць адбудзецца восеньню, але пакуль нічога не чуваць пра яе плян і маштабы, паведаміў рэдактар кіеўскага тыднёвіка “Міг” Міхаіл Білецкі. Магчыма, Леанід Кучма хоча паглядзець, як гэта робіцца ў Беларусі. Спадар Білецкі кажа, што звычайна да такіх юбілеяў палітыкі прымяркоўваюць і свае піяр-кампаніі: у Беларусі — да парлямэнцкіх выбараў, ва Ўкраіне — да прэзыдэнцкіх.

(Білецкі: ) “Калі ў нас пройдзе хваля зьездаў, і ўсе як адзін падтрымаюць вылучэньне прэм’ера Януковіча як адзінага кандыдата, тады цалкам магчыма, што сьвяткаваньне юбілею вызваленьня будзе праведзенае недзе ў сярэдзіне кастрычніка ці бліжэй да 31 кастрычніка, калі ў нас будуць адбывацца прэзыдэнцкія выбары, каб падсаладзіць, што называецца, жыцьцё-быцьцё”, — зазначыў рэдактар кіеўскага тыднёвіка “Міг” Міхаіл Білецкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG