Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садам Хусэйн перададзены новаму ірацкаму ўраду


Юры Дракахруст, Прага Сёньня былы ірацкі дыктатар Садам Хусэйн і яшчэ 11 высокапастаўленых прадстаўнікоў былога рэжыму былі перададзеныя новым ірацкім ўладам. Чакаецца, што ўжо заўтра Хусэйну будуць прад’яўленыя абвінавачваньні.

Разам з былым ўладаром Іраку пад юрысдыкцыю новых ірацкіх уладаў перададзеныя такія асобы, як былы намесьнік прэм’ер-міністар Тарык Азыз, былы віцэ-прэзыдэнт Іраку Таха Ясін Рамадзі, кіраўнік праграмы вытворчасьці хімічнай зброі Алі Хасан Маджыд, больш вядомы пад мянушкай “Хімічны Алі”, два зводныя браты былога дыктатара і іншыя кіраўнікі былога рэжыму.

Пакуль Хусэйн і ягоныя паплечнікі будуць утрымлівацца ў Багдадзе, але пад амэрыканскай вартай. Чакаецца, што ўжо заўтра былому дыктатару будзе прад’яўленае абвінавачваньне з 12 пунктаў, якія тычацца ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці.

Сярод галоўных абвінавачваньняў – ужываньне хімічнай зброі пры падаўленьні курдзкага паўстаньня ў 1988 годзе, ужываньне хімічнай зброі падчас вайны з Іранам, у выніку чаго загінула ня менш як 20 тысячаў іранцаў, увараваньне ў Кувэйт у 1991 годзе, падаўленьне шыіцкага паўстаньня ў 1991 годзе, масавыя забойствы і катаваньні іракцаў. На тэрыторыі Іраку было знойдзена 270 патаемных пахаваньняў, дзе ляжаць дзесяткі тысячаў ахвяраў хусэйнаўскага тэрору.

Міністар юстыцыі Іраку Малік Дахан Хасан паведаміў, што Садам Хусэйн можа зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу да замежных адвакатаў, калі на гэта пагадзіцца Асацыяцыя ірацкіх юрыстаў.

Цяперашнія адвакаты былога дыктатара запатрабавалі доступу да свайго кліента і хочуць правесьці незалежную мэдычную экспэртызу, каб вызначыць, ці можа Хусэйн стаць перад судом паводле стану здароўя. Прэм’ер-міністар Іраку Іяд Алаўі заявіў, што новы Ірак, які імкнецца да дэмакратыі, падчас суду над былым дыктатарам дакладна вытрымае юрыдычную працэдуру.

(Алаві: ) “Мы запэўніваем, што гэта будзе справядлівае судовае разбіральніцтва, у адрозьненьні ад тых, якія Садам ўжываў да сваіх ворагаў, да іракцаў”.

Як паведаміў Салем Чалябі – старшыня ірацкага адмысловага трыбуналу, створанага да суду над ваеннымі злачынцамі, працэс над Садамам Хусэйнам пачнецца хутчэй за ўсё ў наступным годзе, у той час як суды над яго паплечнікамі могуць пачацца ўжо сёлетняй восеньню.
XS
SM
MD
LG