Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць дзён выхаду з галадоўкі – як пачуваюцца былыя дэпутаты-галадоўнікі і актывісты АГП?


Алесь Дашчынскі, Менск Прайшло дзевяць дзён пасьля спыненьня палітычнай галадоўкі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Валерыя Фралова, Сяргея Скрабца і Ўладзімера Парфяновіча. Галадоўка працягвалася 18 дзён. Паводле парадаў мэдыкаў, выхад з галадоўкі павінен быць такім жа працяглым, як і сама галадоўка. Якое самаадчуваньне галадоўнікаў на сярэдзіне гэтага тэрміну?

Дэпутат Сяргей Скрабец прытрымліваецца навуковай сыстэмы выхаду з галадоўкі й стараецца сачыць, каб тое ж рабілі й астатнія галадоўнікі:

(Скрабец: ) “Першыя тры дні, каб пачаў працаваць страўнік, патрэбна піць разбаўленыя сьвежавыціснутыя сокі: маркоўны, яблычны, бураковы. На чацьверты дзень можна піць неразбаўленыя сокі, там зьяўляецца апэтыт. Потым дадаваць у рацыён аўсяную кашу, арэхі, мёд. Патроху можна пачаць есьці яблыкі. Вось так адзін тыдзень. Цягам усяго часу патрэбна выключыць алькаголь, мяса і розную выпечку зь цеста. Абавязкова патрэбна кожны дзень праходзіць дзесяць кілямэтраў. Вось такая сыстэма. Калі ў страўніка ёсьць праблемы, а некаторыя галадоўнікі няправільна выходзілі, цяпер маюць праблемы, трэба аднаўляць флёру страўніка”.

Сяргей Скрабец страціў за час 18-дзённай галадоўкі 14 кіляграмаў і за час выхаду з галадоўкі пакуль не набраў ніводнага кіляграму.

(Скрабец: ) “Але я ў басэйне плаваю цяпер кожны дзень. Першыя пяць дзён ня мог плаваць, галава кружылася, а цяпер плаваю адзін кілямэтар”.

Дэпутаты-галадоўнікі ходзяць на паседжаньні Палаты прадстаўнікоў, а таму вымушаныя харчавацца ў буфэце: учора Валеры Фралоў замовіў толькі халаднік і стараецца вытрымліваць сыстэму. Першыя дні пасьля галадоўкі Скрабец насіў з сабой на працу разбаўленыя сьвежавыціснутыя сокі.

Сябра АГП Марына Багдановіч за час галадоўкі страціла дзесяць кіляграмаў вагі й пакуль вярнула толькі адзін. Спадарыня Марына таксама не ўжывае мяса, рыбы ды шакаляду.

(Багдановіч: ) “Пачала варыць лёгкія гароднінныя супчыкі й толькі цяпер пачала дадаваць соль. А дагэтуль былі толькі сырыя салаты, адварная гародніна і сокі. Пачала піць вітаміны “Комплекс”, проста не хапае энэргіі, стала хутка стамляцца, цяжка. Ціску ня мераю, таблеткі сардэчныя прымаю, каб аднавіць сардэчны рытм, які ў мяне там зьбіўся, але да дактароў пакуль вырашыла не хадзіць”.

Актывіст АГП з Горадні Юры Істомін за час галадоўкі схуднеў на дзевяць кіляграмаў, распавёў спадарыні Марыне, як пячы катлеты з прарошчанага зерня. А як справы ў Генадзя Ананьева з Воршы?

(Ананьеў: ) “Наагул, есьці вельмі хочацца, таму я сыстэмы, якую плянавалі, — выходзіць дзён дзесяць альбо два тыдні, я яе ня вельмі трымаюся, я паскараю працэс. Я практычна ўжо ўсё ем, толькі вось мяса я баюся, бо ў дарогу зьбіраюся, а прыеду — буду ўсё есьці”.

За час галадоўкі спадар Генадзь скінуў 9 кіляграмаў.

(Ананьеў: ) “Калі я скончыў галадоўку, у мяне нагавіцы як спадалі, так і спадаюць цяпер”.

Пасьля галадоўкі ў віцебскі офіс АГП прыйшоў ліст аб скасаваньні дамовы на арэнду памяшканьня.

(Ананьеў: ) “Без усялякіх тлумачэньняў нам далі тэрмін да 10 чэрвеня, каб мы высяляліся. Мы плацілі ім у час, таму ніякіх падставаў няма. Я думаю, што гэта помста за галадоўку”.

Дарэчы, дагэтуль міліцыя ў Менску не вярнула восем намётаў і чатыры спальнікі, якія былі адабраныя ва ўдзельнікаў галадоўкі пратэсту.

Сябра АГП Уладзімер Чырвоненка з Горадні, які мае мэдычную адукацыю, за час галадоўкі згубіў трынаццаць кіляграмаў. Па сваёй сыстэме ён выйшаў з галадоўкі за пяць дзён:

(Чырвоненка: ) “Самымі актыўнымі тэмпамі выходжу, мяса ем, гарэлку п’ю. Зьбіраемся ехаць на Белае мора, з нашай групай АГП робім такую вандроўку па старажытных мясьцінах, прысьвечаную ўсім загінулым воінам, чые косьці ляжаць у беларускай зямлі”.

Доктар Дзьмітры Міхнюк, які сачыў за здароўем галадоўнікаў падчас палітычнай галадоўкі і цяпер цікавіцца выхадам зь яе, цьвердзіць:

(Міхнюк: ) “Усё ідзе як трэба. Я ім тэлефанаваў, як у іх справы, усё ідзе добра, нічога там кепскага няма. Ужо можна казаць, што яны выйшлі з гэтага стану”.
XS
SM
MD
LG