Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выява “Пагоні” на гістарычным гербе Віцебскай вобласьці не задавальняе чыноўнікаў з аблвыканкаму


Браніслава Станкевіч, Віцебск Таму аблвыканкам абвясьціў конкурс на стварэньне новага гербу. Прычым веданьне законаў геральдыкі зусім ня ёсьць абавязковым для канкурсантаў: да ўдзелу ў конкурсе запрошаны ўсе ахвотныя, незалежна ад узросту, прафесіі й адукацыі. Ацэньваць прапанаваныя варыянты таксама будуць не мастакі і не гісторыкі, а штатныя супрацоўнікі аблвыканкаму.

Усім вядома, што старажытныя гербы ёсьць каштоўным гістарычным скарбам. Але ў віцебскім аблвыканкаме вырашылі, што ранейшы герб не адпавядае цяперашнім ідэалягічным патрабаваньням, бо і на гербе Віцебскага ваяводзтва 1500 году, і на зацьверджаным ў 1865 годзе гербе Віцебскай губэрні, які дагэтуль лічыцца геральдычным сымбалем вобласьці, зьмешчаная выява Пагоні. Таму загадчык адзьдзелу інфармацыі аблвыканкаму Міхаіл Кузьміч і прапанаваў правесьці конкурс на новы герб.

Праўда, як мусіць выглядаць гэты новы геральдычны сымбаль, ніхто ня ведае. Дый сама ідэя ягонага стварэньня шмат у каго выклікае сумневы, прычым нават у тым самым віцебскім аблвыканкаме – да прыкладу, у супрацоўніцы ўправы аховы помнікаў гісторыі ды культуры Ніны Сулецкай.

(Сулецкая: ) “Геральдыка – гэта ж навука. Навука! І традыцыі – гэта вялікая рэч! Тое, на што трэба абапірацца , што надае людзям моцы! Але Кузьміч разьюшыўся: “Што вы, акрамя Пагоні, нічога ня бачыце? Няхай будзе конкурс!”

(Карэспандэнтка: ) А да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе ахвотныя?

(Сулецкая: ) “Так! Вось вы намалюеце карцінку, спадабаецца яна – і будзе новы герб! Вось такое стаўленьне і да геральдыкі, і да традыцыяў!”

Дарэчы, спадарыня Сулецкая заўважыла, што “гербатворчасьць” зрабілася на Віцебшчыне своеасабліваю модай: за два апошнія гады былі зацьверджаныя 28 гербаў і 12 сьцягоў дзеля розных населеных пунктаў вобласьці – гэта найбольшая колькасьць у параўнаньні зь іншымі вобласьцямі Беларусі. А калі ўлічыць ужо прапанаваныя да разгляду, але пакуль што не зацьверджаныя дзяржаўнай Геральдычнай камісіяй сымбалі, то атрымаецца яшчэ болей.

Праўда, выпадак з гербам Віцебшчыны беспрэцэдэнтны, бо іншыя геральдычныя сымбалі не перарабляліся са старых на новыя згодна зь ідэалягічнымі меркаваньнямі чыноўнікаў. Ёсьць, праўда, спаміж іх некалькі абсалютна новых гербаў – але створаных для тых населеных пунктаў, якія ранейшых, гістарычных гербаў ня мелі. Да прыкладу, Навалукамаль – гэтаму гораду ўсяго 40 год, і герб для яго прыдумалі новы, з сымбалічнымі выявамі рыбак ды славутага Лукомскага возера.

Што да новага гербу Віцебшчыны, то творы на абвешчаны конкурс трэба прадставіць да 15-га жніўня. Іх будзе ацэньваць адмысловая камісія супрацоўнікаў аблвыканкаму. Туды ўваходзяць, да прыкладу, загадчык управы культуры спадар Пашынскі, а таксама начальнік архіўнага адзьдзелу Міхаіл Пішчулёнак – ён, дарэчы, адзін з прыхільнікаў таго, каб выява Пагоні на гербе Віцебшчыны засталася нязьменнаю. Але ня выключана, што “ідэялягічныя” меркаваньні ўсё ж возьмуць верх над навуковымі. А пераможца-наватар атрымае грашовую прэмію – 25 базавых велічыняў, гэта каля паўмільёна беларускіх рублёў.

І яшчэ адна цікавая падрабязнасьць наконт грошай: пакуль што невядома, як у гэтым выпадку будуць абароненыя аўтарскія правы, бо выяву новага герба, вядома ж, будуць выкарыстоўваць і ў рэклямных, і, ня выключана, у камэрцыйных мэтах. Прыкладам, аршанскі гарвыканкам ужо зацьвердзіў адмысловы падатак на выкарыстаньне мясцовае сымболікі – герба ды сьцяга. Так што для чыноўнікаў цяперашняя “гербатворчасьць” – справа ня толькі ідэалягічна важная, але й прыбытковая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG