Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарскія банкі адмаўляюцца ад 300-гадовай традыцыі захаваньня ананімнасьці сваіх кліентаў


Юлія Шарова, Менск Ад сёньняшняга дня Швайцарыя пераходзіць на новыя правілы міжнародных пераводаў: цяпер у кожным плацяжы павінны дакладна падавацца зьвесткі пра асобу, якая пераводзіць грошы. Такім чынам, заканчваецца 300-гадовая традыцыя швайцарскіх банкаў плаціць грошы “ад імя аднаго з нашых кліентаў”.

Раней у швайцарскіх банках існавала традыцыя нумарных рахункаў – яны дазвалялі падаваць замест гаспадара рахунка нумар, а часам папросту ўзгоднены з банкам літаравы ідэнтыфікатар. Выпіскі з такіх рахункаў ня мелі інфармацыі пра ўладальнікаў, таму дазвалялі цалкам канфідэнцыйна захоўваць і пераводзіць грошы. Швайцарскія банкі былі гатовыя ананімна перавесьці на рахунак у іншую краіну любую суму грошай, а вось банкі Злучаных Штатаў ды краінаў Эўропы патрабавалі пазначаць, хто праводзіць празь іх плацёж. Правілы міжбанкаўскай сыстэмы S.W.I.F.T ужо колькі год запар патрабуюць падаваць імя адпраўніка й атрымальніка пераводу. Але Швайцарыя доўгі час гэтыя правілы ігнаравала.

Пераход да новых правілаў цалкам адпавядае ўсясьветнай тэндэнцыі, лічыць эканаміст Леанід Заіка. На ягоную думку, Швайцарыя пачынае “засьвечваць” сваіх кліентаў таму, што яе да гэтага доўгі час схілялі краіны, якія змагаюцца з тэрарызмам. Да таго ж Швайцарыя ўваходзіла ў сьпіс краінаў, дзе адмываліся грошы. Дзеля паляпшэньня сваёй рэпутацыі яна павінна была зрабіць уласную банкаўскую сыстэму больш празрыстай.

Несумнеўна, сярод беларусаў таксама ёсьць тыя, хто карыстацца паслугамі швайцарскіх банкаў. Але наўрад-ці ў хуткім часе шырокая грамадзкасьць даведаецца пра існаваньне раней невядомых даляравых мільянэраў. Са словаў Леаніда Заікі, некаторыя беларускія грамадзяне сапраўды маюць рахункі ў банках Швайцарыі, але гэта не такія ўжо вялікія грошы. Да таго ж знойдзецца нямала спосабаў гэтыя сродкі не паказваць ды пазьбягаць праблемаў з падатковымі органамі.

(Заіка: ) “Я ня думаю, што тут давядзецца палохацца ды прыдумляць нейкія схемы, як гэтыя грошы пералічыць. Можна папросту браць ды здымаць іх, у Швайцарыю езьдзіць. А потым, апрача швайцарскіх банкаў ёсьць цудоўныя банкі ў Латвіі, якія вельмі добра працуюць, і празь якія можна любыя грошы праводзіць. Таму трагедыі ня будзе”.

А вось “Нацыянальная эканамічная газэта” пісала з гэтай нагоды, што ў “заможных, але сарамлівых людзей” застаецца нямала спосабаў застацца ананімнымі. Гэтак, можна захоўваць свае ашчаджэньні ня ў выглядзе асабістых, але карпаратыўных грошай, адкрыўшы рахунак фірмы, зарэгістраванай на падстаўную асобу. У сьвеце таксама засталося нямала афшораў, траставых ды пасярэдніцкіх кампаніяў, нагадвае газэта.

Варта таксама нагадаць, што беларускае заканадаўства не дазваляе мець рахунак за мяжой без дазволу Нацбанка. За такое парушэньне можна заплаціць немалы штраф ці нават пазбавіцца волі на два гады.
XS
SM
MD
LG