Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да 60-годзьдзя паваеннай беларускай эміграцыі – пра 1944 год успамінаюць Алена Міхалюк, Янка Запруднік, Івонка Сурвіла


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”.

Беларусь рыхтуецца на пачатку ліпеня з вялікімі ўрачыстасьцямі адзначыць 60–годзьдзе вызваленьня ад гітлераўцаў. Падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ўлетку 1944 году, выклікалі новую хвалю эміграцыі на Захад.

Сёньня да ўдзелу ў перадачы “Беларускае замежжа” мы запрасілі беларускіх эмігрантаў, якія 60 гадоў таму яшчэ зусім маладымі пакінулі Бацькаўшчыну.

Мая першая суразмоўца – Алена Міхалюк – старшыня Згуртаваньня беларусаў у Вялікай Брытаніі. Яна выехала на Захад 14-гадовай дзяўчынкаю разам з маці. Жылі некалькі гадоў ў лягерах дэпартаваных асобаў у Нямеччыне, а потым пераехалі ў ангельскі горад Брэдфард.

(Міхалюк: ) “Ня верыцца мне, што ўжо мінае 60 гадоў з той пары, як мы пакінулі сваіх родных, свой дом, а самае галоўнае – сваю Бацькаўшчыну – Беларусь.

Агулам кажучы – мэта выезду зь Беларусі была ў тым, што ў той ваенны час Беларусь пераходзіла ад аднаго акупанта да другога. Таму шмат людзей кінулася на Захад, як найдалей ад камуністычнага тэрору, ад турмаў, ад перасьледу, нахабнага вывазу нявінных людзей на прымусовыя працы ў Сыбір.

Выехалі ў сьвет, нам невядомы, шмат чаго нам давялося перажыць.

Зараз будуць сьвяткаваць 60 гадоў вызваленьня.

Гэта сьвята вызваленьня Беларусі я ня ведаю, як яны маглі яго нават устанавіць – гэта ж, фактычна, пераход ад адной акупацыі да другой. Гэта ніякае не вызваленьне, Беларусь не вызвалілася ад камуністычнага тэрору. За гэтыя пасьляваенныя гады яна страціла сваю мову, страціла ўсё найбольш дарагое. Цяпер нават сьмяюцца са сваёй роднай мовы. Гэта было таксама вызваленьне Беларусі ад беларускасьці, а ня толькі ад немцаў.

Калі мы пакідалі Беларусь, у той час усе гаварылі па-беларуску. Я з Заходняй Беларусі, Шаркаўшчынскі раён. Я нідзе не чула тады, каб нехта гаварыў па-расейску.

У Беларусі я была ўпершыню пасьля ад''езду ў 1992 годзе. Жахліва было, што я не пачула нідзе беларускага слова. Як бы прыехала зусім у чужую краіну.

Уся эміграцыя ці ў Ангельшчыне, ці па ўсім заходнім сьвеце захавала сваю мову, свае традыцыі”.

Паваенная эміграцыя ня толькі захавала на чужыне сваю мову, але і запачаткавала арганізаваную беларускую прысутнасьць у заходнім сьвеце.

(Міхалюк: ) “Беларускае жыцьцё ў Ангельшчыне запачаткавала пасьляваенная эміграцыя. Да гэтага часу, фактычна, не было нічога. Арганізацыйнае жыцьцё разьвівалася хуткімі тэмпамі. Пачалі выдаваць часапісы, камунікаты. Кожны год адзначалі нацыянальныя і рэлігійныя сьвяты – 25 Сакавіка, Слуцкае паўстаньне. І хаця мы былі далёка ад сваёй Бацькаўшчыны, але мы тут збудавалі сваю Беларусь і паклалі ўсе сілы, каб рэпрэзэнтаваць Беларусь на Захадзе.

Беларусы на эміграцыі зрабілі шмат. Самае галоўнае – захавалі сваю мову, свае традыцыі, старажытную Пагоню і бел-чырвона-белы сьцяг, як сымбаль вольнай, незалежнай дзяржавы. Нам ёсьць чым ганарыцца, бо мы ніколі не здрадзілі сваёй Бацькаўшчыне– Беларусі, а наадварот, дзеля яе працавалі і будзем працаваць да апошніх дзён нашага жыцьця”.

Тым ня менш, паваенных эмігрантаў савецкая прапаганда называла здраднікамі.

(Міхалюк: ) “Абсалютна нельга нас назваць здраднікамі таму, што мы ўсё сваё жыцьцё адпрацавалі дзеля дабра Беларусі. Мы заўсёды былі зьвязаныя зь Беларусьсю, думалі і працавалі для яе. Мы цешымся, што мы нечага дасягнулі, што мы нешта зрабілі. Мы не пакінулі сваёй Бацькаўшчыны, не пакінулі сваёй мовы, не пакінулі сваіх традыцый. Мы ўсё гэта захавалі. Толькі фізычна пакінулі, але не духова”.

***

А вось як глядзіць на падзеі 60-гадовай даўніны вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Амэрыцы Янка Запруднік. Ён пакінуў Беларусь 17-гадовым юнаком, безь сям’і. Ягоны бацька загінуў на фронце, а маці памерла на пачатку 1980-х, не дачакаўшыся сустрэчы з сынам.

(Запруднік: ) “Для дзясяткаў тысячаў беларусаў, якія выехалі на Захад з прыходам савецкага войска, для іх гэта было таксама свайго роду вызваленьне. Вызваленьне ад бальшавізму, ад русыфікацыі, ад бядоты”.

(Сурмач: ) “Спадар Янка, але разам з тым гэта была і страта, страта ўсяго роднага, блізкага?”

(Запруднік: ) “Гэта была і страта, але гэта быў і выйгрыш. Гаворачы пра сьвята перамогі, якое будуць сьвяткаваць у Беларусі, застаецца не вызначаным само паняцьце перамогі. Гістарычныя падзеі, як і гістарычныя асобы, ацэньваюцца ў рэтраспэкцыі. Праходзіць час і, як прынята казаць, гісторыя выдае свой прысуд.

Які прысуд выносіць гісторыя савецкай перамозе? Паглядзім сёньня, як жывуць людзі ў Беларусі і людзі на Захадзе, у тым ліку і тыя пераможаныя немцы. Хто каму сёньня дапамагае, куды сёньня імкнуцца выехаць зь Беларусі? У тую ж Нямеччыну.

Сьветлай памяці Васіль Быкаў ня раз выказваўся на тэму савецкай перамогі над фашыстамі. Быкаў выдатна разумеў трагічны парадокс гэтай перамогі. Перамаглі – і засталіся зь нічым.

Пісьменьнік задумваў, але не напісаў яшчэ адну сваю можа найважнейшую аповесьць пра вайну – аповесьць пра сэнс перамогі. Аповесьць, у якой праз 60 гадоў па вайне сустракаюцца два франтавікі – беларус і немец. Я пра гэта ведаю ад Быкава непасрэдна. І вось становіцца відавочным, як камфортна жывуць сёньня пераможаныя немцы і зь якой бядотаю змагаюцца пераможцы-беларусы”.

(Сурмач: ) “Спадар Янка лічыць, што паваенная эміграцыя можа ганарыцца сваёй перамогаю”.

(Запруднік: ) “Народная показка кажа, што няма таго дрэннага, каб не выйшла на добрае. Гэта тычыцца і нашай эміграцыі.

Выехала нацыянальна сьведамая частка. Гісторыя беларускай эміграцыі паказвае, што гэтая сьведамасьць сябе выявіла ў тым, што на эміграцыі, калі людзі расьсяліліся па розных краінах, яны захавалі сваю беларускасьць, захавалі сваю існасьць, арганізаваліся, пабудавалі цэрквы, пазакладалі арганізацыі, наладзілі выдавецтва кніжак. Жылі беларускім жыцьцём, беларускім духам.

Спачатку на Захадзе давялося цяжка кожнаму з нас. Але жыцьцё паступова ўладкавалася. І сёньня мы дапамагаем суродзічам, якіх савецкая гістарыяграфія лічыць пераможцамі.

З нашага гледзішча, нашая доля можа быць таксама названая, у пэўным сэнсе, нашай перамогаю над абставінамі. Перамогаю, якая не плянавалася, якая атрымалася стыхійна, але, якая ў агульным падсумаваньні выйшла на лепшае. Мы выжылі і зрабілі нешта. Мы тут захаваліся людзьмі Бацькаўшчыны, якія гэтай Бацькаўшчынаю жывуць”.

***

Вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Бэльгіі Янка Жучка таксама апынуўся на чужыне ў 18 гадоў бяз родных, яны засталіся ў Беларусі і Янку зь імі ўжо не давялося пабачыцца. Сустрэўся толькі зь сястрою, калі ў 1993 годзе прыехаў на Першы зьезд беларусаў сьвету.

У чэрвені 1944 году перад наступленьнем Чырвонай арміі ён з разам з вучнямі Клецкай сярэдняй тэхнічнай школы мусіў рабіць складаны выбар – заставацца і чакаць расправы, за тое, што вучыліся ў дазволенай немцамі школе, ці пакідаць родныя мясьціны.

(Жучка: ) “Найлепшы выхад быў – адыходзіць на Захад. Але ж на Захадзе таксама былі саюзьнікі, Захад таксама з саветамі быў у сяброўстве. Былі дамовы, каб нас перадаваць савецкім уладам. Два ці тры гады трэба было хавацца, каб нас не злавілі і не вывезьлі ў Савецкі Саюз. Масава вывозілі зь лягераў уцекачоў”.

(Сурмач: ) “Хто-небудзь з вашых сяброў са школы застаўся, які іхны лёс?”

(Жучка: ) “Так, я зь імі сустракаўся, зь некаторымі. Яны прайшлі Гулаг і ўсё, пра што я думаў ў той час.

Я ў Нямеччыну паехаў. Скончыў там у лягеры Беларускую гімназію. Пасьля выехаў у Ангельшчыну, у капальнях працаваў. Там мы працавалі два з паловаю гады і дабіліся стыпэндыі ў Лювэнскі ўнівэрсытэт. У 1950-м годзе мы пераехалі ў Бэльгію.

Беларуская эміграцыя ў Бэльгію пачалася пасьля вайны. У 1947 годзе ў Нямеччыне перасталі існаваць лягеры ўцекачоў і кожная краіна на Захадзе ўзяла нейкую частку гэтых эмігрантаў. Бэльгія пагадзілася прыняць пэўную колькасьць людзей для працы ў вугальных капальнях.

Калі мы прыехалі ў Бэльгію, то ўжо там была цэлая арганізацыя – Саюз беларусаў Бэльгіі. Мы адразу далучыліся.

60-я ўгодкі сёньня для мяне як бы ў сьне. Ніколі не забуду гэтых дзён, апошніх дзён на Бацькаўшчыне”.

***

Сярод уцекачоў, якія пакідалі Радзіму ў чэрвені 1944 году была і сёньняшняя старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

(Сурвіла: ) “Мой бацька Ўладзімер Шыманец быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў ссылкі ў Сыбір за тое, што адмовіўся даносіць на людзей, зь якімі працаваў. Ён выратаваўся цудам разам зь іншымі вязьнямі Баранавіцкай турмы таму, што калі пачалася вайна, бальшавікі, уцякаючы, не пасьпелі іх расстраляць. Безумоўна, ані мой бацька, ані іншыя тыя людзі, што сядзелі ў турме, не зьбіраліся папасьці ў няволю яшчэ раз.

Пакідаючы Бацькаўшчыну ў надзвычай цяжкіх умовах, адзінае, што мы везьлі з сабою – гэта нашу беларускасьць, нашу бясконцую любоў да страчанай краіны. Безумоўна, і добрыя веды пра нашую мову, гісторыю. Гэта было нашым падарожным скарбам і падмуркам для ўсяго, што беларуская дыяспара асягнула на чужыне за 60 гадоў.

Ад таго моманту, калі ўцекачы апынуліся на Захадзе, яны пачалі арганізоўваць беларускае жыцьцё.

Мы лічылі найважнейшым заданьнем – стацца голасам у сьвеце паняволенага беларускага народу, змагацца за волю Беларусі. Газэты дыяспары называліся – "Бацькаўшчына", "За волю", "Беларускі голас", "Беларус".

Галоўнае, гэта было расказаць сьвету пра Беларусь, пра тое, што яна жыве. Нялёгка гэта было. Праз увесь гэты час савецкая прапаганда старалася даказаць сьвету, што наш край бедны, што мова наша – дыялект расейскай, што мы існуём толькі дзякуючы добрай волі Масквы.

Бралі ўдзел у навуковых канфэрэнцыях, у дэманстрацыях, у выстаўках, у канцэртах, у фэстывалях, выдавалі кнігі. Як маглі, інфармавалі сьвет пра існаваньне Беларусі, пра беларускі народ, яго мову, культуру, гісторыю, пра яго жаданьне быць вольным і незалежным. Рабілі ўсё гэта пад знакам Пагоні і бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Вялікую ролю ў жыцьці беларускай паваеннай эміграцыі адыграла Рада БНР і яе старшыня Мікола Абрамчык. Ён быў паважаным сярод сваіх і чужых. Дзякуючы яго стараньням пачаліся беларускія перадачы на Радыё Свабода і ў Мадрыдзе. Ён заклаў разам з прадстаўнікамі іншых паняволеных народаў Парыскі блёк і быў абраны старшынёю гэтага супольнага фронту змаганьня за вызваленьне народаў паняволеных Савецкім Саюзам.

На жаль, калі іншыя краіны былога СССР даўно ўжо дасягнулі свае мэты, мы мусім змагацца за волю. І будзем гэта рабіць, пакуль будуць сілы”.

Паваенная эміграцыя была палітычнай эміграцыяй па сваёй сутнасьці. Гэтая хваля эміграцыі аднавіла дзейнасьць Рады БНР, якая працягваецца і да сёньня.

***

Беларускія эмігранты на Захадзе выявілі сваю актыўнасьць пад час “халоднай вайны”, прынялі ўдзел у антыкамуністычным руху, пашыралі ў сьвеце інфармацыю пра паднявольнае становішчы Беларусі і тым самым падтрымлівалі Бацькаўшчыну звонку. Менавіта яны даказалі заходняму сьвету, што Беларусь – гэта ня частка Расеі, а самастойная нацыя. Вось як ацэньвае ролю і гістарычную значнасьць для Беларусі дзейнасьці паваеннай хвалі эміграцыі сп. Зянон Пазьняк

(Пазьняк: ) “Савецкая акупацыя і вяртаньне бальшавікоў у 1944 годзе падавалася савецкай прапагандаю як вызваленьне ад нямецкіх захопнікаў. Вядома, так яно і было. Толькі на мейсца нямецкіх захопнікаў вярнуліся расейскія, і ўсё ізноў пачалося, як перад вайною.

Тысячы беларусаў, якія ў часы нямецкай акупацыі змагаліся за Беларусь адначасна супраць бальшавікоў і супраць нямецкіх фашыстаў, вымушаныя былі пакінуць Беларусь перад наступаючай Чырвонай арміяй.

Беларускія вайскавікі, грамадзкія, культурныя і рэлігійныя дзеячы склалі аснову беларускай палітычнай эміграцыі на Захадзе. Гэта была палітычная эліта нацыі. Гэта людзі, якія разумелі свае дзеяньні, як дзеяньні, якія ўплываюць на лёс усяго народу. Яны не адрывалі свой лёс ад лёсу Бацькаўшчыны. Гэта людзі, якія ведалі, што Беларусь – гэта сьвятое і змагаліся за гэта цэлае жыцьцё.

Трэба сказаць, што гэтая эміграцыя сыграла вялікую гістарычную ролю ў змаганьні за волю і незалежнасьць Беларусі. Па-першае, яна зьберагла ідэалы 25 Сакавіка і вялікую беларускую ідэю, захавала беларускія сымбалі і сьвятыя каштоўнасьці нацыі – сьцяг, герб, гімн.

Па-другое, сьведамыя беларусы за мяжою стварылі беларускія грамадзкія, культурніцкія, рэлігійныя і палітычныя арганізацыі. Па-трэцяе, беларусы за мяжою ўключыліся ў міжнароднае змаганьне вольнага сьвету супраць камунізму і расейскага бальшавізму, прынялі ўдзел у "халоднай вайне", якая скончылася перамогаю над Савецкім Саюзам. Чацьвертае, вельмі істотнае, беларускія дзеячы, інтэлектуалы на Захадзе стварылі тут моцную дасьледчыцкую і мастацкую літаратуру, стварылі беларускае кнігавыдавецтва і друк, заклалі грунт беларускага асьветніцтва.

Усё гэта ўпісалася ў кантэкст беларускага змаганьня і беларускага палітычнага адраджэньня ў 1980-90 гадах. Усё гэта дапамагло вяртаньню нашай дзяржаўнай незалежнасьці.

Заслугі беларускай паваеннай эміграцыі перад Бацькаўшчынаю вялікія і безумоўныя.

Лёс беларускай свабоды, як вядома, вырашаўся ў Беларусі сіламі ўжо новага пасьляваеннага пакаленьня. Але, палітычнае "заплечча", ідэйны грунт нашай незалежнасьці зьбераглі беларусы на Захадзе. У гэтым выявілася сіла і адзінства беларускай нацыі. І калі гэтая сіла і адзінства будуць цяпер, то ў нас будзе сьветлая будучыня”.

***

Паваеннае пакаленьне эміграцыі паступова адыходзіць у гісторыю, пакідаючы новай палітычнай эміграцыі зь Беларусі сваю спадчыну. Ці здолее гэта новае пакаленьне захаваць атрыманы скарб, ці дадасьць да яго ўласныя набыткі? На гэтыя пытаньні дасьць адказ будучыня.

А сёньня можам сказаць, што бальшыня рупліўцаў зь беларускага замежжа так і не дачакалася ўдзячнасьці за ахвярную працу на чужыне дзеля Бацькаўшчыны.

Янка Запруднік лічыць, што на самой Бацькаўшчыне так і не адбылося асэнсаваньня і ўшанаваньня зробленага заходняй эміграцыяй дзеля беларускай справы.

(Запруднік: ) “Не адбылося. Спробы былі напачатку 1990-х гадоў. А сёньня зацята замоўчваецца, мала таго, зьнеслаўляецца ў тым самым духу, у якім гэта рабілася ў часы "халоднай вайны". Беларуская дзяржава цяпер у палоне старой ідэалёгіі. Гісторыя беларускай эміграцыі яшчэ не напісаная. Раней ці пазьней ацэнкі беларускай эміграцыі будуць дадзеныя шырэйшыя і справядлівейшыя”.
XS
SM
MD
LG