Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці “аўганца” з Гомелю просіць дапамогі ў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна


Казімер Яноўскі, Гомель Гамельчанка Марыя Быстранкова, маці памерлага ўдзельніка вайны ў Аўганістагне капітана Быстранкова, патрабуе ад прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна бясплатнай санаторнай пуцёўкі на аздараўленьне.

Марыя Быстранкова гадавала сына Віктара адна. І вось ужо пайшоў пяты год, як яе сын памёр. Падчас вайны ў Аўганістане Віктар, афіцэр Савецкай Арміі, атрымаў раненьне. Вайскова-ўрачэбная камісіі міністэрства абароны Беларусі ўстанавіла, што сьмерць зьвязана, як сказана, “з выкананьнем абавязкаў вайсковай службы”.

Доўгі час Марыя Быстранкова дамагалася статусу чальца сям`і, загіблага вайскоўца. Гэта давала пэўныя льготы, у тым ліку і на бясплатнае аздараўленьне. Аднак адпаведнага пасьведчаньня маці ўдзельніка баёў у Аўганістане не атрымала.

(Быстранкова: ) “Сын у мяне быў інвалідам. Ён у мяне адзіны. Па віне дзяржавы я страціла сына. Я маю прамое права атрымаць пасьведчаньне на льготы”.

Аднак паводле беларускага заканадаўства мацяркі, чые сыны, будучы ў запасе, памерлі з прычыны былых раненьняў, не прызнаюцца сям`ёй загіблых. Марыі Быстранковай прызначылі толькі пэнсію з прычыны страты кармільца.

Сытуацыю камэнтуе начальнік аддзелу пэнсійнага і сацыяльнага забесьпячэньня абласнога ваенкамату Мікалай Галубкоў.

(Галубкоў: ) “О, калі б яна атрымала пасьведчаньне сям`і загіблага! Там вельмі вялікая розьніца ў ільготах. Там ёсьць і бясплатныя пуцёўкі на аздараўленьне. А Быстранковай трэба плаціць палову кошту за санаторную пуцёўку. Дапамагчы матэрыяльна ваенкамат цяпер ёй ня можа. Нам выдзелілі зь міністэрства абароны паўтара мільёна рублёў на 10 з паловаю тысяч вайсковых пэнсіянэраў. Гэта ж капейкі! Іх запатрабавалі раздаць па 15-20 тысячаў рублёў толькі тым, у каго пэнсія меней за 100 тысячаў. Такіх ў рэгіёне дзьве з паловай тысячы чалавек. Я б наагул такім, як Быстранкова, даваў пасьведчаньне сям`і загіблых. Канечне, яны пакрыўджаны. Маці ёсьць маці”.

Апошнім часам здароўе і ў самой Марыі Быстранковай пагоршылася. Прызначанай падвышанай пэнсіі нават на палову аплаты санаторнай пуцёўкі бракуе.

Міжнародная Асацыяцыя абароны правоў чалавека “Human Rights Watch”, куды зьвярталася па дапамогу Марыя Быстранкова, паведаміла ёй што, паколькі яе сын быў афіцэрам Савецкай Арміі, то зварот асацыяцыя накіравала прэзыдэнту Расейскай Фэдэрацыі Пуціну – кіраўніку дзяржавы, якая зьяўляецца правапераемніцай былога Савецкага Саюзу і абавязалася за ўсё несьці адказнасьць.

Марыя Быстранкова паведаміла, што калі крыху адчуе сябе лепей, то сама зьбіраецца зьезьдзіць да Пуціна:

(Быстранкова: ) “Калі б здароўе крыху пакрапчала, я паехала б на перадачу “Жди меня” і да Пуціна. Можа, яны паспрыялі б, каб мне выдалі пасьведчаньне і каб адносіліся з павагай да маці. Да мяне ніхто дзьвярэй не адчыняе – ні аўганскі рух, ні хто іншы. (Плача) Нават у лячэньні мне адмовілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG