Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя лідэры вітаюць перадачу сувэрэнітэту Іраку


Ганна Соусь, Прага Заходнія лідэры камэнтуюць датэрміновую перадачу ўлады ад амэрыканска-брытанскай адміністрацыі ірацкаму ўраду. Многія зь іх адзначаюць, што гэта ёсьць толькі першым крокам на доўгім шляху да дэмакратыі й свабоды, які трэба прайсьці Іраку.

У першыя дні новы пераходны ўрад Іраку атрымлівае пажаданьні посьпеху з усяго сьвету. Найбольш тыповай ёсьць заява францускага прэзыдэнта Жака Шырака, якую ён зрабіў учора ў часе саміту НАТО ў Стамбуле.

(Шырак: ) “Мы хочам пажадаць ірацкаму часоваму ўраду посьпеху і запэўніць яго, што мы будзе падтрымліваць эканамічнае і палітычнае аднаўленьне Іраку, і, канечне, пажадаць ірацкаму народу неадкладна і ўпэўнена ўзяць у свае рукі лёс сваёй краіны”.

Паводле францускага прэзыдэнта, стварэньне сувэрэннага ірацкага ўраду ёсьць недастатковай умовай для заканчэньня крызысу ў Іраку і выкліканага ім глыбокага міжнароднага падзелу.

(Шырак: ) “Перадача ўлады ў Іраку, на наш погляд, неабходная ўмова. На жаль, недастатковая, але неабходная для ўсталяваньня міру, стабільнасьці, дэмакратыі і разьвіцьця ў краіне.”

У гэткім жа тоне ацэньвае перадачу сувэрэнітэту і Нямеччына. Паводле канцлера Герхарда Шрэдэра, Вашынгтон пайшоў на такі крок, выконваючы абавязацельствы ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй Рады Бясьпекі ААН па Іраку.

(Шрэдэр: ) “У цэлым, мы ацэньваем гэта станоўча. Мы хацелі бы, каб сувэрэнітэт Іраку быў адноўлены як мага хутчэй. У адпаведнасьці з рашэньнем ААН, мы настойвалі, каб гэта адбылося не пазьней за 30 чэрвеня. І канечне, мы вітаем датэрміновую перадачу ўлады”.

І Францыя і Нямеччына крытычна ставіліся да палітыкі Вашынгтону ў Іраку.

Бэрлін і Парыж папярэдне выступалі супраць таго, што ЗША былі дзейнічалі практычна ў аднабаковым парадку, праводзячы вайсковую апэрацыі й акупацыю Іраку.

Увесь мінулы год яны дамагаліся таго, каб палітычнае разьвіцьцё Іраку адбывалася пад кіраўніцтвам ААН. І іх меркаваньні знайшлі адлюстраваньне ў афіцыйнай рэакцыі Эўразьвязу на перадачу сувэрэнітэту. Яна гучыць наступным чынам: “Перадача ўлады часоваму ўраду сталася толькі першым крокам у значна больш доўгім працэсе. Трэба будзе пераадолець шмат выклікаў, перш чым Ірак зможа назваць сябе сапраўды свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай”.

Аднак эўрапейскія дзяржавы, якія маюць ў Іраку войскі ў складзе сілаў кааліцыі на чале з ЗША, павіталі ўчорашнюю перадачу ўлады.

Польшча, Італія і Данія сярод іншых нядаўна галасавалі за тое, каб пашырыць шматнацыянальныя сілы ў Іраку. Самы блізкі саюзьнік Вашынгтона ў Эўропе Вялікая Брытанія заявіла, што перадача ўлады будзе адпраўным пунктам, зь якога пачнуць вырашацца міжнародныя рознагалосьсі што да Іраку.

Брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр сказаў рэпартэрам у часе саміту НАТО ў Стамбуле, што яшчэ нельга казаць пра тое, што гэтыя супярэчнасьці зьніклі. Аднак ён назваў важным крокам той факт, што ў рэзалюцыі ААН падтрыманы новы ірацкі ўрад, і што сілы НАТО пагадзіліся навучаць ірацкія сілы бясьпекі.

На Блізкім Усходзе рэакцыя на перадачу сувэрэнітэту была пазытыўнай, аднак часта абумоўленай. Большасьць суседніх з Іракам краінаў уключна з амэрыканскімі саюзьнікамі Ярданіяй, Кувэйтам, Саудаўскай Арабіяй і Турэччынай павіталі перадачу ўладных паўнамоцтваў. Аднак Іран і Сірыя, даўнія праціўнікі Вашынгтону, заявілі, што для іх нічога ў Іраку не зьменіцца, пакуль амэрыканскія войскі канчаткова не пакінуць гэтую краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG