Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Уладзімер Навасяд спрабуе дэмакратызаваць выбарчы працэс альтэрнатыўным мэтадам


Уладзімер Глод, Менск Адрозна ад дэпутацкай групы “Рэспубліка”, якая, нягледзячы на ўсе свае намаганьні, так і ня здолела палепшыць выбарчага працэсу празь зьмены Выбарчага кодэксу, спадар Навасяд хоча дасягнуць той жа мэты праз дадатковае тлумачэньне некаторых артыкулаў дзейнага Выбарчага кодэксу. Такое права мае Цэнтарвыбаркам Беларусі. Таму дэпутат і падрыхтаваў зварот да старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. 29 чэрвеня 74 сябры Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі за тое, каб накіраваць запыт свайго калегі да старшыні Цэнтарвыбаркаму.

Дэпутат Уладзімер Навасяд перакананы: калі Цэнтарвыбаркам дасьць свае афіцыйныя тлумачэньні да асобных артыкулаў Выбарчага кодэксу, шмат праблемаў можна будзе зьняць. Напрыклад, да сёньняшняга дня дэтальна не прапісаныя правілы, паводле якіх фармуюцца выбарчыя камісіі. І гэта дае магчымасьці мясцовым уладам (фармальна без парушэньня заканадаўства) не дапускаць у камісіі прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі:

(Навасяд: ) “Калі суб’екты палітыкі будуць мець тлумачэньні Цэнтарвыбаркаму пра тое, якія крытэры ўжываюцца пры фармаваньні гэтых камісіяў, то тады ў іх будзе юрыдычная аснова для вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камісіі. Калі такіх крытэраў няма, то, напрыклад, нейкі мясцовы кіраўнік, які сам мажны, можа вырашыць, што ўсе сябры камісіі мусяць быць мажнымі”.

Спадар Навасяд просіць унесьці адпаведныя тлумачэньні і па іншых этапах выбарчага працэсу — напрыклад, дакладна прапісанага кантролю за захаваньнем скрынак для бюлетэняў, асабліва, падчас датэрміновага галасаваньня.

Дэпутаты, якія зусім нядаўна дружна адкінуллі прапановы групы “Рэспубліка”, гэтым разам так сама дружна (супраць усяго 7) падтрымалі запыт калегі. З пытаньнем — чым гэта можна патлумачыць, я зьвярнуўся да Ўладзімера Парфяновіча:

(Парфяновіч: ) “Гэта можна патлумачыць адным: заля ня вельмі добра зразумела, што яна зрабіла. І другое: мы, група “Рэспубліка” прапаноўвалі зьмяненьні, а тут размова ідзе толькі пра практыку, якую праводзіць Цэнтарвыбаркам”.

Як падалося, дэпутаты стомленыя, а зварот Уладзімера Навасяда быў апошнім на парадку дня сёньняшняга паседжаньня, — і яны проста перакінулі справу ў Цэнтарвыбаркам. Пра што і сказаў дэпутат Віктар Кучынскі:

(Кучынскі: ) “Я думаю, што калі нешта будзе ня так, то нам Цэнтарвыбаркам адкажа, што мы нешта ня тое зрабілі. Гэта нармальная зьява. Ніхто ня будзе выходзіць за межы паўнамоцтваў і канстытуцыйных нормаў”.

Што тычыцца меркаваньня на гэты конт старшыні Цэнтарвыбаркаму, то Лідзія Ярмошына ў размове са мною спаслалася на тое, што яна пакуль не атрымала тэксту звароту з Палаты прадстаўнікоў і таму ня можа камэнтаваць тое, чаго яна ня бачыла на ўласныя вочы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG