Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на цяжарнасьць Аксану Новікаву могуць адправіць на “хімію”


Любоў Лунёва, Менск Прысуд Аксане Новікавай уступіў у законную сілу — цяжарную жанчыну могуць адправіць на “хімію” адбываць пакараньне за паклёп на прэзыдэнта. Аксана будзе абскарджваць дзеяньні Кастрычніцкага суду Менску.

Аксана Новікава прынесла ў суд скаргу на судовае рашэньне, але ўзяць яе адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што прысуд — два з паловай году абмежаваньня волі за паклёп на прэзыдэнта — зь сёньняшняга дня ўступіў у законную сілу.

5 красавіка Аксану Новікаву затрымалі на чыгуначным вакзале за распаўсюд улётак, зробленых на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтара, ён парушыў. Праваахоўныя органы зьмест улётак кваліфікавалі як паклёп на прэзыдэнта. 9 чэрвеня Кастрычніцкі суд пакараў Аксану Новікаву абмежаваньнем волі на два з паловай году. Для яе гэта другі запар судовы працэс. Летась за аналягічныя ўлёткі Аксану пакаралі на два гады пазбаўленьня волі, але суд улічыў, што яна адна выхоўвае маленькую дачку і вынес прысуд з адтэрміноўкай пакараньня. Сёлета да Аксаны Новікавай ужылі амністыю, а празь месяц яе зноў затрымалі.

Аксана сьцьвярджае, што падала ў суд папярэднюю скаргу на судовае рашэньне і яе зарэгістравалі. Сёньня, калі яна прынесла канчатковую скаргу, ёй паведамілі, што, паколькі ніхто ня скардзіўся, прысуд ужо набыў законную сілу. Аксана Новікава лічыць, што суд наўмысна пайшоў на такі крок:

(Новікава: ) “18 чэрвеня я занесла ў суд Кастрычніцкага раёну папярэднюю скаргу. Цяпер мне нахабна кажуць у вочы, што я ніколі нічога не прыносіла, таму прысуд уступіў у законную сілу і я не магу яго ўжо абскардзіць. У мяне такое адчуваньне, што яны наўмысна згубілі маю скаргу, каб суд набыў законную сілу і каб я паехала адбываць пакараньне на “хімію”. Зараз я падам яшчэ адну скаргу з заявай на працяг тэрміну абскарджваньня ў зьвязку з тым, што яны згубілі сваю скаргу. Падам яшчэ і наглядную скаргу на дзеяньні Кастрычніцкага суду ў вышэйшыя інстанцыі”.

У канцылярыі Кастрычніцкага суду паведамілі, што ніякай скаргі Аксана не падавала:

(Службоўка: ) “Сёньня яна не прыходзіла і ў дзесяцідзённы тэрмін ніякіх скаргаў не падавала. Яна толькі на адзінаццаты дзень азнаёмілася з пратаколам судовага паседжаньня”.

Паводле заканадаўства цяжарную жанчыну, якая яшчэ і выхоўвае маленькае дзіця, ня могуць караць “хіміяй”. Але ў судовых дакумэнтах няма зьвестак аб цяжарнасьці Аксаны. Цяпер гарадзкі суд мусіць разгледзець наглядную скаргу — і адмяніць прысуд раённага суду, альбо зь ім пагадзіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG