Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Марыніч зьвярнуўся з адкрытым лістом да старшыні КГБ Леаніда Ерына і генпракурора Віктара Шэймана


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы амбасадар і міністар, які цяпер знаходзіцца ў ізалятары КГБ, заклікае гэтых кіраўнікоў служыць закону, а не злачынным загадам.

Міхаіл Марыніч у сваім адкрытым лісьце да Леаніда Ерына і Віктара Шэймана абвінаваціў іх у пасобніцтве дыктатуры, якая ўсталёўваецца ў Беларусі. “Вы лепш за іншых дзяржаўных чыноўнікаў ведаеце, да чаго прывяла краіну дыктатарская палітыка. Да беззаконьня, росквіту карупцыі й хабарніцтва ва ўсіх структурах улады і бізнэсу”, — піша Міхаіл Марыніч. Паводле ягонага перакананьня, у падобных умовах прэзідэнт мусіць пайсьці ў адстаўку, але ў Беларусі замест гэтага робіцца ўсё, каб незаконна працягнуць ягоныя паўнамоцтвы. Ён мяркуе, што Леанід Ерын і Віктар Шэйман баяцца выконваць закон і спыніць перасьлед тых, хто супрацьстаіць дыктатарскім памкненьням “аднаго чалавека”.

Былы міністар і амбасадар выказвае сваю вэрсію таго, зь якой прычыны ўлады перасьледуюць асабіста яго. “Уладзе не падабаецца, што я адкрыта выступаю супраць дэградацыі краіны, заклікаю адысьці ад палітычнай і эканамічнай бездані, ад галечы і самаізаляцыі, патрабую раскрыць народу праўду пра тое, чаму бязь сьледзтва і суду зьнікаюць вядомыя апанэнты ўлады”, — сьцьвярджае ў сваім лісьце Міхаіл Марыніч.

Паводле яго, каб дамагчыся зьмены курсу Аляксандра Лукашэнкі, ён дзейнічаў выключна мірнымі, канстытуцыйнымі сродкамі. “Чаму ж вы гэтак мяне баіцеся, што ўтрымліваеце за кратамі ўсялякімі, нават незаконнымі сродкамі?” — пытаецца Міхаіл Марыніч старшыню КГБ Леаніда Ерына і генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Далей Міхаіл Марыніч папярэджвае гэтых кіраўнікоў, што пакідае за сабой права распачаць галадоўку, калі яго ня выпусьцяць на волю.

Адвакат Вера Страмкоўская, якая бачылася зь Міхаілам Марынічам у ізалятары, кажа, што ён шчыры ў сваіх папярэджаньнях, і адгаворваць яго ад галадоўкі ўсё больш складана:

(Страмкоўская: ) “Мне ўдалося яго пераканаць, каб ён не сарваўся зноў на гэтую думку пра галадоўку. Заўтра ў нас экспэртыза мэдыцынская, яго вязуць на экспэртызу, і таму ён пагадзіўся. Сказаў, добра, я гэта ўсё спыню. Але я баюся, каб пасьля ён не пачаў”.

Міхаіл Марыніч утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ больш за два месяцы, з 26 красавіка. Былому міністру і амбасадару выставілі абвінавачаньне ў незаконных дзеяньнях са зброяй; між тым, шмат хто ў Беларусі лічыць, што Міхаіла Марыніча ізалявалі як патэнцынага лідэра беларускай апазыцыі напярэдадні дзесяцігодзьдзя прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі і восеньскіх парлямэнцкіх выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG