Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску завершыла працу камісія Эўразьвязу


Галіна Абакунчык, Менск У Менску завершыла працу камісія Эўразьвязу ў справе дасьледаваньня фактаў парушэньня правоў прафсаюзаў. Сябры камісіі заслухалі сьведчаньні чальцоў прафсаюзаў, прадстаўнікоў наймальнікаў і чыноўнікаў ураду краіны. Слуханьні будуць прадоўжаныя пры канцы ліпеня ў Бэльгіі, па выніках якіх камісія падрыхтуе выніковую рэзалюцыю. Калі ціск на прафсаюзны рух пацьвердзіцца, то Беларусь можа пазбавіцца льготаў у гандлі з краінамі Эўразьвязу.

Чальцы камісіі сустрэліся з чыноўнікамі Міністэрства працы і юстыцыі, кіраўніцтвам Фэдэрацыі прафсаюзаў, пабывалі ў іншых дзяржструктурах. Але пра зьмест перамоваў і сам факт працы камісіі ўлады замоўчваюць. Чым сябры Эўразьвязу цікавіліся ў прадстаўнікоў Незалежных прафсаюзаў Беларусі, у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў лідэр Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Нашыя спадзяваньні на тое, што гэта будзе адкрытая размова, спраўдзіліся. Яны імкнуцца вельмі глыбока капаць: патрабавалі, каб кожны факт меў пацьверджаньне адпаведным дакумэнтам. Я не магу судзіць, як адбывалася іхная размова з прадстаўнікамі ўрадавых стурктураў, у ФПБ, але зважаючы на такі глыбокі падыход, можна меркаваць, што там даказальнай базы, канечне ж, бракавала”.

Камісія Эўразьвязу, таксама, як і камісія Міжнароднай арганізацыі працы, якая працавала ў Менску ў красавіку, былі створаныя паводле скаргі Міжнароднай і Эўрапейскай канфэдэрацыяў свабодных прафсаюзаў. Камісія МАП, а цяпер і камісія Эўразьвязу пакінулі Менск, не камэнтуючы вынікаў сваёй працы. Вось што пра гэта кажа прадстаўнік МКСП Вадзім Барысаў:

(Барысаў: ) “Тыя спэцыялісты, якія найменш рэклямуюць сваю працу, іх якраз і трэба вельмі сур’ёзна ўспрымаць. Іхная канфідэнцыйнасьць зьвязаная з тым, што камісія хоча, каб сабраны матэрыял быў найбольш аб’ектыўным. Таксама вельмі важна, што яны зьбіраюць інфармацыю ня толькі пра парушэньні правоў прафсаюзаў, але і сем’яў лідэраў. І паколькі гэткія факты ёсьць, то гэта дадатковы паказьнік таго, што ўлада мае сыстэматычны падыход у справе парушэньня правоў прафсаюзаў і правоў чалавека”.

Камісія Эўразьвязу прадоўжыць слуханьні ў Бэльгіі 22 і 23 ліпеня. Калі факты парушэньня правоў і свабодаў у Беларусі будуць пацьверджаныя ў выніковай рэзалюцыі, то Беларусі пагражае пазбаўленьне гандлёвых ільготаў з краінамі Эўразьвязу на сотні мільёнаў эўра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG