Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі беларускай апазыцыі сустрэліся з Джорджам Бушам


Юры Сьвірко, Менск Ірына Красоўская і Андрэй Саньнікаў былі прадстаўленыя прэзыдэнту ЗША падчас прыёму, які быў арганізаваны ў Стамбуле ў часе сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін НАТО. У Турэччыне знаходзілася таксама афіцыйная беларуская дэлегацыя. У выніковым камюнікэ Стамбульскага саміту НАТО з 46 пунктаў Беларусь увогуле ня згадваецца, хаця ў тэксьце гаворыцца пра Расею, Украіну і Малдову.

Адначасова з самітам НАТО там прайшла канфэрэнцыя пад патранажам прэм’ер-міністра Турэччыны Рэджэпа Эрдагана “Атлянтычны альянс на новым скрыжаваньні”. У гэтым форуме ўзялі ўдзел прадстаўнік Эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Андрэй Саньнікаў і кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, жонка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Перад вылетам са Стамбулу яна паведаміла Радыё Свабода:

(Красоўская: ) “Мне пашчасьціла пабыць і на вялікім прыёме, які быў зьвязаны з самітам. Я была прадстаўленая прэзыдэнту Бушу, сустракалася з Колінам Паўэлам падчас гэтага прыёму і з Квасьнеўскім, іншымі прэзыдэнтамі — Аліевым, Саакашвілі, Іліеску, з генэральным сакратаром НАТО. Я думаю, што мы з Андрэем Саньнікавым удвох зрабілі шмат для таго, каб увага да Беларусі была, каб на Беларусь не забываліся як у Эўропе, гэтак і ў Амэрыцы”.

(Карэспандэнт: ) “Ці абмяркоўвалі вы там тэму зьніклых і тэму будучых выбараў у Палату прадстаўнікоў?”

(Красоўская: ) “Так, вядома, таму што гэта дзьве тэмы, якія якраз і будуць паказваць нашу будучыню, палітычнае становішча нашай краіны ў будучым. Мы абмяркоўвалі і праблему зьніклых, і праблему выбараў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці бачылі вы там прадстаўнікоў афіцыйнага Менску?”

(Красоўская: ) “Так, бачыла, але толькі здалёк”.

Ні ў выніковым камюнікэ, ні ў Стамбульскай дэклярацыі, якія былі прынятыя самітам НАТО, Беларусь ня згадваецца. Дэклярацыя адзначае “крытычную ролю НАТО ў спрыяньн разьвіцьцю свабоды па ўсёй Эўропе” і падкрэсьлівае: “НАТО працягвае будаваць шчыльнейшае супрацоўніцтва ў справе агульных заклапочанасьцяў бясьпекай з Эўрапейскім Зьвязам і дзяржавамі ў Эўропе, улучна з Расеяй, Украінай і дзяржавамі Цэнтральнай Азіі й Каўказу, а таксама дзяржавамі Міжземнамор’я ды шырокага Блізкага Ўсходу”.

Беларусь не ўвайшла ў гэты пералік, хаця афіцыйны Менск на саміце ў Стамбуле быў прадстаўляны дэлегацыяй на чале зь дзяржаўным сакратаром Савету Бясьпекі Генадзем Нявыгласам. Туды ж езьдзілі міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў і міністар абароны Леанід Мальцаў. Беларуская дэлегацыя ўзяла ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін-сябраў Рады эўраатлянтычнага партнэрства. Аднак беларускія афіцыйныя крыніцы пакуль нічога пра іх кантакты ў Стамбуле не паведамілі.
XS
SM
MD
LG