Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“50 гадоў Свабодзе – сьвяточная вечарына ў Менску


RFE/RL Прэзэнтацыя кнігі “Быкаў на Свабодзе” з нагоды юбілею Беларускай службы Радыё Свабода. Менск, Дом Літаратара, 20 траўня 2004. 18:00.

(Вядучая Зінаіда Бандарэнка: ) Дарагія сябры, шаноўныя прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, шчыра вітаем усіх вас у гэтай залі на вечарыне з нагоды выхаду кнігі “Быкаў на Свабодзе” і 50-годзьдзя Беларускай службы Радыё Свабода. Адкрывае вечарыну старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч. (Музычны сыгнал “Свабоды” – "Люблю мой край".)

(Пашкевіч: ) Добры вечар, паважанае спадарства! Добры вечар, шаноўныя прыхільнікі таленту Васіля Быкава. Выхад любой кнігі нашага пісьменьніка—гэта надзвычайная падзея. Выхад жа новай кнігі народнага пісьменьніка, нацыянальнага прарока Беларусі Васіля Быкава—гэта падзея і надзвычайная, і знакавая, і сымбалічная. Бо для новай Беларусі постаць Васіля Быкава стала сымбалем няскоранасьці, сымбалем свабодалюбства. Свабода і Быкаў, Быкаў і свабода—для новай Беларусі, для чытачоў новай Беларусі сталі роднаснымі й сталі сынанімічнымі. Шлях Васіля Быкава да свабоды быў няпростым і пакручастым. Ён прайшоў праз дзесяцігодзьдзі жыцьця ў таталітарызьме, ён прайшоў праз франтавыя палі Другой сусьветнай вайны, ён прайшоў праз дзесяцігодзьдзі жыцьця ў савецкай дзяржаве, праз гады жыцьця ў новай, незалежнай Беларусі, праз гады жыцьця па-за яе межамі. Калі ж на гэтым шляху Васіля Быкава да свабоды паўставалі ідэалягічныя ці цэнзурныя пасткі ці перашкоды, пісьменьніку дапамагала свабодная Эўропа й свабодная супольнасьць. Мы маем шмат сьведчаньняў гэтаму. Яшчэ ў 1965 годзе дзякуючы спрыяньню й руплівасьці беларускага Радыё Свабода ў Мюнхене асобнай кнігай выйшла апальная аповесьць Васіля Быкава "Мёртвым не баліць"—сьведчаньне доўгага й няпоўнага шляху Васіля Быкава да свабоды й ягонага супрацоўніцтва з Радыё Свабода, якое пачалося з 1991 года й доўжылася да апошняга жыцьцёвага дня народнага пісьменьніка. Яскрава пра гэта нагадае сёньня кніга, якая прэзэнтуецца вашай увазе—"Быкаў на Свабодзе". Гэта своеасаблівая скрупулёзная энцыкляпэдыя, якая расказвае пра Быкава-творцу, расказвае пра Быкава-публіцыста, расказвае пра Быкава-палітыка, расказвае пра Быкава-мысьляра. Ад імя пісьменьніцкай сям''і я шчыра зычу гэтай кнізе доўгага і свабоднага жыцьця, шчасьлівай дарогі. Шчасьця ёй, Божа, і ў добры шлях. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Слова пра кнігу Аляксандра Лукашука, дырэктара Беларускай службы Радыё Свабода.

(Лукашук: ) Васіль Быкаў, лісты на "Свабоду". 16 верасьня 1998 году, Гэльсінкі, Фінляндыя. «Я дапоўніў аповесьць новым разьдзелам, 8 старонак, якія дасылаю. Вашыя чытаньні слухаю, усё добра. Дзякуй чытачам, разам з маім прывітаньнем. Наконт удасканаленьня трансьляцыі беларускай службы "Свабоды" даўно й надта трэба паклапаціцца, бо не чуваць. Не чуваць было ў Беларусі, кепска і тут, у Фінах. А цяпер дык на хвалі 42 мэтры а палове на сёмую накладаецца нейкая гарластая арабская станцыя, не чутно нічога. Вось толькі Айзэнштадт—гэтую заўсёды было добра чутно, праб’ецца праз любыя глушылкі.»

29 сакавіка 1999 года. «Пасылаю новы сатырычны твор, можа скарыстаеце. Слухаю беларускую “Свабоду” на дадатковых хвалях—стала куды лепш. У Беларусі, кажуць, таксама, дай вам Божа.»

12 сакавіка 2000 года. «Ужо тыдзень, як мы зь Ірынай Міхайлаўнай у Нямеччыне. Беларуская “Свабода” гучыць тут выдатна, чаго нельга сказаць пра расейскую.»

17 ліпеня 2001 года. «Пасылаю абяцаны твор, вялікае апавяданьне. Можа гэта й ня тое што трэба, але такое атрымалася—калі атрымалася. Вашую “Свабоду”, вядома ж, слухаю штодзень.»

2003 год, Прага. Гаворыць Васіль Быкаў:

(Быкаў, запіс: ) Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю “Свабоду”. Тое сталася звычаем і патрэбай душы. “

Сыгнал: “У эфіры—беларуская праграма радыё “Свабода”.

(Лукашук: ) Імя Васіля Быкава стала гучаць на “Свабодзе” зь сярэдзіны 60-х, зь легендарнага 5-га зьезда Саюза Пісьменьнікаў, на якім ён выступіў са сваёй прамовай пра праўду ў мастацтве. У 80-я гг. пачалі зьяўляцца ягоныя першыя водгукі, камэнтары, інтэрвію. У 90-я ён стаў прысылаць нам свае творы. У апошні, вандроўны пэрыяд сваёй творчасьці, калі пісьменьнік жыў у Фінляндыі, Нямеччыне, Чэхіі, нашая перапіска насіла характар літаральна штотыднёвага абмену лістамі. Асабліва блізкімі адносіны Быкава са “Свабодай” сталі ў апошні час, калі ён жыў у Празе. Напачатку красавіка 2003 году, калі яму стала дрэнна, я адвёз яго ў шпіталь і праз тыдзень была апэрацыя. Яшчэ празь дзень мы зь Сяргеем Навумчыкам прыйшлі ў шпіталь, ён сядзеў ужо, і першае пытаньне яго было—якія навіны ў Беларусі. Праз дзень яго перавялі ў звычайную палату. Мы прынесьлі прыймач. Але ў гэтым будынку былі вельмі тоўстыя сьцены, бэтонныя і мэталічныя, і кароткія хвалі не прабівалі іх. Тады на наступны дзень на просьбу Васіля Ўладзіміравіча мы сталі прыносіць яму магнітафонныя запісы. Ён слухаў эфір кожнага дня, лежачы ў бальнічным ложку, у запісе, ні на дзень не разьвітваючыся са “Свабодай”. Гэта было шчасьце – мець такога слухача, і шчасьце працаваць у эфіры, ведаючы, што будзе слухаць Быкаў. Пра гэта—уся кніга, якую вы трымаеце сёньня ў руках. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Я запрашаю да мікрафона амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску Джорджа Крола. Калі ласка.

(Крол: ) Шаноўныя сябры! Запрашэньне сказаць некалькі слоў на ўрачыстым сьвяткаваньні 50-тых угодкаў беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”—вялікі гонар для мяне як амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь. (Аплядысмэнты.) А прамаўляць гэтыя словы на прыгожай беларускай мове—асаблівы гонар, асаблівае задавальненьне. (Аплядысмэнты.) Хаця я не валодаю беларускай мовай так добра, як мне хочацца, сама ейная прыгожасьць дапамагае пераадолець мае моўныя хібы. (Аплядысмэнты.) Я прашу прабачэньня. Сябры! 50 гадоў таму амэрыканскі народ падтрымаў беларусаў праз фінансаваньне першых выхадаў у эфір беларускамоўнага Радыё Свабода. Нягледзячы на тое, што ў той час не існавала дыпляматычных адносінаў паміж намі й незалежнай Беларусьсю. Гэтае рашэньне прадэманстравала спадзяваньні й жаданьні амэрыканскага народа падтрымаць спадзяваньні й жаданьні беларускага народа бачыць гэтую старажытную нацыю самастойнай дзяржавай на карце Эўропы. (Аплядысмэнты.) З самага пачатку свайго існаваньня Радыё Свабода адыгрывае гістарычную ролю, забясьпечвае народ Беларусі аб’ектыўнымі й незалежнымі камэнтарамі на вышэйшым журналісцкім узроўні. Калі Беларусь стала незалежнай, шмат хто лічыў, магчыма, што мара зьдзейсьнілася, і Радыё Свабода больш не патрэбнае для існаваньня свабодных сродкаў масавай інфармацыі ў свабоднай краіне. Аднак незалежная Беларусь прайшла й працягвае праходзіць складаны шлях да дэмакратычнага грамадзтва. Як і ў кожнай дэмакратычнай дзяржаве, свабодныя й дэмакратычныя сродкі масавай інфармацыі зьяўляюцца і прадвесьнікам, і гарантам дэмакратычных прынцыпаў і іх выкананьня. Цяпер, як і на працягу апошніх 50 гадоў свайго існаваньня, Радыё Свабода працягвае адыгрываць надзвычай важную ролю, дапамагаючы ўсім беларусам зьдзейсьніць сваю мару: жыць у стабільным, свабодным і квітнеючым дэмакратычным грамадзтве, якое паважае й гарантуе правы кожнага. (Аплядысмэнты.) Сябры! Вы, пісьменьнікі й журналісты, заўсёды абараняеце свабоду слова. Васіль Быкаў, якому мы сёньня аддаём даніну павагі—ня толькі бліскучы беларускі пісьменьнік, але і Чалавек зь вялікай літары, які належыць усім нацыям сьвету. (Аплядысмэнты.) Таму што ён служыў ня толькі сваёй прыгожай і старажытнай краіне, але й агульначалавечым каштоўнасьцям, праўдзе, гонару й гуманізму. (Аплядысмэнты.) Гэта дае ўсім людзям права шанаваць яго памяць і карыстацца яго прыкладам. (Аплядысмэнты.) Сябры! Беларусь—не забіты куточак сьвету, гэта ня толькі цэнтар Эўропы, але й яе сумленьне. Беларускія гісторыя й сучаснасьць, якія складаюцца праз пераадоленьне неверагодных трагедый, цяжкасьцяў і перашкод, заслугоўвае з боку іншых народаў ня толькі павагу, але й захапленьне й падтрымку. (Аплядысмэнты.) Цяпер, калі беларусы працягваюць свой гістарычны шлях да дэмакратыі, амэрыканцы застаюцца побач зь імі як сябры, прыхільнікі іх культуры й моцы. Як амэрыканскі амбасадар я магу сказаць, што і ўрад, і народ, якія я прадстаўляю, знаходзяцца побач з вамі й хочуць працаваць разам з вамі, а ня супраць вас. (Аплядысмэнты.) На працягу 50-ці гадоў разам з вамі Радыё Свабода—канкрэтны прыклад падтрымкі з боку маёй краіны. Няхай яно будзе з вамі й надалей. (Аплядысмэнты.) Шаноўныя супрацоўнікі Радыё Свабода! Я віншую вас, захапляюся й ганаруся вамі, і жадаю вам далейшага посьпеху й служэньня Беларусі й вечным ідэалам “Свабоды”. Дзякуй вам за ўвагу. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) У момант, калі адбываецца гэтая сустрэча, выходзіць у эфір праграма Радыё Свабода з Прагі. І мы наладжваем сувязь з праскай студыяй, каб перадаць жывы рэпартаж, і каб слухачы ўсёй Беларусі пачулі нас у эфіры. Рэпартаж з гэтай залі вядзе Алена Ціхановіч. Калі ласка, Алена.

(Ціхановіч: ) Добры вечар усёй шырокай аўдыторыі, якая чуе нас. Я стаю на сцэне Дома Літаратара, перада мной—паўнюткая заля, а на першым пляне сцэны—плякат з партрэтам Быкава і зь яго словамі: “Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прыймач і шукаю “Свабоду”. Гэта сталася звычаем і патрэбай душы.” Такія прызнаньні нам, на шчасьце, даводзілася чуць ад Васіля Быкава. Васіль Быкаў ніколі не адмаўляўся даць інтэрвію радыё “Свабода”. У мяне ў руках—кніга, якая яшчэ пахне друкарскай фарбай. Такую ж кнігу трымаюць усе госьці ў залі—кніга, якая называецца “Быкаў на “Свабодзе”. Сюды ўвайшлі ня толькі інтэрвію, камэнтары Быкава, увайшлі рэпартажы журналістаў пра падзеі, так ці інакш зьвязаныя зь імем Быкава. І я ўжо чула першыя водгукі пра гэтую кніжку, яе назвалі энцыкляпэдыяй, гэтую ж кніжку назвалі рэквіемам па Быкаву. Што да мяне асабіста, мне здаецца, што гэтая кніжка пацьвярджае, як часта ў нашым жыцьці, у часе няпростых перажываньняў і падзеяў мы зьвярталіся да маральнага аўтарытэту Быкава. Толькі што з гэтай сцэны выступіў амбасадар Злучаных Штатаў Джордж Крол, яго выступленьне вельмі цёпла віталася залай, таму што ён прамаўляў па-беларуску. Ён сказаў, што Радыё Свабода, якое выйшла ў эфір 50 гадоў таму дзякуючы падтрымцы амэрыканскага народа, і амэрыканскі народ заўсёды падтрымліваў імкненьне беларусаў жыць у свабодным, дэмакратычным грамадзтве. І зараз я вяртаю слова ў Прагу—Алена?

(Радкевіч: ) Так, мы зараз слухалі рэпартаж Алены Ціхановіч. Я нагадаю, што ў гэтыя хвіліны ў менскім Доме Літаратараў адбываецца прэзэнтацыя кнігі “Быкаў на “Свабодзе”. Сюды ўвайшлі выступы, інтэрвію пісьменьніка радыё “Свабода”, камэнтары, якія датычылі важнейшых падзеяў у Беларусі апошніх гадоў. Укладальнікам і рэдактарам кнігі “Быкаў на Свабодзе” быў Сяргей Навумчык, мой калега цяпер побач са мной у студыі, і я перадаю яму мікрафон.

(Навумчык: ) Дзякуй, Алена. Я скажу найперш, што гэта кніга—вынік калектыўнай працы супрацоўнікаў “Свабоды”. Вялізную справу зрабіла рэдактар Аляксандра Макавік. Справа ў тым, што мова вусная, гутарковая, і мова пісьмовая—гэта крыху розныя рэчы, і тут важна было пры пераносе быкаўскіх інтэрвію са стужкі на паперу захаваць аўтэнтычнасьць. Часам у нас былі вялікія даволі-такі спрэчкі з-за якога-небудзь аднаго слова, але Аляксандра Макавік—філёляг кваліфікаваны, да таго ж яна такая вельмі настойлівая дзяўчына, яна мяне звычайна пераконвала. Я спадзяюся, што менавіта таму голас Быкава на паперы мы захавалі. Трэба таксама адзначыць працу мастака Генадзя Мацура, аднаго з найлепшых, як мне здаецца, кніжных мастакоў сёньняшняй Беларусі, фотаздымкі Сяргея Шапрана зь Менску, Уладзіслава Яндзюка з Прагі, канечне, некалькіх дзесяткаў журналістаў “Свабоды”--і тых, хто раней працаваў на радыё, і сёньняшніх нашых калегаў. І канечне, кніга была б проста немагчымая без дапамогі Ірыны Міхайлаўны Быкавай.

(Радкевіч: ) Сяргей, ну вось якія старонкі, разьдзелы кнігі ўкладальніку й рэдактару падаюцца найбольш цікавымі?

(Навумчык: ) Алена, самае цікавае й самае каштоўнае—гэта, канечне, словы самога Васіля Ўладзіміравіча, ягоныя ацэнкі, ягоныя роздумы, ягоныя прароцтвы. Сярод іх ёсьць і такія, якія могуць быць прынятыя як аксіёмы. Скажам, пра тое, што дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў у барацьбе з таталітарызмам. Калі мы задумаемся пра гэтыя шэсьць словаў, нам шмат што стане зразумелым. Але скажу такую магчыма парадаксальную рэч, што “Быкаў на Свабодзе”—гэта тая кніга, зь якой я б параіў знаёміцца з канца. Там якраз зьмешчаны пайменны паказьнік—гэта некалькі сотняў асобаў, якія мелі дачыненьне да Быкава. Тут і сусьветна вядомыя ймёны, такія як Генрых Бёль ці Міхаіл Гарбачоў, і асобы вядомыя даволі вузкаму колу, але якія былі вельмі дарагія Быкаву, як напрыклад фатограф, незабыўны Ўладзімір Кармілкін, летапісец апошняй хвалі нацыянальнага адраджэньня. Канечне, ёсьць асобы, якія згадваюцца вельмі часта, гэта найперш—сябры Быкава, блізкія яму людзі: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Зянон Пазьняк, Уладзімір Арлоў, Сяргей Законьнікаў, родныя Быкава, супрацоўнікі, але рэкорд паводле ўзгадак пабіў адзін мой колішні калега па Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, які, я дакладна ведаю, ніколі не сустракаўся з Быкавым. Я думаю, што пажадана, каб імя гэтага чалавека сёньня не гучала на гэтай вечарыне, бо праз 200 гадоў гэтае прозьвішча толькі й будуць памятаць што ў кантэксьце біяграфіі Быкава. І гэта будзе такая памяць, што зробіцца самым зьнішчальным прысудам. Ня ведаю, колькі гадоў самай маладой асобе ў паказьніку, напэўна, гэта нехта са студэнтаў Беларускага Ліцэю, але дакладна ведаю, колькі самаму старому—больш як 94 гады. Гэта навуковец Барыс Кіт, зь якім Быкаў пасябраваў у Нямеччыне, і ў гэтыя дні Ірына Міхайлаўна якраз там, у Нямеччыне, а сёньня яна сустракаецца з Кітом паблізу Франкфурта, і ў нас цяпер на тэлефоннай сувязі будзе Нямеччына, адзінае што магчыма, што тут не зусім добрая чутнасьць, бо там, здаецца, праблема з батарэйкай у мабільным тэлефоне. Ну, паспрабуем, я спадзяюся, што і ў Доме Літаратара будзе чуваць. Спадар Барыс, добры дзень, Сяргей Навумчык з Прагі.

(Кіт: ) Добры дзень, як маецеся, даражэнькі?

(Навумчык: ) Дзякуй, я нармальна, як вашае здароўе?

(Кіт: ) Вельмі добра, дзякую. Мы тутака сабраліся ўсе, вельмі прыгожа праводзім час.

(Навумчык: ) Разам зь Ірынай Міхайлаўнай таксама?

(Кіт: ) Таксама, так, усе.

(Навумчык: ) Спадар Барыс, я вось хачу некалькі пытаньняў вас задаць. Вось у Менску ведаюць, што адна з апошніх кніг Васіля Ўладзіміравіча—гэта “Цярновы шлях. Успаміны Барыса Кіта.” Які пэрыяд вашага жыцьця найбольш уразіў Васіля Ўладзіміравіча з вашых расповедаў, пра што ён найбольш пытаўся ў вас?

(Кіт: ) “Пра маю працу на Беларусі, калі я быў настаўнікам і дырэктарам у гімназіі, у Віленскай, у Наваградзкай, Маладэчанскай. У пяцёх гімназіях я быў дырэктарам і настаўнікам. Гэта для яго было вельмі цікава”.

(Навумчык: ) “Выглядае, што яго цікавілі ня столькі навуковыя вашы заслугі, неацэнныя, чаго варты адзін толькі "Апалон-11" зь першай высадкай чалавека на Месяц, але ў першую чаргу вашая праца ў Беларусі?”

(Кіт: ) “Так, гэта адно. Але, безумоўна, тое, што я рабіў у Амэрыцы – гэта таксама было яму вельмі цікава. З гонарам магу сказаць, што лічуся адным зь першапраходцаў амэрыканскай астранаўтыкі”.

(Навумчык: ) “Спадар Барыс, цяпер вас чуюць ня толькі слухачы Свабоды, але і тыя, хто сабраўся ў Доме літаратара на вечарыну, прысьвечаную Васілю Быкаву і прэзэнтацыі кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Канечне, сувязь паміж Франкфуртам і Менскам – гэта ня тое, што сувязь паміж Зямлёй і Месяцам, але што б вы маглі пажадаць сваім землякам?”

(Кіт: ) “Самага найлепшага. А найбольш – рупіцца пра сваю Бацькаўшчыну, усяе Беларусі, трымацца беларускай нацыянальнай сьвядомасьці”.

(Навумчык: ) “Дзякуй вялікі, спадар Барыс. Калі там побач Ірына Міхайлаўна, дайце ёй слухаўку, калі ласка”.

(Навумчык: ) “Ірына Міхайлаўна, добры дзень”.

(Быкава: ) “Добры дзень”.

(Навумчык: ) “Я вас ня буду надоўга адцягваць ад гутаркі з Кітом... Нам пастаянна задаюць пытаньне – ці варта было ў Васіля Ўладзімеравіча адымаць час сваімі інтэрвію на Свабодзе, мо лепш бы ён гэты час захаваў для літаратуры. Як успрымаў гэта Васіль Уладзімеравіч?”

(Быкава: ) “З адказнасьцю”.

(Навумчык: ) “Дыпляматычны адказ”.

(Быкава: ) “Ну, калі з ахвотай успрымаў... Але заўсёды з адказнасьцю і з сумленьнем”.

(Навумчык: ) “Ці слухалі вы Свабоду часта?”

(Быкава: ) “Кожны дзень амаль”.

(Навумчык: ) “Кніга "Доўгая дарога дадому" была апошняй прыжыцьцёвай кнігай Быкава. За год вось цяпер яна ўжо выходзіць чацьвертым накладам. Гэта ўнікальны для сучаснага беларускага кнігавыдавецтва выпадак. Ірына Міхайлаўна, наколькі я разумеў са словаў Васіля Ўладзімеравіча, перад ім, калі ён пісаў не было ніякіх архіўных дакумэнтаў і нават даведнікаў?”

(Быкава: ) “Не было, вядома, нічога. Я ж вось цяпер тут у Нямеччыне – зьбіраю, у каго што ёсьць. Вось узяла вялікі стос лістоў усякіх, арыгіналы, усё, што ёсьць. Гэта цяпер мая справа – сабраць тое, што тут было пакінутае ў свой час у Нямеччыне”.

(Навумчык: ) “Як маецеся ўвогуле?”

(Быкава: ) “Мы зараз у старым замку, у цудоўнай рэстарацыі. Усё добра. Толькі Васіля не хапае. Вельмі адчуваецца, што няма. Тое, што было – было. Але яго няма. Мы яго памятаем. Ён з намі”.

(Навумчык: ) “Трымайцеся”.

(Быкава: ) “Як магу, трымаюся. Дзякуй Вам вялікі”.

(Навумчык: ) “У нас на сувязі ў Нямеччыне былі Барыс Кіт і Ірына Міхайлаўна Быкава. І мне падаецца, што сабраць усё зьвязанае зь імем Быкава, памяцьцю Быкава – гэта абавязак ня толькі блізкіх Васіля Уладзімеравіча, але усіх нас, ягоных сучасьнікаў.

(Радкевіч: ) Я дзякую свайму калегу Сяргею Навумчыку—нагадаю, што Сяргей быў рэдактарам і ўкладальнікам кнігі “Быкаў на Свабодзе”, і яшчэ раз дадам, што выхад кнігі прымеркаваны да 50-гадовага юбілею беларускай службы нашага радыё. У гэтыя хвіліны ў менскім Доме літаратараў адбываецца імпрэза, прысьвечаная якраз прэзэнтацыі гэтай кнігі, і ў Доме Літаратараў у Менску нас зараз чуюць. Карыстаючыся выпадкам, я хачу перадаць прывітаньне з праскай студыі. Тым хто знаходзіцца зараз на імпрэзе й ня мелі магчымасьць слухаць нашую сёньняшнюю праграму ад пачатку, хачу сказаць што на адрас нашай рэдакцыі ў сувязі зь 50-цігодзьдзем прыходзяць шматлікія віншаваньні, і вось сёньня беларускую рэдакцыю Радыё Свабода прывітаў Кангрэс ЗША. Я хачу прапанаваць тым, хто зараз знаходзіцца з Доме Літаратараў у Менску, паслухаць кавалачак гэтага выступу ў пераказе нашай карэспандэнткі з Вашынгтону, Алесі Сёмухі.

(Сёмуха: ) Том Лантэс параўнаў сытуацыю ў цяперашняй Беларусі з той, якая была за часамі халоднай вайны, калі радыё вяшчала на кароткіх хвалях выключна з-за мяжы. Як і тады, цяпер беларусы, ад сьвятара да палітычнага вязьня, даведваюцца праўдзівую інфармацыю з хваляў Радыё Свабода”. На працягу 50-ці гадоў беларуская служба Радыё Свабода была важным незалежным голасам з-за мяжы, які перадаваў мясцовыя й міжнародныя навіны ў краіну зь дзяржаўным кантролем над інфармацыяй.

(Поўны тэкст: www.svaboda.org/news/articles/2004/05/20040520121759.asp)

(Радкевіч: ) Я нагадаю, наша карэспандэнтка ў Вашынгтоне Алеся Сёмуха цытавала выступ кангрэсмэна Тома Лантэса ад штату Каліфорнія. Гэтае віншаваньне беларускай службе Радыё Свабода з нагоды 50-цігодзьдзя вяшчаньня ўнесена ў афіцыйныя дакумэнты Кангрэса ЗША. Яшчэ раз нагадаю, што зараз у менскім Доме Літаратараў адбываецца імпрэза, прысьвечаная прэзэнтацыі новай кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Я вяртаю слова ў Менск маёй калезе Алене Ціхановіч.

(Ціхановіч: ) Так, Алена, уся заля зь вялікай увагай слухала жывы эфір Радыё Свабода. Я хачу сказаць, што мы працягнем размову пра кнігу, і хачу папрасіць падзяліцца сваімі ўражаньнямі пісьменьніка Генадзя Бураўкіна. Калі ласка, ён зараз падымаецца на сцэну. (Аплядысмэнты.)

(Бураўкін: ) Я думаю, што Быкаў і свабода—гэта два такія паняцьці, якія невыпадкова злучаныя, якія немагчыма разарваць. Я маю на ўвазе ў больш шырокім сэнсе, у больш шырокім разуменьні. Але і “Свабода” як радыёстанцыя таксама неадрыўная ад вялікага, важнага кавалка жыцьця нашага клясыка. Я добра памятаю тыя сустрэчы ў Гародні, калі вельмі дрэнна было чуваць “Свабоду”, і калі Васіль пытаўся: “Можа ты лепш чуў, я нешта такое не зусім дакладна зразумеў”, бо слова “Свабоды”, свабоднае слова, слова, якое несла праўду—яно было самым неабходным, самым жаданым і самым дарагім для Васіля Быкава. Вось у гэтай кніжцы ягоныя словы, ягоны роздум, часта горкі, часта нават вельмі горкі. Але так было. На жаль, так яшчэ ёсьць. Я думаю пра будучыню нашай роднай Беларусі і спадзяюся, што прыйдзе час, калі, відаць, радыёстанцыі “Свабода” ў такім пляне, як сёньня, можа быць, і ня будзе патрэбы для Беларусі, бо тут будзе поўная свабода, поўная праўда, і самае галоўнае—будзе свабода для беларусаў і Беларусі. Але і тады будзе слова Быкава. І тады будзе яго творчасьць, і тады будзе ягоны геній. І тады будзе памяць ня толькі пра яго, але й пра радыёстанцыю “Свабода”, якая несла гэтае праўдзівае слова беларусам. Невыпадкова самую споведную сваю кнігу “Доўгая дарога дадому” Васіль Уладзіміравіч перш за ўсё прынёс на “Свабоду”. Бо зноў жа, ён бачыў хай і доўгую, але абавязковую дарогу да дома, неадрыўную ад свабоды—і ў канкрэтным сэнсе слова, і ў шырокім сэнсе гэтага слова. Таму я хачу падзякаваць тым на радыёстанцыі, хто дапамог у свой час прагучаць думкам Васіля, тым, хто зараз склаў і выдаў гэтую кнігу, павіншаваць іх зь вельмі слаўнай, вельмі круглай датай, і паспадзявацца, што свабода Беларусі разам зь імем Быкава назаўсёды пасялілася й паселіцца ў вяках, у самыя ня толькі горкія, але і ў самыя лепшыя часы нашай роднай Беларусі. Дзякуй, “Свабода”, дзякуй, дарагі Васіль. (Аплядысмэнты.)

(Ціхановіч: ) Гэта было слова Генадзя Бураўкіна. І на завяршэньне нашай сувязі з Прагай я хачу сказаць, што наша вечарына працягваецца, шмат людзей яшчэ возьмуць слова, і скажу толькі, што кульмінацыяй нашага вечара будуць запісы самога Васіля Быкава, яго інтэрвію, яго ўспаміны, якія прагучаць з залатых фондаў Радыё Свабода. На гэтым мы сканчаем сувязь з Прагай. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Я запрашаю да мікрафона амбасадара Літоўскай рэспублікі Ёнаса Паслаўскаса.

(Паслаўскас: ) Добры вечар, шаноўныя спадары, шаноўныя спадарыні. Я сардэчна віншую калектыў Радыё Свабода, кіраўнікоў і, зразумела, слухачоў з гэтым ганаровым юбілеем. Ваша прафэсійнае слова, ваша грамадзянская пазыцыя, выбраная вамі дэмакратычныя каштоўнасьці выклікаюць у мяне й большасьці маіх калег павагу. Сёньня вы дэманструеце каштоўнасьці, прадстаўленыя геніем беларускага народа, вялікім пісьменьнікам і вялікім чалавекам Васілём Быкавым. (Аплядысмэнты.) Літва і яе людзі выдатна ведаюць і разумеюць значнасьць вашага радыё ў фармаваньні грамадзянскіх пазыцый і поглядаў як асобнага чалавека, так і большай часткі народа. З вашым выдатным сьвятам, з ганаровым юбілеем беларускай службы Радыё Свабода, з вашымі дасягненьнямі вы выхоўваеце таленавітыя пакаленьні вельмі прафэсійных журналістаў. Мы радуемся й сьвяткуем разам з вамі. Зь днём нараджэньня! (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Выхад кнігі “Быкаў на Свабодзе” прымеркаваны да 50-цігадовага юбілею беларускай службы Радыё Свабода. У сувязі з гэтым на адрас беларускай рэдакцыі прыходзяць шматлікія віншаваньні, лісты слухачоў з успамінамі. Вось што напрыклад, напісала з Канады Раіса Жук-Грышкевіч, жонка першага дырэктара беларускай рэдакцыі Вінцука Жук-Грышкевіча: “З узварушаньнем вітаю вас зь 50-мі ўгодкамі—залатым юбілеем існаваньня й дзейнасьці беларускае рэдакцыі радыёстанцыі “Вызваленьне—Свабода”. Паўстагодзьдзя зьмяло ў нябыт усіх тых барацьбітоў, што стаялі ля яго вытокаў: прэзыдэнта рады БНР Міколу Абрамчыка, рэдактара газэты “Бацькаўшчына” Станіслава Станкевіча, дырэктара й галоўнага рэдактара беларускага аддзела Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Наступным пакаленьням пакінулі яны ў спадчыну плён свае працы, жывы творчы й дзейсны беларускі аддзел Радыё Свабода, пакінулі яны свой запавет: кіраваць сваю працу, свае высілкі заўсёды на карысьць беларускай справы. Ад імя беларускага грамадзтва Канады жадаю вам усім добрага здароўя, спору ў працы і веры ў лепшую будучыню Беларусі. Жыве беларуская рэдакцыя Радыё Свабода!” (Аплядысмэнты.)

Зараз мы маем магчымасьць пачуць архіўны запіс, якому роўна 50 гадоў і які спэцыяльна для гэтай нагоды адрэстаўраваў наш прадусар. Для першага сыгналу радыё выбрала мэлёдыю песьні “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”.

(Архіўны запіс. Гучыць песьня “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. “Тут радыё Вызваленьне. Вы слухаеце голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету. (Гучыць песьня “Пагоня” на вершы М.Багдановіча) Дарагія суродзічы, браты-беларусы, дзе б вы толькі не знаходзіліся! З глыбокім узварушаньнем першы раз прамаўляем да вас сяньня з вольнага сьвету, праз радыё “Вызваленьне”, распачынаючы сталыя й рэгулярныя беларускія перадачы.” (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Прымаем віншаваньні ад Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Я запрашаю да мікрафона старшыню таварыства Алега Трусава. (Аплядысмэнты.)

(Трусаў: ) Шаноўнае спадарства! Сёньня ў нас вельмі знамянальны дзень. Па-першае, мы з вамі ў нашым доме гаспадары. Гэта вельмі важна, што мы віншуем нашых спадароў у Доме Літаратара, а ня ў нейкім завугольлі. Гэта вельмі важна. І самае галоўнае ў тым, што беларуская мова заўжды была той асноўнай сілай, якая жывіла Беларусь. Першымі пра гэта сказалі нашы клясыкі—Францішак Багушэвіч і Янка Купала. Таксама гэта адзначыў і наш славуты зямляк, прафэсар Сарбоны Адам Міцкевіч, які яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі назваў беларускую мову адной з самых прыгожых славянскіх моваў сьвету. І зараз, пасьля таго як мы вытрымалі велізарныя цяжкасьці, розныя палянізацыі-русіфікацыі, сталінскія рэпрэсіі, Курапаты, мова ўсё роўна не загінула. Зусім нядаўна Васіль Быкаў таксама сказаў, што толькі мова можа захаваць нацыю. І яна гэта робіць. І дзякуючы голасу “Свабоды” 50 год вольная беларуская мова, не вычышчаная сталінскімі цэнзарамі, гучыць у эфіры. І ў сувязі з гэтым я хацеў бы ў падаруначак Лукашуку Алесю падарыць першы нумар “Нашага слова”, якое толькі выйшла, сёньня прыйшло чытачам па падпісцы, дзе ёсьць і віншаваньне ад Таварыства беларускай мовы, і інтэрвію са спадаром Алесем. Віншую вас! (Аплядысмэнты.) А яшчэ я хачу папрасіць нашых журналістаў не паддавацца на так званае двумоўе, якое ўжо гадоў дзесяць вакол “Свабоды”, каб перавялі на расейскую мову. Не паддавайцеся, сябры, бо будзе як з усімі так званымі двухмоўнымі выданьнямі: спачатку адзін радок, потым два, а потым закуток для беларусаў. Таму вельмі прашу вас не паддавацца й захаваць беларускую мову як асноўную й вядучую мову гэтай цудоўнай станцыі. Жыве наша мова, жыве Свабода, жыве Беларусь! (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Віншаваньні ад Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Я запрашаю да мікрафона прэзыдэнта Асацыяцыі Жанну Літвіну.

(Літвіна:) Я адразу пачну з папраўкі: даруйце, не прэзыдэнт—старшыня. (Сьмех.) У нас сёньня адна асоба толькі можа быць прэзыдэнтам. Але тым ня менш у мяне ня будзе сёньня нейкіх такіх палітычных прамоваў, я можа нават і ня буду засяроджваць увагу на тым, які сапраўды сёньня добры вечар, і столькі людзей сабрала “Свабода” ў гэтай залі—я проста хачу абсалютна шчыра павіншаваць сваіх калегаў. Відаць, амаль кожны з супрацоўнікаў “Свабоды”—гэта сябра арганізацыі. Я хачу пажадаць ім гэтай свабоды духу, я хачу ім пажадаць, каб яны былі патрэбнымі, незаменнымі для нашага грамадзтва, хачу пажадаць ім творчых посьпехаў. І сапраўды, кожная кніга, якая выходзіць з дапамогай журналістаў “Свабоды” і якую выдае “Свабода”—гэта сапраўды як бы проста радасьць для нас, для ўсіх журналістаў. І вось гэтыя самыя свабодныя кветкі самай свабоднай рэдакцыі. Бо “Свабода”—гэта для мяне таксама важна, таму што “Свабода”—гэта частка майго жыцьця, “Свабода” мяне, пасьля “Беларускай Маладзёжнай”, фарміравала як асобу, я сапраўды ўдзячная за тую школу жыцьця, якую я атрымала. Самыя свабодныя кветкі самай свабоднай “Свабодзе” і самым свабодным журналістам. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) У нас ёсьць магчымасьць яшчэ раз пачуць голас Васіля Быкава. Зь яго ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, якія ўпершыню прагучалі на “Свабодзе”—гэта згадкі пра дом, пра радзіму, пра вёску Бычкі.

(Быкаў: ) Рыгор Барадулін, як заўжды поўнячыся рознымі, ня толькі паэтычнымі ідэямі, надумаў зьняць фільм пра маю малую радзіму. Як усё было ўлагоджана, на мікрааўтобусе “Беларусьфільма” паехалі ў Вушачу. Тая дарога праз Плешчаніцы й Бягомлю была мне даўно знаёмая—я любіў яе навакольныя бары і пагоркі, цяністы лесавы шлях праз Бярэзінскі запаведнік. Мабыць, дарога і была самым прыемным з таго падарожжа, бо астатняе—астатняе надта жыва было зьвязана з труднымі ўспамінамі пары дзяцінства, з сумам адміраньня й запусткаў у некалі знаёмых ваколіцах. Тое вярэдзіла душэўныя сілы, самотай дацінала нэрвы. Усё што для іншых, староньніх, было дэтальлю іхняй цікавасьці, для мяне—болем. І я можа не пагадзіўся б, каб хітраваты Рыгор, ведаючы адну маю слабасьць, не падмануў мяне любым маім азярком: заплянавалі здымкі на возеры, і я паехаў. Па дарозе заехалі ў Вушачу па сястру Валю, якая ўжо ведала пра прыезд кіношнікаў і чакала нас. Пасадзілі ў аўтобус Валю й паехалі ў Бычкі, на закінуты, зарослы дзядоўнікам і крапівой падворак бацькавай хаты. Памятаю, як яе будавалі, як яна была новаю й радавала дзяцей і бацькоў, але мінула небагата часу, хата пахілілася, урасла ледзь не па вокны ў зямлю і стаяла з прадраным дахам і гнілымі дошкамі ганку. Адна радасьць была з двух пасаджаных бацькам дрэваў, дуба і клёна, якія з кожным годам усё болей раскашавалі, узьнёсшыся высока над хатай. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) А зараз—слова даўняму сябру пісьменьніка, яго земляку Рыгору Барадуліну, імя якога згадвалася ў гэтым урыўку.

(Барадулін: ) Дарагія сябры, я шчыра віншую вас з выхадам незвычайнай кнігі “Быкаў на Свабодзе”. Тут сёньня Генадзь гаварыў аб спалучэньні слоў, што Быкаў і свабода—гэта неразрыўнасьць. І кніга, чым яна цікавая—што, дапусьцім, кніга “Ўспаміны” будзе кнігай успамінаў. Успаміны—рэч добрая, але з часам ва ўспамінах бывае больш успаміншчыка, чым таго, пра каго ўспамінаюць. Разумееце—а тут, у гэтай кнізе што і асаблівае, што захавана гучаньне. Я чую яе, не чытаю яе, а слухаю гэтую кнігу. Ці адначасова чытаю вачыма і вушамі, калі можна так сказаць—можа, не зусім прыгожа. Карацей кажучы, сэрцам слухаю. Вялікую работу прарабілі ўсе, і асабліва Навумчык Сяргей: я думаю, што інстытуту літаратуры, нашай акадэміі патрабавалася б некалькі год для такой кнігі. Хай ня будзе гэта ў крыўду ім. А тое, што зрабіў Навумчык—гэта ад шчырага сэрца, звычайна кажуць, але я дадаў бы, што Навумчык рабіў ад шчырага, балючага крывіцкага сэрца, і гэта сказалася. Каб доўга не затрымліваць увагу вашу, яшчэ раз віншую вас усіх з юбілеем, дарагую радыёстанцыю—з залатым юбілеем, і пажадаю вам сто гадоў: няхай жывецца нам яшчэ раз і яшчэ раз, хай доля бачыць нас. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) “Доўгая дарога дадому”—гэта біяграфічнае падсумаваньне Васіля Быкава, які да гэтага мэмуараў не пісаў. А пра тое, як ішла праца над кнігай, як нарадзілася назва, як запісваліся мэмуары ў Празе мы папросім расказаць Алену Ціхановіч.

(Ціхановіч: ) Так, яшчэ адна вельмі важная кніга—“Доўгая дарога дадому”. Мы ганарымся тым, што яна фактычна зьявілася дзякуючы намаганьням, дзякуючы просьбе “Свабоды”. І калі Васіль Быкаў ужо перадаў нам свой рукапіс, ён называўся проста—“Мае ўспаміны”. І мы сказалі: “Васіль Уладзіміравіч, для радыё, для перадачы, прыдумайце нешта больш такое яркае, ёмкае, падумайце над назвай.” А я, калі чытала тэкст, я там знайшла такія словы—“дажыць да свабоды”. Я кажу: “Можа быць, вось гэта?” Яму не спадабалася—відаць, занадта ўрачыста. Кажа: “Вы мне патэлефануйце (ён тады жыў у Нямеччыне), я падумаю.” І вось я тэлефаную, а ён так трымае паўзу й кажа: “Я прыдумаў. Запісвайце.” Гэта мяне так уразіла—“запісвайце назву”. І ён па словах кажа, так з паўзай: “Доўгая—дарога—дадому”. Я адразу падумала: гэта нейкая прарочая назва. Я была першым чалавекам, які запісаў гэтую назву. А пазьней Васіль Уладзіміравіч прыехаў начытваць гэтыя ўспаміны ў Прагу, я працавала зь ім у студыі, у нас ня шмат было часу—40 частак трэба было запісаць. Гэта праца нялёгкая нават для прафэсійнага дыктара, і я бачу, што ён стамляецца, і тады, каб даць яму перадышку, проста так адцягвала размову, заводзіла на нейкія іншыя тэмы—на шчасьце, не выключаючы мікрафон. І вось у часе такіх перадышак запісаліся такія нейкія вельмі важныя прызнаньні Быкава, і зараз вы іх пачуеце—чаму ён не любіў запісных кніжак і чаму паліў свае архівы. А размова мая пачалася з пытаньня, ці прызвычаіўся Быкаў пісаць на кампутары. І зараз мы пачуем гэтае архіўнае інтэрвію.

(Быкаў: ) Кампутар усё-ткі, апрача ўсяго іншага, гэта тэхніка, і валоданьне ёй патрабуе пэўных намаганьняў, якіх не патрэбна для звыклай справы, калі пішаш ручкай. Апрача таго тэмп: тэмп майго мышленьня дастасаваўся да тэмпаў маіх пальцаў, і даволі гарманічна гэта адбываецца—у той час як на кампутары перажываеш нейкую дысгармонію, вось. Таму найлепш, калі нават звычайныя фразы, якую-небудзь устаўку ці што, напішаш сьпярша на паперы, хоць бы так сказаць і мала разборлівым, такім беглым почыркам, а пасьля ўжо перадрукуеш на кампутары. Ну а ўвогуле—ня ў тым справа, калі ёсьць у галаве, дык напішацца дзе хочаш, нават на цыгарэтнай пачцы. У мяне, напрыклад, няма запісных кніжак, я іх не вяду, хаця многія, вельмі многія зь імі не расстаюцца. Я не магу сябе так дысцыплінаваць. І калі нават трэба нешта запісаць, у мяне звычайна то ручкі няма, то паперы няма—вось так атрымліваецца.

(Ціхановіч: ) А як увогуле ўпарадкаваны ваш архіў: ці захоўваеце вы чарнавікі, ці найбольш важнае зь перапіскі?

(Быкаў: ) Ніякага парадку. Тых лістоў у мяне было вельмі шмат, некалькі чамаданаў, але як гэта ўсё пачалося, я іх на дачы пачаў паліць. І я спаліў амаль усё за выключэньнем аднаго чамадана, таму што я заўважыў, што мая кватэра, а таксама дача, прыцягвае да сябе ўвагу. Там прыходзяць людзі, там нешта шукаюць, там усякія вобыскі ідуць—у маю адсутнасьць, канечне. І яшчэ засталося, канечне, трэба паліць, тым больш што чарнавікі свае я даўно не хаваю, я іх палю звычайна—як перадрукую, я іх проста палю, зьнішчаю, каб іх не было і знаку, каб не было ў чым разьбірацца. Я памятаю як Караткевіч перад сьмерцю незадоўга—я быў у яго—ён казаў “Вось, узяўся разьбіраць свой архіў і не магу, баліць жывот. Злуюся і на сябе—трэба было зрабіць раней.” Такі быў клопат. І я падумаў: на чорта мне гэты клопат яшчэ, так сказаць. (Сьмех)І па гэтаму пасьля мяне мала што застанецца, і гэта добра. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Я запрашаю да мікрафона Сяргея Законьнікава.

(Законьнікаў: ) Найперш я хачу павіншаваць супрацоўнікаў радыёстанцыі “Свабода”—той радыёстанцыі, зь якой маё сяброўства пачалося яшчэ з маіх студэнцкіх гадоў, хоць гэта было тады не надта пахвальна і, як кажуць, давялося ў адным выпадку нават мець справу з тымі людзьмі, якія сачылі і за студэнтамі. Але на працягу ўсяго жыцьця я ўдзячны “Свабодзе” за праўду, якую яна несла да нашых людзей і да нашай сям’і. Мой бацька да самай сьмерці трымаў прыймач каля падушкі і заўсёды слухаў “Свабоду”. Што хачу яшчэ сказаць: выдатную справу зрабілі хлопцы й дзяўчаты, якія выпусьцілі гэтую кніжку. На самай справе, як сказаў Рыгор Барадулін, у шэрагу тых выданьняў, якія будуць выдадзеныя да 80-годзьдзя Васіля Ўладзіміравіча—будзе, я думаю, яшчэ шмат і пасьля выдадзена кніг, якія будуць прысьвечаныя Быкаву—гэта кніга зойме вельмі і вельмі важнае месца. Я ўспамінаю, як у гасьцініцы “Багота” ў Бэрліне, куды Васіль Уладзіміравіч прыляцеў разам зь Ірынай Міхайлаўнай на літаратурнае выступленьне, некалькі доўгіх вечароў за поўнач мы сядзелі і гаварылі пра нашы беларускія справы. Васіль Уладзіміравіч жыў заўсёды Беларусьсю, і няпраўда, калі ў прэсе, па радыё й тэлебачаньні гаварылі такія жорсткія, паклёпніцкія словы, што чалавек адарваўся ад зямлі сваёй, што ён паехаў на чужыну, на лёгкі хлеб—гэта настолькі было страшна, але Васіль Уладзіміравіч, хоць ён і перажываў гэта ўсё, але ён заўсёды кахаў: “Ай, ня будзем пра гэта гаварыць, будзем гаварыць пра іншае.” І самае галоўнае, што ў тыя вечары ён гаварыў—гэта была наша мова. Ён сказаў так, што зь беларускай мовай, калі мы яе не загубім, калі мы яе адстаім, мы набудзем свабоду й незалежнасьць. А свабода й незалежнасьць будуць рухацца нашай моваю. І думаю, што ён справядліва казаў: на сёньня сапраўды настала такая часіна, што мы ўсёй народнай сям’ёй павінны задумацца. Нам трэба нашу мову ратаваць. Іначай у нас ня будзе і свабоды. І апошняе. Васіль Уладзіміравіч шмат гаварыў у апошнія свае дні пра тое, што трэба любымі сродкамі мацаваць нацыянальную сьвядомасьць, палітычную культуру народа. Казаў, як шмат дурноты ў нашым народзе. Трэба неяк яе, гэту дурноту, выбіваць, трэба яе разьвейваць, і трэба каб мы сталі сапраўдным народам. І цяпер часта сябры многія нашы, і з Украіны, зь Літвы, з Польшчы кажуць: “Як вам жывецца цяпер бяз Быкава?” І я заўсёды адказваю: “ Мы жылі з Быкавым і жывем сёньня з Быкавым, і будзем жыць. Наша Беларусь, уступіўшы ў ХХІ стагодзьдзе, будзе жыць з Быкавым і потым, у новых стагодзьдзях, пакуль будзе жыць пад сонцам наша незалежная Беларусь—мы будзем жыць з Быкавым. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Слова Лявону Баршчэўскаму, старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра.

(Баршчэўскі: ) Першае паседжаньне беларускага ПЭН-цэнтра пасьля таго як ягоны нязьменны прэзыдэнт адышоў у лепшы сьвет, было прысьвечана, натуральна, у ліку галоўных пытаньняў—ушанаваньню памяці Васіля Быкава. Мы ведалі, што ад гэтай дзяржавы чакаць трэба хаця б аднаго: каб не плюнулі. І ўзялі на сябе сябры ПЭН-цэнтра абавязак зрабіць самае галоўнае: гэта, па магчымасьці, данесьці слова Быкава—галоўнае, каб яго слова гучала. Можа, ня столькі важныя сёньня бронзавыя помнікі, якія будуць абавязкова па ўсёй Беларусі, але ягонае слова. І ўжо на тым паседжаньні Аляксандр Лукашук, сябра ПЭН-цэнтру, сказаў, што ў нас задума—выдаць гэтую кнігу. І я рады, што мы дачакаліся, і, віншуючы ў асобе Аляксандра ўсю радыёстанцыю, хачу сказаць, што такім чынам быкаўскія нашыя Дні пачаліся, і пачаліся вельмі годна: бел-чырвона-белы сьцяг, і тое, што мы бачым і трымаем сёньня ў руках. Гэта будзе мець працяг, сябры беларускага ПЭН-цэнтру сапраўды выканалі свае словы, Генадзь Бураўкін прыклаў велізарныя намаганьні для падрыхтоўкі ўспамінаў пра Быкава, мы чакаем гэтай кнігі зь нецярпеньнем. Сябры беларускага ПЭН-цэнтру, Уладзімір Сіўчыкаў і Міхась Тычына, пайшлі ў наступ на Маскву, у маскоўскім выдавецтве “Мартин” днямі выйшла кніга “Василь Быков. Избранное”, менавіта беларускі Быкаў, некаторыя рэчы ўпершыню публікуюцца ў кніжным выглядзе ў перакладзе на расійскую мову. Чакаюць нас у хуткім часе таксама расійскамоўнае, дапоўненае выданьне успамінаў “Доўгая дарога дадому”, падрыхтаванае пры чынным удзеле намесьніка старшыні беларускага ПЭН-цэнтру Валянціна Тараса, прысутнага тут у залі, чакаюць іншыя імпрэзы. Так як грамадзтва, не зважаючы на абструкцыю дзяржаўных чыноўнікаў годна праводзіла Васіля Ўладзіміравіча ў апошні шлях, так яно працягвае несьці слова Быкава, несьці быкаўскую праўду далейшым пакаленьням. Многа напісана пра Васіля Быкава, але, можа, больш ёміста, чым сказаў прысутны тут Рыгор Іванавіч Барадулін, цяжка сказаць:

“Ашчадны быкаўскі радок— Як не прытомлены хадок, Вядзе на топішча, на ляды, На Посьніцу, Дзяды, Каляды. І рада, чуўшы халадок, Душа, сабе ня даўшы рады.”

Сапраўды, мы будзем жыць з ашчадным, але суровым, справядлівым і годным быкаўскім радком. І на заканчэньне хачу нагадаць—і гэта ёсьць у гэтай кнізе—што апошнім інтэрвію Васіля Быкава для Радыё Свабода была падтрымка Беларускага ліцэя. Менавіта беларускі ліцэй у гэтым сэнсе як бы пераняў гэтую годную традыцыю, і ён будзе заўсёды ўшаноўваць і памятаць і чытаць Васіля Быкава. Віншую ўсіх з тым, што мы пачалі годна быкаўскія Дні ў Беларусі, і я думаю, што гэтыя дні ўжо ніколі ня скончацца. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Пісьменьнік і яго творы на радыё не абыходзяцца без музыкі. Зараз мы пачуем—вось ужо гучыць—“Песьню Сольвэйг” з опэры Грыга “Пэр Гюнт”. Яна стала адной з музычных тэмаў Быкава. Пра тое, якую музыку выбіраў Быкаў, як ацэньваў гучаньне і зьмест перадачаў, раскажа Аляксандр Лукашук.

(Лукашук: ) Вось пад гэтую музыку Грыга з “Пэр Гюнта” мы чыталі прыпавесьць “Музыка”. Я, памятаю, пазваніў Васілю Ўладзіміравічу й спытаўся, як яму нашыя чытаньні. Ён кажа: “Ведаеце, самае лепшае, што ёсьць у гэтай перадачы – гэта музыка, якая гучыць.” Некалі Люіс Бунюэль, вядомы кінарэжысэр, казаў: “Калі ты хочаш праверыць, ці сапраўдны ты майстар, зрабі фільм бяз музыкі.” Прозе Быкава музыка не патрэбна, яна сьціслая, энэргічная, там няма эпітэтаў, там унутраная мэлёдыка, якая не вымагае зьнешніх падпорак. Але на радыё слухачу музыка патрэбная. І кожны раз, калі мы мелі справу з творамі Быкава, нам трэба было выбраць нейкую музыку. І мы пыталіся ў яго: “Васіль Уладзіміравіч, што параіце?” Ён заўсёды сыходзіў ад адказу й казаў, “Ведаеце, мая любімая музыка—гэта “Разьвітаньне славянкі”.” Чым болей мы чыталі Быкава, тым цяжэй станавілася знаходзіць мэлёдыі. І вось жа аднойчы мы гаварылі пра ягонага любімага паэта, і ён сказаў, што гэта—Янка Купала. І да яго “Доўгай дарогі дадому” мы знайшлі песьню на словы Янкі Купалы, музыка Рыгора Пукста—“Шумныя бярозы” ў выкананьні Данчыка й Лявона Барткевіча. Паслухаем музыку, якую любіў Быкаў.

(Гучыць песьня “Шумныя бярозы”.)

(Лукашук: ) У чэрвені ў эфіры “Свабоды” пачынаецца рэтраспэктыва Быкава. Кожны панядзелак, сераду і пятніцу ў перадачы “Чытальная заля” будуць гучаць архіўныя аўдыёзапісы: інтэрвію, выступы, чытаньні літаратурных твораў. Мы заўсёды працавалі, ведаючы, што нас слухае Быкаў. Мы так і будзем працаваць далей. Настройцеся на “Свабоду”. (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Сярод тых, хто сустракаўся з Васілём Быкавым у Празе, адведваў яго ў шпіталі, быў пісьменьнік Валянцін Тарас.

(Тарас: ) Перш за ўсё, таксама хачу павіншаваць спадара Лукашука і ў яго асобе Радыё Свабода з круглым юбілеем, залатой датай, і выказаць асабістую падзяку за тое, што і мае ўспаміны прагучалі на хвалях “Свабоды”. Васіль праклаў дарогу для ўспамінаў многіх аўтараў, у тым ліку і маіх. Я ведаў Васіля амаль паўстагодзьдзя, пазнаёміліся недзе ў 56-ым ці 57-ым, дакладна ня памятаю нават. Спачатку было проста знаёмства, потым прыяцельства, потым сяброўства. Трэба было прайсьці сваю дарогу да Васіля, каб наблізіцца да яго, да ягонай планкі. Зусім ня проста было наблізіцца да яго. Але так здарылася, што найбольш цесна, найбольш душэўна і сардэчна мы сышліся ў апошні час ягонага жыцьця. Здарылася так, што дваццатага недзе сакавіка мінулага года я даведаўся, што Васіль Уладзіміравіч кладзецца на апэрацыю ў Празе, мне патэлефанаваў сын, які тады працаваў на Радыё Свабода”, Віталь Тарас—тут вы знойдзеце, у гэтай кніжцы, інтэрвію, якія ён браў у Васіля Ўладзіміравіча—сказаў, што Васіль хацеў бы, каб мы пабачыліся. Я паехаў у Прагу, але я сустрэў здаровага й нават вясёлага, такога ўсьмешлівага Васіля, і зусім было не падобна, што ён—сьмяртэльна хворы чалавек, што яго чакае такая страшная апэрацыя. Шмат пра што гаварылі, пра што—я напісаў у сваіх успамінах “Доўгая дарога да Васіля”, якія ўвайшлі ў кніжку, складзеную Генадзем Бураўкіным. Разам зь ім я быў на сьвяткаваньні чарговых угодкаў БНР, разам выступалі там, і такая дэталь: пасьля ўрачыстасьцяў ён падышоў, кажа: “Давай разьвітаемся, давай абдымемся, таму што мне на апэрацыю праз два дні.” Ну, як мы заўсёды ў такіх выпадках кажам: “Ды што ты, Васіль!” Ён сказаў: “Знаеш што, мы дарослыя людзі, усё можа быць—давай разьвітаемся, таму што гэта як на вайне: пойдзеш—і ня вернесься, кулі сьвішчаць каля самай скроні.” Ну, разьвіталіся—потым была апэрацыя. Недзе на трэці дзень пасьля яе Ірына Міхайлаўна сказала, што я магу да яго зайсьці. Я зайшоў—ён быў, як я цяпер разумею, у стане такой пасьляапэрацыйнай эйфарыі, здаваўся, зноў-жа, вясёлым, ружовы нават такі—паўляжаў, канечне, яшчэ рознымі правадкамі гэтымі аблытаны. Гаварылі мала, больш глядзелі адзін на аднаго. І зноў жа такая дэталь, што гэта быў за чалавек: ён менш за ўсё думаў пра сябе, і больш пра іншага, свайго бліжняга. Я ўзяў яго за руку, так маўкліва, ну і маліўся пра сябе, прасіў вышнія сілы, каб нешта ад мяне пералілося ў яго. І ён раптам так раскрыў вочы, усьміхнуўся й кажа: “Валя, ну не намагайся ты так, супакойся, усё будзе добра.” Вось такая чалавечая дэталь, якая яго характарызуе. Там жа ў Празе ён папрасіў мяне перакласьці на расейскую мову “Доўгую дарогу дадому”. Я б не хацеў, каб размова пра гэты рускі пераклад прагучала нейкім дысанансам у сьвятле таго, што тут казаў спадар Трусаў і іншыя мае сябры і калегі. Я абсалютна цалкам далучаюся да ўсяго, што тут гавораць пра нашу мову. І сам апошнім часам, будучы шмат дзесяцігодзьдзяў рускамоўным літаратарам, стаў пісаць на сваёй роднай мове, на беларускай, на мове маіх дзядоў і прадзедаў—але і па-руску можна змагацца за беларушчыну, і Васіль папрасіў перакласьці гэтую кніжку, таму што калі даведаліся пра “Доўгую дарогу дадому” ягоныя маскоўскія сябры, пасыпаліся такія, так бы мовіць, заяўкі. І ён сказаў: “Ну вось, мая табе апошняя просьба і, калі хочаш, даручэньне.” Зрабіў адпаведны надпіс на беларускім арыгінале. І я адкінуў усе свае справы і зрабіў гэта, вось кніжка ўжо друкуецца, да 80-годзьдзя з дня нараджэньня Васіля Ўладзіміравіча павінна выйсьці ў сьвет. Ну і я б хацеў усё-ткі сказаць некалькі слоў пра кніжку, якую сёньня тут прэзэнтуюць. Яна зрабіла на мяне вялізнае ўражаньне двума момантамі: першы—гэта калі я яе ўзяў у рукі, і нават яшчэ й не разгарнуў, не прагартаў, не паглядзеў—партрэт, які на вокладцы, мяне дужа ўразіў. Я ўбачыў: Васіль суровы, нібыта толькі што яго чымсьці дужа раззлавалі, і разам з тым—усьмешка, затоеная ў вачох, у куточках вуснаў, іранічная такая ўсьмешка. Ён, дарэчы, да ўсяго таго, што мы ненавідзім, як і ён, да гэтай зялёна-шэра-бура-малінавай брыдоты, якая ўсталявалася ў нашай краіне, ставіўся вельмі іранічна і саркастычна. І вот у адной з размоў я прывёў яму афарызм Станіслава Ежы Леца ў маім перакладзе з польскай: “Жыцьцё чалавека і час гістарычны—мірг вока вечнасьці. Іранічны.” Васіль Уладзіміравіч задаволена гмыкнуў, засьмяяўся й сказаў: “Вось гэта правільна”. І вось гэта вельмі ўласьціва было яго пазыцыі чалавечай і публіцыстычнай. А другі момант—гэта апошні разьдзел гэтай кнігі, ужо пасьля Быкава—гэта рэпартажы, якія былі створаны журналістамі “Свабоды” пачынаючы з 22 чэрвеня, з дня яго сьмерці. Яны паказалі тут найвысачэйшы прафэсіяналізм журналісцкі, і разам з тым велізарнае чалавечае хваляваньне, сапраўдную любоў да Быкава, сапраўднае адчуваньне гістарычнасьці моманту адыходу Быкава, і стварылі такі магутны рэквіем. Я думаю, ён застанецца ў гісторыі беларускай дэмакратычнай журналістыкі назаўсёды. Ён сам быў хваляй свабоды—я думаў пра гэта тут, у гэтай залі, калі выносілі труну, яна плыла на хвалях народнага мора—я думаў пра гэта, што ён сам быў хваляй свабоды, ён сам выпраменьваў свабоду, ён быў глытком свабоды для мільёнаў беларусаў, неабыякавых да сваёй зямлі. Кажуць, радыёхвалі не зьнікаюць: яны й сёньня нясуць голас Быкава недзе ў сусьвет, у вечную прастору, у вечны час. Я веру ў гэта. Я нават думаю, што можа недзе нейкія разумныя істоты недзе ловяць і расшыфроўваюць гэтае слова. Шчасьлівай дарогі, Васіль! (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Апошні публічны выступ Васіля Быкава адбыўся летась у Празе, на вечарыне прысьвечанай Дню Волі, 25-га сакавіка. Сёньня гэты зварот да суайчыньнікаў гучыць як запавет. У ім Васіль Быкаў гаворыць пра сьвечку надзеі для нас, беларусаў.

(Быкаў: ) “Дарагія беларусы, шаноўныя нашы госьці! 85 гадоў таму беларусы зьдзейсьнілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, не вызвалілі краіну, не дамагліся свабоды, але іх подзьвіг будзе адзначаны яшчэ доўга, можа быць—да канца стагодзьдзя. Таму што яны запалілі кволую сьвечачку надзеі сярод беларусаў. І вот гэтая акцыя аказалася самай важнай і самай бясцэннай. Пры яе сьціплым сьвятле яны як маглі і змагаліся ж—з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкараніліся ў гаротным народзе. Мы ўсьцешаны, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён лае спадзяванак шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю—тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця. Дык няхай яна гарыць, наша кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як лепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас—з думкай: а раптам прыйдзе час, і яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога агеньчыка, ня ўспыхне нічога, і для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай начы, мы—божыя стварэньні, людзі, і мы маем права на боскую долю. Памажы нам, Гасподзь—і жыве Беларусь!” (Аплядысмэнты.)

(Вядучая: ) Цяпер яшчэ раз слова гаспадару гэтай залі, старшыні Саюза пісьменьнікаў Беларусі Алесю Пашкевічу, і пытаньне: што будзе рабіць, будзе зроблена Саюзам Пісьменьнікаў да гадавіны сьмерці Васіля Быкава.

(Пашкевіч: ) Я б не хацеў гаварыць пра гадавіну сьмерці Васіля Быкава. Сёньня гучыць голас пісьменьніка, сёньня ёсьць ягоныя кнігі, таму лепш будзем гаварыць пра 80-я ўгодкі з дня нараджэньня прарока зямлі беларускай. Да гэтых угодкаў Саюз Беларускіх Пісьменьнікаў разам зь Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэтам ладзіць міжнародную навуковую канфэрэнцыю. Апагеем гэтай канфэрэнцыі будзе вечарына ў гэтай залі, дзе будуць яшчэ й яшчэ згадкі пра пісьменьніка, будуць успаміны пра яго, будуць прэзэнтацыі згаданых кніг і кнігі не згаданай—кнігі новых твораў Васіля Быкава “Парадоксы жыцьця”, якая выдаецца высілкамі Саюза беларускіх пісьменьнікаў і выдавецтва “Беллітфонд”. Гэта кніга па-беларуску і ў перакладах на расейскую мову. З нумара ў нумар знаёміць чытачоў Беларусі й ня толькі Беларусі зь неапублікаванымі раней творамі Васіля Быкава літаратурны часопіс “Дзеяслоў”, да выданьня якога спрычынена ўсё кіраўніцтва Саюза Пісьменьнікаў на чале з Барысам Пятровічам. Пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў створаны грамадзкі аргкамітэт па ўшанаваньні памяці Васіля Быкава, адкрыты рахунак дзеля дабрачынных, дабрадайных складкаў. Наогул, робіцца грамадзтвам Беларусі, чытачамі твораў Васіля Быкава ўсё што магчыма. І, мне здаецца, тое, што мы ў першую чаргу памятаем пра Васіля Ўладзіміравіча, тое, што мы шануем і аберагаем ягонае слова—гэта найбольшая даніна і самая вялікая справа, якую мы можам зрабіць у сёньняшні дзень. У адным са сваіх свабодаўскіх інтэрвію на пытаньне “Навошта пісаць?” Васіль Быкаў адказаў прыкладна наступнае: “Не зважаючы на нішто, кожны сапраўдны творца павінен пісаць нават калі яго не пачуюць. Гаворачы пра ўлады, ён сказаў, за імі —перамога, за намі ж—ісьціна.” На заключэньне, на завяршэньне сёньняшняй сустрэчы я хачу пажадаць усім нам, каб у рэшце рэшт нашая ісьціна перамагла. Я далучаю свой голас віншаваньня з нагоды выхаду ў сьвет кнігі “Быкаў на Свабодзе”, я віншую з поўняй веку беларускую радыёстанцыю “Свабода”, віншую ўсіх яе слухачоў і аўтараў. Няхай і надалей сьмела трымціць і гарыць беларуская сьвечка надзеі. І на завяршэньне—тыя словы, якія ўжо гучалі, якія прамовіў з вышыняў Васіль Уладзіміравіч Быкаў, а ў ХХ стагодзьдзі адным зь першых прамовіў гэтыя словы яшчэ адзін народны пясьняр і прарок беларускае нацыі Янка Купала: “Жыве Беларусь!”

(Усе ў залі: ) Жыве!

(Аплядысмэнты.)

(Гучыць песьня “Радыё Свабода” ў выкананьні гурту “Уліс”)

(Вядучая: ) Вось пад гэтую песьню, якую выконваюць таксама слухачы “Свабоды” з гурту “Уліс”, я прашу падняцца на сцэну ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода”, якія ёсьць у гэтай залі. Калі ласка! На сцэну запрашаюцца супрацоўнікі Радыё Свабода! Запрашаюцца таксама стваральнікі кнігі—мастак Генадзь Мацур, які афармляў кнігу “Быкаў на Свабодзе”, Аляксандра Макавік, якая была стыль-рэдактарам. Наша вечарына падыходзіць да канца. Дзякуй усім, хто разам з намі прыйшоў далучыцца да спадчыны вялікага беларускага пісьменьніка. Усім нам пашчасьціла быць яго сучасьнікамі.

(Заля ўстае. Аплядысмэнты.)

(Лукашук: ) Усім вельмі вялікі дзякуй! Заставайцеся са “Свабодай”!

• Поўны варыянт кнігі “Быкаў на Свабодзе” ў электронным выглядзе
XS
SM
MD
LG