Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валдас Адамкус: “Перакананы, што працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі ня спыняцца”


Тацяна Поклад, Вільня Учора ў Літве прайшоў другі тур пазачарговых прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся пасьля таго, як парлямэнт абвясьціў імпічмэнт папярэдняму прэзыдэнту Раландасу Паксасу за парушэньні Канстытуцыі.

У другі тур выбараў выйшлі два кандыдаты – Валдас Адамкус, які быў прэзыдэнтам Літвы у 1998-2003 гг., і Казіміра Прунскене – “бурштынавая лэдзі”, першая прэм’ер-міністр незалежнай Літвы, цяпер – парлямэнтар, лідэр саюзу Партыі сялянаў і партыі Новай дэмакратыі.

Кіраўніком краіны ў другім туры выбараў быў абраны Валдас Адамкус, за якога аддалі свае галасы крыху болей за 52% выбаршчыкаў. За Казіміру Прунскене галасавала каля 48% удзельнікаў выбараў.

Актыўнасьць выбаршчыкаў склала крыху болей за 50%, болей за 8% зь іх бралі удзел праз паштовае галасаваньне.

77-гадовы Валдас Адамкус быў прэзыдэнтам Літвы у 1998 –2003 гг. Палітолягі адзначаюць, што Валдас Адамкус падрыхтаваў глебу для далучэньня краіны да НАТО і Эўразьвязу. Выбар паміж двума кандыдатамі у Літве параўноўвалі з выбарам паміж Захадам і Усходам. Валдас Адамкус, якога асацыююць з заходнім накірункам разьвіцьця, гэтак акрэсьліў палітыку Літвы ў дачыненьні да Беларусі:

“Гэта палітыка добрых суседзкіх дачыненьняў. Я думаю, мы яе здолеем утрымаць, прытрымліваючыся прынцыпаў дэмакратыі. Я перакананы, што працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі ня спыняцца. Дэмакратычная Літва, як добрая суседка, зычыць і Беларусі гэткай жа магчымасьці свабоднага выбару і, калі будзе патрэба, заўсёды дапаможа людзям у Беларусі сьцьвярджаць дэмакратыю. Шкада, што дачыненьні Літвы зь цяперашнімі беларускімі ўладамі могуць быць толькі досыць абмежаванымі, але гэта карэктныя дачыненьні, і іх будучыня залежыць ад людзей Беларусі і ўраду. Літва мае добразычлівыя намеры, каб і паміж людзей, і ўрадаў Літвы і Беларусі былі насамрэч добрыя дачыненьні, каб пашыралася дэмакратыя і дабрабыт для ўсіх людзей.”

І літоўскія, і замежныя аглядальнікі адзначаюць, што перамога В.Адамкуса азначае перамогу заходняга, дэмакратычнага накірунку разьвіцьця.

За В.Адамкуса галасавалі найбольш жыхары вялікіх местаў, такія літоўскія рэгіёны, як Аўкштайція, памор’е, памежная зь Беларусьсю Дзукія (асабліва памежны Варэнскі раён), а таксама літоўскія грамадзяне, якія жывуць за мяжой – апрача літоўцаў у Расеі й Беларусі, якія галасавалі пераважна за К.Прунскене.

Вясковыя рэгіёны, дзе кампактна пражываюць беларусы – Паўднёва-Ўсходняя Літва, асабліва Салечніцкі раён – бальшыню галасоў аддалі К.Прунскене. Гэта другі выпадак, калі Паўднёва-Ўсходняя Літва галасавала падобна да Жэмайціі: сымпатыі абодвух рэгіёнаў у часе папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў былі на баку Р.Паксаса, які на гэтых выбарах падтрымаў кандыдатуру К.Прунскене.
XS
SM
MD
LG