Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшанавалі памяць Янкі Купалы


Галіна Абакунчык, Менск 28 чэрвеня ў залатагорскім касьцёле Сьвятога Роха ў Менску адбылося памінальнае набажэнства з нагоды 62-й гадавіны з дня гібелі ў Маскве народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Ускладаньнем кветак на магілу паэта на менскіх Вайсковых могілках памяць Янкі Купалы таксама ўшанавалі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

На жалобную літургію, а затым да магілы прыйшлі літаратары, супрацоўнікі музэю, некаторыя менчукі й сваякі паэта. Падчас прамоваў яны згадвалі творчы геній Янкі Купалы, ягоны драматычны лёс і трагічную, загадкавую гібель у маскоўскім гатэлі ў чэрвені 1942 году. Як гэта было, згадвае пляменьніца Янкі Купалы, Ядвіга Раманоўская:

(Раманоўская: ) “Гэта так таямніча і для нас. І Ўладзіслава Францаўна не паехала, яна заўсёды зь ім усюды ішла. Ці гэта выпадкова, ці не, але з родных нікога не было і на пахаваньні. Я толькі даведалася ад суседзяў: яны пачулі па радыё і мне сказалі. Са мной мая сястра старэйшая жыла, мы вельмі плакалі й не маглі прызнацца адна адной, што страцілі вельмі добрага дзядзьку, для нас — бацьку. Для нас ён быў, фактычна, бацькам”.

Аддаць даніну памяці клясыку нацыянальнай літаратуры не прыйшлі толькі дзяржаўныя чыноўнікі, а таксама ўпершыню за апошнія гады — прадстаўнікі дзяржаўных мэдыяў. Вось як гэта пракамэнтаваў навуковец Радзім Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “Гэта, канечне, на дзяржаўным узроўні павінна было быць. Хоць афіцыйна Купала — сьцяг Беларусі, гэта прызнаецца і ўрадам. Вось гэты кліч, “Жыве Беларусь!” — гэта ж ён першы сказаў, уся вэртыкаль пра гэта гаворыць, па сутнасьці, але ж забараняюць гэтыя словы. Увесь час нейкае двудушша, як мой дзядзька пісаў. Каб і ў газэтах было, каб гаварылі пра дзень сьмерці — як гэта было, то, безумоўна, і людзей прыйшло б больш”.

Беларускія і расейскія дзяржаўныя чыноўнікі больш за два гады марудзяць з усталяваньнем помніка Янку Купалу ў Маскве. Але Янка Купала па сваёй сутнасьці ніколі й ня быў дзяржаўным, а заставаўся народным паэтам, — сказаў у інтэрвію Свабодзе Сяргей Законьнікаў.

(Законьнікаў: ) “Янка Купала — гэта мы самі: калі народ змог са сваёй сям’і вылучыць такога геніяльнага паэта, то такі народ мае патэнцыйныя сілы. Што б там ні было, тое багацьце, якое пакінуў Купала ў паэзіі, драматургіі, іншых жанрах, яно застаецца і будзе дапамагаць нашаму народу стаць сапраўдным народам і будаваць сваю незалежную дзяржаву”.

Да 122-й гадавіны з дня нараджэньня Янкі Купалы 7 ліпеня прымеркаваная ўрачыстасьць у Купалаўскім парку каля помніка паэту, а таксама літаратурнае сьвята на радзіме песьняра ў Вязынцы. Таксама рыхтуецца да друку зборнік паэзіі Янкі Купалы на ангельскай мове.
XS
SM
MD
LG