Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі патрабуюць сумленных і справядлівых выбараў


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскія грамадзкія арганізацыі і партыйныя актывісты падтрымалі патрабаваньне народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс” і дэпутацкай групы “Рэспублікі” наконт правядзеньня сумленных і справядлівых выбараў.

Сваю падтрымку патрабаваньню справядлівых і сумленных выбараў выказалі сябры зьліквідаваных грамадзкіх арганізацыяў: “Грамадзянскіх ініцыятываў”, жаночага аб’яднаньня “Ініцыятыва”. А чальцы Аб`яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карнеенка і ПКБ Сяргей Сяргеенка праз улёткі зьвярнуліся да гомельскіх выбарцаў зь інфармацыяй, у якой тлумачаць, што выбары цяпер у большай ступені залежаць не ад таго, як галасуюць выбарцы, а як іхнія галасы лічаць выбарчыя камісіі.

У якасьці прыкладу прыведзены зьвесткі датэрміновага галасаваньня на 4 участках Савецкага раёну падчас леташніх выбараў у мясцовыя Саветы. Назіральнікі ад грамадзкіх арганізацыяў сьцьвярджаюць, што за 5 дзён датэрміновага галасаваньня на іхных участках прагаласавала на 16-23 адсоткі выбарцаў меней, чымсьці паказвалі падкантрольныя выканкамам выбарчыя камісіі.

Таму Віктар Карнеенка і Сяргей Сяргеенка прапанавалі гамельчукам ставіць свае подпісы пад патрабаваньнем унесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс. Гэта, па-сутнасьці, тыя патрабаваньні, якія сталіся прычынаю галадоўкі дэпутатаў групы “Рэспубліка” і якія парлямэнт адрынуў 22 чэрвеня.

Пра рэакцыю гамельчукоў на прапанову грамадзкіх і партыйных актывістаў патрабаваць унясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства распавядае адзін з аўтараў улёткі, кіраўнік зьліквідаванага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, сябра АГП Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Насельніцтва рэагуе надзіва зацікаўлена. Мы атрымліваем шмат лістоў, прычым лістоў калектыўных. Ва ўлётцы мы пакінулі староначку для подпісаў жыхароў. Я магу сказаць, што на сёньняшні дзень толькі адзін чалавек напісаў: “Я выступаю за пажыцьцёвае кіраваньне Лукашэнкі і ніякіх зьменаў не патрэбна”. Выбаршчык павінен ведаць, што яго голас – гэта каштоўнасьць, і ні ў якім выпадку нельга аддаваць вось гэтую ўласную каштоўнасьць бюракрату, каб ён ёю карыстаўся”.

Наконт таго, ці даможацца апазыцыя ўнясеньня зьменаў у выбарчае заканадаўства, меркаваньні ў шараговых выбарцаў розныя. Але многія, зь кім давялося размаўляць, выказвалі сумнеў у якім-небудзь посьпеху:

(Гамяльчук: ) “Я сумняваюся з аднае простае прычыны: паколькі Фралоў галадаў і яго не пачулі, апазыцыя нічога зрабіць ня зможа. Грамадзтва яшчэ не сасьпела”.

Таксама вартае ўвагі тое, што далёка ня ўсе гараджане бачаць сябе ў ролі ініцыятараў пераменаў у грамадзтве.
XS
SM
MD
LG