Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каталіцкі сьвет ушаноўвае сьвятых апосталаў Пятра і Паўла


Ул. інф. Падзеі ў Беларусі і ў сьвеце 29 чэрвеня

29 чэрвеня каталіцкі сьвет ушаноўвае сьвятых апосталаў Пятра і Паўла.

29 чэрвеня 1940 году адбылася адна з найбуйнейшых дэпартацыяў сялян Заходняе Беларусі ў Сібір. Толькі за адзін гэты дзень было вывезена 23 тысячы чалавек. А ўсяго ў выніку аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Беларусі ў ГУЛАГ патрапіла 120 тысяч заходнебеларускіх сялян. Гэта былі галоўным чынам найбольш заможныя і спраўныя гаспадары.

На 29 чэрвеня 1941 году ў Менску было заплянаванае ўрачыстае адкрыцьцё новага Камсамольскага возера і купальнага сэзону. У гэты ж дзень у сталіцы мусіў быў адбыцца грандыёзны Ўсебеларускі парад фізкультурнікаў перад Домам ураду. Аднак пляны былі перакрэсьленыя вайной: у гэты дзень у Менску кіравала жыцьцём ужо зусім іншая адміністрацыя.

29 чэрвеня 1944 году савецкая армія працягвала выцясьняць немцаў з тэрыторыі Беларусі. У гэты дзень быў вызвалены ад немцаў Бабруйск.

Цяпер пра біяграфічныя даты.

29 чэрвеня 1906 году прыйшоў на сьвет расейскі савецкі ваеначольнік Іван Чарняхоўскі, які камандаваў 3-м Беларускім фронтам. Яшчэ за нашай памяцьцю помнік Чарняхоўскаму стаяў пасярод Вільні на праспэкце Гедыміна. Пад помнікам была магіла Чарняхоўскага. Калі помнік сабраліся прыбраць, беларускія ўлады выступілі зь ініцыятывай паставіць яго ў сябе. Аднак справа скончылася нічым. Помнік і магіла Чарняхоўскага былі перанесеныя на радзіму героя ў расейскую глыбінку.

29 чэрвеня 1925 году нарадзіўся беларускі акадэмік Юры Астроўскі. Будучы вучоны прыйшоў на сьвет у Менску. Ён зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё беларускае мэдыцыны, быў дырэктарам Інстытуту біяхіміі Акадэміі Навук. Юры Астроўскі – стваральнік Гарадзенскай біяхімічнай школы. Яшчэ ён быў вядомы як сьведамы беларус і браў чынны ўдзел у працы Таварыства Беларускай Мовы. Ня стала акадэміка Астроўскага ў 1991 годзе.

З сусьветна вядомых дзеячоў культуры, што нарадзіліся 29 чэрвеня, згадаем францускага пісьменьніка Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. Чытаць яго пачынаюць зь дзяцінства ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Экзюпэры шмат і добра перакладалі на беларускую мову. Скажам, ягоная знакамітая прыпавесьць “Маленькі прынц” у беларускім перакладзе Ніны Мацяш даўно стала бібліяграфічнай рэдкасьцю.
XS
SM
MD
LG