Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскія дэпутаты абяцаюць, што будуць уздымаць у Эўрапарлямэнце беларускія пытаньні


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Праз тры тыдні ў Страсбуры распачнецца паседжаньне Эўрапейскага парлямэнту новага, шостага скліканьня. Між тым дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Польшчы ўжо цяпер заяўляюць, што будуць актыўна ўздымаць у Страсбуры пытаньні, зьвязаныя з дапамогай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і адначасова рэагаваць на парушэньні правоў чалавека цяперашнімі беларускімі ўладамі.

Нагадаю, што ў Эўрапейскім парлямэнце Польшча мае 54 дэпутацкія крэслы, што стварае прыкладна 7% ад агульнай колькасьці парлямэнтарыяў – гэта значна больш, чым іх мае шэраг краінаў Эўразьвязу.

Правесьці сваіх дэпутатаў у Эўрапарлямэнт у выніку нядаўніх выбараў атрымалася ў сямі партыяў. У прадстаўніка адной зь іх, дэпутата ад партыі “Закон і справядлівасьць” Адама Беляна мы спыталіся, ці будуць польскія дэпутаты ў часе паседжаньняў і працы ў камісіях закранаць беларускія пытаньні.

(Белян: ) “Так, канешне. Нас толькі што абралі ў Эўрапарлямэнт, мы пачнем працу праз тры тыдні і тады будзем ведаць, што канкрэтна зможам зрабіць для Беларусі. Але тое, што мы будзем працаваць на карысьць усталяваньня дэмакратыі ў Беларусі й выпрацоўкі эфэктыўнай палітыкі аб’яднанай Эўропы, у тым ліку і ў дачыненьні да вашай краіны – гэта напэўна. Эўрапарлямэнт павінен быць больш актыўны ў гэтай справе. Я пакуль не размаўляў зь іншымі дэпутатамі ад Польшчы, але, наколькі я ведаю, у польскіх палітыкаў, нягледзячы на ідэалягічныя разыходжаньні, ёсьць адзіны погляд на сытуацыю ў Беларусі, так што з супрацоўніцтвам праблемаў ня будзе”.

Словы спадара Беляна нашаму радыё пацьвердзілі яшчэ некалькі дэпутатаў Эўрапарлямэнту: прыкладам, прадстаўнікі партыі “Грамадзянская плятформа” ці кіруючага цяпер Саюзу Левых дэмакратаў.

Акрамя таго, эўрапейскія СМІ паведамлялі, што сьпікерам Эўрапарлямэнту мае рэальны шанец стаць таксама прадстаўнік Польшчы, былы міністар замежных справаў, прафэсар Браніслаў Герэмэк, якога добра ведаюць і паважаюць у Эўропе. Кандыдатуру Герэмка падтрымлівае, сярод іншых, старшыня Эўрапейскай камісіі Рамана Продзі. У першыя дні паседжаньня Эўрапейскага парлямэнту стане вядома, хто афіцыйна вылучыць Браніслава Герэмка на пасаду старшыні Эўрапарлямэнту – цяперашнія Хрысьціянскія дэмакраты ці новая Дэмакратычная партыя, якую хочуць стварыць менавіта Продзі і Герэмэк.

Што да стаўленьня спадара Герэмка да сытуацыі ў Беларусі, дык хопіць хіба працытаваць толькі адно ягонае выказваньне, якое нядаўна прагучала ў інтэрвію беларускай Свабодзе: “Апошнія дзесяць гадоў Беларусь страціла, але трэба зрабіць усё, каб беларусы як мага хутчэй сталі нармальным партнэрам і суседам Польшчы. Думаю, што Беларусь можа стаць сябрам Эўразьвязу праз 15 гадоў, бо тое, што цяпер перашкаджае ёй гэта зрабіць, можа быць зьмененае адным павевам ветру, і тады ўсё будзе добра”.
XS
SM
MD
LG