Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірак: хроніка змаганьня і вызваленьня – ад студзеня 2002 году да 28 чэрвеня 2004 году


Юры Дракахруст, Прага Мы прыгадваем ключавыя моманты канфлікту, вайну, падзеньне рэжыму Садама Хусэйна, тэрарыстычныя напады, усталяваньне новага Іраку.

У студзені 2002 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у штогадовым пасланьні кангрэсу назваў тры краіны, якія пагражаюць міжнароднай бясьпецы.

(Буш: ) “Дзяржавы, такія як Ірак, Іран і Паўночная Карэя, і іх саюзнікі-тэрарысты складаюць “вось зла”, узброеную, каб пагражаць міжнароднаму міру”.

Крыху больш чым праз год пачалася вайна. 20 сакавіка 2003 году Джордж Буш абвесьціў пра пачатак баявых дзеяньняў.

(Буш: ) “Па маім загадзе сілы кааліцыі пачалі наносіць удары па выбраных важных ваенных аб’ектах, каб падарваць здольнасьць Садама Хусэйна весьці вайну. Гэта першая стадыя фармаваньня шырокай і згуртаванай кааліцыі”.

Нягледзячы на перасьцярогі скептыкаў, баявыя дзеяньні працягваліся менш чым месяц. 9 красавіка ў Багдадзе амэрыканскія салдаты разам з іракцамі скінулі статую Хусэйна, што стала сымбалем падзеньня рэжыму дыктатара. У той жа дзень 9 красавіка міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд сказаў:

(Рамсфэлд: ) “Робіць натхняльнае ўражаньне від свабодных іракцаў, якія сьвяткуюць на вуліцах, едуць на амэрыканскіх танках, нішчаць статуі Садама Хусэйна ў цэнтры Багдада. Нельга не прыгадаць падзеньне Бэрлінскага муру і крах жалезнай заслоны. На нашых вачох разварочваюцца падзеі, якія мяняюць жыцьцё краіны, лёс народу і будучыню ўсяго рэгіёну”.

1 траўня 2003 году прэзыдэнт Буш на борце авіяносца “Абрагам Лінкальн” абвесьціў пра перамогу.

(Буш: ) “Асноўныя вайсковыя апэрацыі ў Іраку завершыліся. У змаганьні за Ірак Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі перамаглі”.

Аднак пасьля вызваленьня Ірак сутыкнуўся з хваляй тэрору. Ахвярамі яго рабіліся ня толькі амэрыканскія салдаты, але і іракцы, а таксама супрацоўнікі міжнародных арганізацыяў. У жніўні 2003 году выбухам бомбы быў забіты пасланьнік ААН у Багдадзе Сэрджыё Віера Ді Мэлва і 20 ягоных супрацоўнікаў. Генэральны сакратар ААН Кофі Анан заявіў тады.

(Кофі Анан: ) “Нас не павінны спыніць гэты бессэнсоўны і жорсткі акт гвалту. Тыя, хто забілі нашых калегаў, зрабілі злачынства, злачынства ня толькі супраць Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў, але і супраць Іраку”.

У сьнежні 2003 году пасьля шматмесячных пошукаў амэрыканскія войскі знайшлі ў падземнай нары былога дыктатара Іраку Садама Хусэйна. Вось як абвесьціў пра гэта амэрыканскі адміністратар Іраку Пол Брэмэр.

(Брэмэр: ) “Спадары і спадарыні, мы схапілі яго”.

Аднак захоп Хусэйна не спыніў тэрору. Адну з самых небясьпечных ірацкіх тэрарыстычных груповак узначальвае кіраўнік мясцовай філіі Аль Каеды Абу Мусаб Заркаўі. Вось што казаў пра яго ў лютым сёлета прэсавы сакратар сілаў кааліцыі Дан Сэнор.

(Сэнор: ) “Кааліцыя апублікавала плян Абу Мусаба Заркаўі. Гэта – праект тэрору для Іраку. Гэты плян заклікае да грамадзянскай вайны, правакуе нянавісьць адной этнічнай групы да іншых, спадзеючыся на падзел краіны”.

Гэтай вясной гарачымі кропкамі баявых сутыкненьняў ірацкіх радыкалаў з амэрыканскімі войскамі стаў горад Фалуджа. Там ішлі шырокамаштабныя баі.

Увесну сталі вядомыя факты зьдзекаў амэрыканскіх турэмнікаў з ірацкіх вязьняў у багдадзкай турме Абу-Грэйб. Амэрыканскія ўлады не спрабавалі схаваць гэтыя ганебныя ўчынкі. Прэзыдэнт Буш заявіў наступнае.

(Буш: ) “Дзеяньні гэтай купкі людзей не адлюстроўваюць душу амэрыканскага народу. Амэрыканцы настолькі ж абураныя тым, што бачылі па тэлебачаньні, як і ірацкія грамадзяне. Іракцы павінны зразумець гэта. І таму будзе праведзенае поўнае дасьледаваньне і вінаватыя панясуць адказнасьць перад судом”.

Яшчэ напачатку гэтага году ўрад ЗША заявіў, што перадасьць уладу ў Іраку іракцам да 30 чэрвеня. Напачатку чэрвеня ірацкія палітыкі абралі старшынём новага пераходнага ўраду Іяда Алаўі. Падчас прызначэньня ён заявіў.

(Алаўі: ) “Пасьля 35 гадоў бязьлітаснай тыраніі і пасьля вызваленьня Іраку сіламі кааліцыі пад кіраўніцтвам Злучаных Штатаў мы пачынаем наш рух да сувэрэнітэту і дэмакратыі і ўсталёўваем часовы ўрад Іраку на гэтых ростанях ў жыцьці нашай нацыі”.

Нарэшце 28 чэрвеня адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы ўлады ад кааліцыі ірацкаму ўраду. Сымбалічна прагучалі словы Пола Брэмэра, які больш чым год увасабляў для іракцаў уладу кааліцыі.

(Брэмэр: ) “Я вітаю крокі Іраку да заняцьця паўнапраўнага і пачэснага мейсца сярод свабодных нацыяў сьвету – віншую, Пол Брэмэр, былы кіраўнік адміністрацыі Іраку”.
XS
SM
MD
LG