Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміце НАТО ў Стамбуле ёсьць і прадстаўнікі Беларусі


Віталь Цыганкоў, Прага НАТО падтрымлівае прысутнасьць шматнацыянальных сілаў у Іраку. Краіны альянсу таксама пастанавілі павялічыць колькасьць сваіх войскаў у Аўганістане з 6 да 10 тысячаў чалавек. Гэта першыя рашэньні саміту кіраўнікоў краінаў НАТО, які адкрыўся сёньня ў сталіцы Турэччыне Стамбуле. Падрабязьней пра падзею, а таксама пра беларускую прысутнасьць на саміце расказвае наш карэспандэнт.

Стамбульскі саміт адметны найперш тым, што ўпершыню ў сустрэчы такога маштабу бяруць удзел кіраўнікі сямі новых удзельніц альянсу – Баўгарыя, Латвія, Літва, Румынія, Славаччына, Славенія, Эстонія. Палітыкі і аналітыкі ў гэтай сувязі нават ужываюць паняцьце “новае НАТО”. Гэтак, прынамсі, казаў на цырымоніі адкрыцьця саміту Генэральны сакратар NATO Яп дэ Гоп Схэфэр заявіў:

(дэ Гоп Схэфэр: ) “Нашыя сёньняшнія рашэньні нададуць далейшую форму і зьмест новаму НАТО і запэўняць, што альянс цалкам можа выконваць новую ролю. Гэтыя рашэньні павінны даказаць, што НАТО мае палітычныя і ваенныя сродкі, каб фармаваць міжнародную бясьпеку, і што нашыя рэсурсы працягваюць адпавядаць нашым місіям”.

Адным з такіх рашэньняў, якое ставіць за мэту ўзьняць аўтарытэт альянсу, стала пастанова павялічыць міратворчыя сілы ў Аўганістане ад 6.500 да 10.000 вайскоўцаў. Гэта павінна адбыцца да верасьня, калі ў Аўганістане маюць прайсьці першыя пасьля кіраваньня талібану усеагульныя выбары.

Ня дзіва, што сёньня, у дзень перадачы ўладных паўнамоцтваў у Іраку самім іракцам, адной з галоўных тэмаў саміту сталася іракская тэма.

Пасьля леташняга процістаяньня наконт вайны ў Іраку паміж ЗША, Брытаніяй, Італіяй, з аднаго боку, з Францыяй і Нямеччынай – з другога, альянсу важна было прадэманстраваць пэўную згоду. І здаецца, гэта збольшага ўдалося – удзельнікі саміту прынялі сумесную заяву па Іраку.

У дакумэнце вітаецца прыняцьцё Радай бясьпекі рэзалюцыі ў справе Іраку і гаворыцца пра гатовасьць удзельнікаў НАТО спрыяць яе рэалізацыі. НАТО таксама станоўча адгукнулася на заклік новага іракскага кіраўніцтва дапамагчы ў навучаньні і экіпіроўцы новых сілаў бясьпекі краіны.

І нарэшце, пра беларускі аспэкт саміту. Трэба сказаць, што ў Стамбул прыехалі ня толькі кіраўнікі краінаў альянсу, але і прэзыдэнты Малдовы, Украіны, міністар замежных справаў Расеі – усяго прадстаўнікі 50 краінаў.

Афіцыйную Беларусь на саміце прадстаўляюць Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Генадзь Нявыглас, міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў і міністар абароны Леанід Мальцаў.

Таксама у рамках саміту праходзіць канфэрэнцыя пад патранажам прэм’ер-міністра Турэччыны Рэджэпа Эрдагана “Атлянтычны альянс на новым скрыжаваньні”. У ёй бяруць удзел кіраўніца грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская і каардынатар Эўрапейскай ініцыятывы “Свабодная Беларусь” Андрэй Саньнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG