Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сэрбіі на прэзыдэнцкіх выбарах перамог праэўрапейскі рэфарматар Барыс Тадзіч


Паводле папярэдніх вынікаў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Сэрбіі рэфарматар Борыс Тадзіч перамог бескампраміснага нацыяналіста Томіслава Нікаліча.

Прыхільнікі Тадзіча спадзяюцца, што гэтая перамога пацьвердзіць арыентацыю Сэрбіі на далучэньне да Эўразьвязу. Аднак паводле палітычных аналітыкаў, ход праэўрапейскіх рэформаў у Сэрбіі будзе вызначацца ўзроўнем супрацоўніцтва паміж Тадзічам і кааліцыйным урадам сэрбскага прэм’ер-міністра Воіслава Каштуніцы.

Учора ўвечары ў цэнтры Бялграду тысячы людзей радаваліся перамозе Борыса Тадзіча над нацыяналістам Томіславам Нікалічам на прэзыдэнцкіх выбарах у Сэрбіі. Паводле апошніх дадзеных лідэр Дэмакратычнай партыі Тадзіч набраў амаль 54 адсоткі галасоў, а Нікаліч – прыкладна 45 адсоткаў.

Борыс Тадзіч кажа, што цягам пяці гадоў прэзыдэнцтва ён будзе рыхтаваць краіну да далучэньня да Эўразьвязу.

(Тадзіч: ) “Я сапраўды веру, што мы будзем мець новы палітычны стыль ў нашай краіне, і я сапраўды лічу, што гэтыя выбары вельмі важныя ў пэрыяд новых палітычных каштоўнасьцяў у Сэрбіі. Я ёсьць праэўрапейскім кандыдатам. А гэта значыць, што я выступаю за новыя палітычныя каштоўнасьці”.

Аналітыкі пагаджаюцца, што перамога Тадзіча над Нікалічам дасьць новы імпульс Сэрбіі дзеля таго, каб працягнуць рэформы, якія пачаліся амаль чатыры гады таму пасьля скіданьня югаслаўскага прэзыдэнта Слобадана Мілошавіча.

З таго часу рэформы прыпыніліся з прычыны ўнутраных супярэчнасьцяў паміж прадстаўнікамі антымілошаўскай апазыцыі.

Спрабуючы прадказаць, ці ёсьць цяпер лепшы шанец на правядзеньне рэформаў, аналітыкі дасьледуюць дачыненьні паміж Тадзічам і сэрбскім прэм’ерам Воіславам Каштуніцам, які ўзначальвае кабінэт, падтрыманы кааліцыяй меншасьці ў парлямэнце.

Дэмакратычная партыя Тадзіча цягам многіх гадоў вяла барацьбу за ўладу з Дэмакратычнай партыяй Сэрбіі на чале Каштуніцам. І сэрбскі прэм’ер зрабіў галоўны крок да ўрэгуляваньня гэтых рознагалосьсяў, калі публічна падтрымаў кампанію Тадзіча ў другім туры прэзыдэнцкіх выбараў.

Аднак ключавыя палітычная супярэчнасьці пакуль застаюцца – гэта тычыцца супрацоўніцтва з Гааскім трыбуналам у справе вайсковых злачынстваў. Паводле Каштуніцы, гэта ня ёсьць адным зь ягоных прыярытэтаў, а Тадзіч лічыць, што такое супрацоўніцтва ёсьць неабходнасьцю, нават калі многія сэрбы лічаць ганебным перадаваць генэралаў, як яны лічаць, прадузятаму суду.

Уладзімер Гоаці, дырэктар інстытуту грамадзкіх навук у Бялградзе лічыць, што Тадзіч ня будзе імкнуцца правесьці датэрміновая парлямэнцкія выбары. Паводле Гоаці, талерантнасьць Тадзіча ёсьць новай зьявай ў палітычным жыцьці Сэрбіі.
XS
SM
MD
LG