Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць абраньне Валдаса Адамкуса прэзыдэнтам Літвы


Юры Сьвірко, Менск Хаця падчас другога туру літоўскіх прэзыдэнцкіх выбараў перамог былы кіраўнік дзяржавы 77-гадовы Валдас Адамкус, які атрымаў 52% галасоў, за ягоную канкурэнтку — экс-прэм’ера Казімеру Прунскене — прагаласавала амаль 47% выбарцаў Літвы, якія прыйшлі на выбары. На беларускай тэрыторыі, дзе літоўскія грамадзяне галасавалі ў сваіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у Менску і Горадні, бальшыню галасоў сабрала спадарыня Прунскене (амаль 58%).

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, камэнтуючы вынікі выбараў у Літве, быў ляканічны:

(Савіных: ) “Мы разьлічваем, што нашы ўзаемадачыненьні зь Літвой будуць будавацца на добрасуседзкай аснове, актыўна будуць разьвівацца кантакты па ўсіх лініях — як грамадзкіх, эканамічных, гэтак і культурных, спартовых, навуковых. Літва як сябра Эўразьвязу ўяўляе для нас несумнеўны партнэрскі інтарэс”.

А старшыня камісіі міжнародных справаў Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец мяркуе, што пэўныя зрухі ў беларуска-літоўскіх дачыненьнях пасьля выбараў атрымаюць разьвіцьцё.

(Чаргінец: ) “Адамкус, калі быў раней прэзыдэнтам, не праяўляў ніякіх, я бы сказаў, пасьпешлівых высноваў, гучных заяваў, варожых або непрыемных для Беларусі крокаў. Ён нібы заставаўся ўбаку ад таго, што рабілі ў нэгатыўным пляне для нас палітыкі Літвы”.

Былы кіраўнік беларускай дзяржавы Станіслаў Шушкевіч зазначыў, што асабіста ведае Валдаса Адамкуса:

(Шушкевіч: ) “Летась, калі ён ужо ня быў прэзыдэнтам, мы разам чыталі зь ім лекцыі ў Варшаўскім унівэрсытэце, у летняй паліталягічнай школе. Ён чытаў уступную лекцыю, я — заключную. Я зь вялікім задавальненьнем яго віншую з абраньнем, але што я павінен сказаць… 52 працэнты — у роўнай ступені можна віншаваць і Прунскене, што яна таксама карыстаецца вялікай падтрымкай. Самае галоўнае, што ў Літве перамагла дэмакратыя, адбываюцца тыя працэдуры, аб якіх мы можам толькі марыць. І народ выбірае сабе прэзыдэнта, адбыліся сапраўдныя выбары. Там не ўзьнікае нават пытаньня аб фальсыфікацыі, аб падтасоўцы. Тое, што адбыўся імпічмэнт, паказвае, што Літва надзейна стала на шлях дэмакратыі, і я магу толькі зайдросьціць літоўцам”.

Пераабраны напярэдадні старшынём Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікалай Статкевіч заявіў, што перабраньне Валдаса Адамкуса не было вельмі важнай падзеяй:

(Статкевіч: ) “Мабыць, для гістарычнага лёсу гэтай краіны нічога не мянялася, каго б там ні выбралі, таму што Літва ўжо знаходзіцца ў адзінай Эўропе і там дзейнічаюць эўрапейскія стандарты палітычнага жыцьця. Стратэгічнага курсу ніхто з прэтэндэнтаў ня ставіць пад сумнеў, і паўнамоцтвы прэзыдэнта дастаткова малыя. Рэальна краінай кіруе ўрад”.

Мікалай Статкевіч лічыць, што ў двухбаковых беларуска-літоўскіх дачыненьнях абсалютна нічога ня зьменіцца, бо ёсьць агульная лінія Эўразьвязу, у які ўваходзіць Літва.
XS
SM
MD
LG