Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка будзе пры ўладзе столькі ж, як Брэжнеў — 17 гадоў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя апошнія дні чэрвеня многія ўспамінаюць падзеі дзесяцігадовай даўніны, калі Беларусь выбірала свайго першага прэзыдэнта. Паводле Канстытуцыі, якая тады дзейнічала, абраная кіраўніком дзяржавы асоба не магла займаць гэтую пасаду больш як два 5-гадовыя тэрміны. Гэта значыць, што сёлета Беларусь павінна была мець новага прэзыдэнта. Але гісторыя распарадзілася інакш. На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах і слухачы Свабоды.

“Да Лукашэнкі ўжо ўсе прывыклі, і нават цяжка ўявіць, што на ягоным месцы можа зьявіцца хтосьці іншы, — піша Алена Астапенка зь Менску. — Ніводнага іншага палітыка большасьць людзей у Беларусі проста ня ведае. Гэта прыблізна так, як было пры Брэжневе. Брэжнеў кіраваў краінай сямнаццаць гадоў. Напэўна, столькі ж будзе кіраваць і Лукашэнка. Вось зацьвердзяць яму трэці тэрмін, і з 2006 году ён будзе прэзыдэнтам да 2011-га — якраз сямнаццаць гадоў. А Беларусь застанецца, можа, самай незалежнай краінай у Эўропе. У Эўрапейскі саюз яе, натуральна, ня прымуць (ды яна і сама туды ня рвецца). А беларуска-расейскі саюз паціху разваліцца (ён ужо амаль распаўся). І будуць у Эўропе тры сталіцы незалежных дзяржаваў з самастойнай палітыкай — Брусэль, Масква і Менск”.

Апісаны вамі, спадарыня Астапенка, варыянт незалежнасьці Беларусі больш падобны на самаізаляцыю, шляхам якой яшчэ ніводзін народ і ніводная краіна не дасягалі росквіту. Наадварот, найбольшая галеча пануе якраз там, дзе ўсталяваліся самыя жорсткія дыктатарскія рэжымы, якія ізалявалі свае краіны ад зьнешняга сьвету. Так што наўрад ці можна захапляцца такой пэрспэктывай адгароджанай ад Эўропы Беларусі.

Палітычная будучыня Аляксандра Лукашэнкі пакуль цьмяная. Тое, што многія ў Беларусі, сапраўды, ня ведаюць імёнаў іншых палітыкаў, якія могуць прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта, лёгка растлумачыць. Нікому іншаму не даюць месца ў радыё- і тэлеэфіры, на старонках газэтаў. Дайшло да таго, што асноўныя выпускі навінаў галоўнага дзяржаўнага тэлеканалу больш як на палову складаюцца з паведамленьняў пра дзейнасьць аднаго Аляксандра Лукашэнкі. Гэта, сапраўды, вельмі нагадвае эпоху позьняга Леаніда Брэжнева.

Некалькі допісаў на тэму нядаўняй галадоўкі дэпутатаў і шэрагу апазыцыйных актывістаў, якія да яе далучыліся. Электронны ліст ад менскай праваабаронцы Аксаны Новікавай. Слухачка піша:

“Мне здаецца, што дэпутаты, якія галадалі, першыя адмовяцца ад удзелу ў выбарах. Вядома, я вітаю сам факт галадоўкі незалежна ад патрабаваньняў яе ўдзельнікаў і нават нягледзячы на пэўную наіўнасьць звароту па дапамогу да гэбісцка-алігархічнага рэжыму Пуціна. Галоўнае — пачаць. Потым — ужо ня страшна”.

Цяжка сказаць, спадарыня Новікава, на падставе чаго вы зрабілі выснову пра тое, што дэпутаты-галадоўнікі адмовяцца ад удзелу ў выбарах. Іхныя ўчынкі сьведчаць пра іх як пра людзей дастаткова цьвёрдых, прынцыповых і ўстойлівых да ўладнага ціску.

“Вядома, галадоўку дэпутатаў цяжка назваць пераможнай, — піша Уладзімер Лебядзевіч з Горадні. — І ўсё ж гэта быў хоць які-небудзь рух на тле суцэльнага бязьдзеяньня і пасіўнасьці апазыцыі. А яшчэ галадоўка паказала, што па-сапраўднаму рашучых, мужных і пасьлядоўных палітыкаў у Беларусі вельмі мала. Так што вынікі ўсяго гэтага мяне хутчэй засмуцілі, чым парадавалі. Ня маю вялікіх спадзяваньняў на тое, што ў Беларусі ў хуткім часе могуць адбыцца кардынальныя зьмены. Усё паказвае на тое, што восеньскія выбары пройдуць паводле старога сцэнару, апрабаванага ўладай у 2000 і 2004 гадах”.

Так, спадар Лебядзевіч, многае сьведчыць пра тое, што і самі выбары, і іхныя вынікі могуць быць вельмі падобныя да папярэдніх. Дзеля таго, каб гэтага не адбылося, і праводзілі галадоўку дэпутаты.

Наступны ліст ад Васіля Мачуленкі з Гомеля. Ён піша:

“Не магу зразумець — навошта столькі шуму вакол Міхаіла Марыніча. Гэты чарговы апазыцыянэр з таго ж шэрагу, што і іншыя. Шмат гадоў верай і праўдай служыў Лукашэнку, быў міністрам, амбасадарам. А потым уцёк — напэўна, у спадзяваньні на тое, што ўлада хутка можа зьмяніцца, і ён здолее атрымаць больш цёплае месца. Такіх хітруноў ніводная ўлада ня любіць. Каму спадабаецца, калі чалавек, які кляўся табе ў вернасьці, аказваецца здраднікам. Ня думаю, што такія асобы на карысьць і апазыцыі. Але ж амаль уся апазыцыя якраз з такіх людзей і складаецца. Ну, хто самыя яркія яе прадстаўнікі? Лябедзька, Лявонаў, Краўчанка, Фралоў, Саньнікаў, Сініцын, Грыб... Паглядзіце іхныя біяграфіі — яны ж усе заплямілі сябе супрацоўніцтвам з рэжымам. Патрэбныя крыштальна чыстыя асобы, якія і да 1994 году, і пасьля казалі пра Лукашэнку адно і тое ж. А не перабежчыкі, ад якіх у нас уся бяда”.

Мушу заўважыць, спадар Мачуленка, што Міхаіл Марыніч быў міністрам і дэпутатам Вярхоўнага Савета яшчэ да таго, як Аляксандар Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Тое ж можна сказаць і пра іншых асобаў з вашага пераліку. Палітычную кар’еру большасьць іх пачалі задоўга да 1994 году.

Так, біяграфіі ў многіх сёньняшніх кіраўнікоў дэмакратычнай апазыцыі супярэчлівыя. І папрокі гэтым людзям даводзіцца чуць ня толькі ад вас, спадар Мачуленка. Што можна адказаць на такія заўвагі і нараканьні? Адно, што палітыка — занятак увогуле ня надта чысты, у белых пальчатках ёй не займаюцца і захаваць бездакорнасьць біяграфіі ўдаецца рэдка. Можна нагадаць, што, напрыклад, былы расейскі прэзыдэнт — сымбаль расейскай дэмакратыі і магільшчык КПСС Барыс Ельцын быў у свой час кандыдатам у члены Палітбюро ЦК КПСС і прававерным камуністам.

А другое: няма ў Беларусі іншых дэмакратычных лідэраў — зь лепшымі біяграфіямі. Што ёсьць — тое і ёсьць.

На заканчэньне — ліст ад Міхаіла Дубнікава зь мястэчка Парэчча Гарадзенскага раёну. Слухач піша:

“Мне 46 год. Пэрыядычна слухаю вашыя галасы, паважаныя вы нашы беларускамоўныя апякуны. Пішу таму, што мой малодшы брат (44 гады) з усёй сваёй сям’ёй (пяцёра чалавек) слухаюць вас з надзеяй даведацца праўду зь першакрыніцы. Наіўныя, як першакляшкі. Выбачайце за жаданьне выкрыць вашую няшчырасьць, але для мяне вельмі важна ведаць матыў, якім вы кіруецеся. Які матыў разьдзьмутых трансьляцыяў пра сьмерць і пахаваньне 93-гадовага старога? І гэта ў той час, калі літаральна ад голаду і гвалту гінуць тысячы і тысячы дзяцей і падлеткаў. Які матыў запрашэньня Пуціна на юбілей з нагоды адкрыцьця 2-га фронту? Усім жа зразумела, што гэта тэатральнае відовішча, бачнасьць братэрства і адзінства тых людзей, якія насамрэч ёсьць ворагамі і супернікамі ў змаганьні за ўсясьветнае валадараньне”.

А заканчвае Міхаіл Дубнікаў свой ліст паведамленьнем пра тое, што хоча прасіць у Фонду Джорджа Сораса дапамогі:

“Я сасьпеў для таго, каб стварыць апякунскую сям’ю зь “цяжкімі” падлеткамі-сіротамі (пяць-шэсьць хлопцаў гадоў 14–16-ці),— піша слухач. — У прынцыпе, адмовы ад чыноўнікаў Гарадзенскага раёну не было. Галоўная праблема — адсутнасьць жыльлёвых умоваў: патрэбна мінімум 12 квадратных мэтраў плошчы на кожнага (гэтага патрабуе санстанцыя). Хата на хутары плошчай каля 100 мэтраў у Гарадзенскім раёне каштуе каля 10 000 даляраў. Ці магчымая такая дапамога?”

З падобнымі пытаньнямі пра дабрачынную фінансавую дапамогу вам, спадар Дубнікаў, трэба зьвяртацца ў адпаведныя фонды (вы, відавочна, і сам пра гэта ведаеце). Ідэя выглядае неблагой, вось толькі шкада, што яна ў вас не рэалізаваная нават на самым пачатковым узроўні. Прасіць дапамогі ўсё ж больш лягічна, калі відаць хоць нейкі плён вашых намаганьняў у той справе, дзеля якой просіце грошы. У такім разе болей і шанцаў на тое, што такую дапамогу вам акажуць.

Што да вашага паблажліва-іранічнага стаўленьня да сям’і брата, якая хоча ведаць праўдзівыя навіны, і таму слухае Свабоду. Думаю, яны лепш за вас разабраліся ў нашых матывах, хоць, можа, і не задавалі сабе такіх пытаньняў, а проста цікавяцца тым, што адбываецца наўкол. І апошняе: да пытаньня пра тое, якія навіны і чаму выбіраюцца для эфіру. Крытэр тут адзін для ўсіх сродкаў масавай інфармацыі — грамадзкая значнасьць падзеі, інтарэс людзей да яе, маштаб асобы, пра якую распавядаецца. Менавіта таму ва ўсім сьвеце так шмат пісалі пра пахаваньне амэрыканскага прэзыдэнта Роналда Рэйгана, палітычная дзейнасьць якога аказала ўплыў на ўвесь сьвет.

На заканчэньне назаву аўтараў самых цікавых лістоў, якія прагучалі ў аглядзе пошты Свабоды цягам мінулага месяца. У чэрвені пераможцамі прызнаныя Анатоль Жэрдзеў з Гомеля (ліст пра тое, хто і як вызначаў архітэктурнае аблічча беларускіх гарадоў, прагучаў 13 чэрвеня); Сымон Барыс зь Менску — за расповед аб тым, як выпускнікам вясковых школаў у 1950-я гады не дазвалялі пакідаць калгасы (агляд пошты 20 чэрвеня); Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну — 23 чэрвеня прагучалі ягоныя развагі пра тое, як вярнуць зямлі гаспадара.

Усе пераможцы будуць адзначаныя сувэнірамі з сымболікай Радыё Свабода. Віншуем і запрашаем усіх слухачоў да ўдзелу ў нашым конкурсе на самы цікавы ліст на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG