Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ян Павал ІІ даў асабістую аўдыенцыю Рыгору Барадуліну


Сяргей Абламейка, Прага Сёньня, напярэдадні сьвята апосталаў Пятра і Паўла, якое паводле Грыгарыянскага календара адзначаецца заўтра, Папа Рымскі Ян Павал ІІ прыняў на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Рыгор Барадулін прыбыў у Рым у межах спэцыяльнай пілігрымкі, каб уручыць папу свой пераклад “Рымскага трыптыху”.

Пераклад гэтага вялікага паэтычнага твора Караля Вайтылы Рыгор Барадулін падрыхтаваў яшчэ да 25-годзьдзя пантыфікату Яна Паўла ІІ, якое адзначалася летась увосень, але з-за сваёй хваробы змог прыехаць у Рым толькі цяпер. Барадулінскі беларускі пераклад “Рымскага трыптыху” выдадзены невялікім накладам пры дапамозе Беларускай Грэка-каталіцкай царквы.

Рыгор Барадулін, як вядома, зьяўляецца вернікам Менскай грэка-катліцкай парафіі Сьвятога Язэпа. Падчас аўдыенцыі папа Рымскі папрасіў Рыгора Барадуліна перадаць яго апостальскае блаславенства ўсім прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі, якія працуюць для разьвіцьця беларускай хрысьціянскай культуры.

(Абламейка: ) "Якое ў вас уражаньне ад самога Папы і аўдыенцыі?"

(Барадулін: ) "Уражаньне і самае чыстае, і самае ўрачыстае, і трывожнае, таму што я не чакаў такога – што буду бачыць і чуць Папу так блізка. Гэта мара ўсяго майго жыцьця. Мне дужа спадабалася, што Папа такі ўважлівы, што ён настолькі глыбокі чалавек, сьвяты – гэта мяне асьвяціла ўсяго, усю маю натуру".

(Абламейка: ) "Ці ён пасьпеў пазнаёміцца з Вашым перакладам і якой была яго рэакцыя на ваш падарунак?"

(Барадулін: ) "Не пасьпеў. Але ён дужа прыхільна ўзяў кніжку, падараваў мне ружанец – гэта будзе мне як сьвятыня. Я яму перадаў прывітаньне ад беларускай інтэлігенцыі і выказаў сваю радасьць ад працы над яго "Рымскім трыптыхам".

(Абламейка: ) "Калі Вы пачалі працаваць, і што Вас натхніла на пераклад такой вялікай рэчы?"

(Барадулін: ) "Год назад я пачаў працаваць над гэтым перакладам, таму што "Рымскі трыптых" – гэта ня проста паэзія. Таму што ў нас разуменьне паэзіі, як нечага рыфмаванага-нерыфмаванага, рытмізаванага-нерытмізаванага, а тут сама ісьціна прамаўляе. Таму што ў "Рымскім трыптыху" – размова зь вечнасьцю, гэта дападаньне да Вечнай Кнігі і размова са Словам, зь якога ўсё сталася. Гэта не паэзія ў звычайным, традыцыйным значэньньні слова, гэта – водгалас вечнасьці, гэта водгалас сьвятой душы".

(Абламейка: ) "Якое ў Вас уражаньне ад самога Рыму і Ватыкану?"

(Барадулін: ) "Ад самога Рыму... Напрыклад, Сан П''етра – Сабор Сьвятога Пятра, як я паглядзеў, ня зроблены дойлідамі, гэта ня вымуравана – гэта выдыхнута. Гэтыя храмы ўзьведзеныя з дазволу Пана Бога. Па Рыме ходзіш – як у маленства чалавецтва вяртаесься. Самыя сьветлыя ўражаньні ў мяне. Думаю, калі мне дасьць Бог, я нешта напішу пра свае ўражаньні".
XS
SM
MD
LG