Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя галадоўнікі падалі заяўку на акцыю да 10-годзьдзя Лукашэнкавага прэзыдэнцтва


Алесь Дашчынскі, Менск Дэпутаты “Рэспублікі” Валеры Фралоў, Сяргей Скрабец, Уладзімер Парфяновіч падалі заяўку ў Менгарывканкам на правядзеньне ў Менску 21 ліпеня акцыі, прысьвечанай 10-гадоваму праўленьню краінай прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Сярод заяўнікаў таксама лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская, сябра “Зубра” Мікіта Сасім і сустаршыня рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас.

А 18-й гадзіне 21 ліпеня дэпутаты “Рэспублікі” плянуюць сабраць грамадзянаў на плошчы Якуба Коласа ў Менску. Адсюль дэманстранты павінны накіравацца на плошчу Бангалор, дзе адбудзецца мітынг і канцэрт. Паводле Сяргея Скрабца, заяўка на правядзеньне акцыі пададзеная зараней, каб ва ўладаў быў час падумаць, як дапамагчы ў правядзеньні дэманстрацыі, мітынгу і канцэрту. Заяўнікі разьлічваюць на ўдзел як мінімум тысячы чалавек.

(Скрабец: ) “Мы плянуем, каб выступілі дэпутаты групы “Рэспубліка”, інтэлігенцыя, прадпрымальнікі, моладзь, пэнсіянэры, жанчыны, грамадзкія аб’яднаньні, каб абмеркаваць такія пытаньні як узровень пэнсіяў, аплата ў сфэры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, платная ахова здароўя — тыя набалелыя пытаньні, якія цяпер падымаюць у грамадзтве амаль усе людзі. Мы хочам зь імі параіцца і потым згодна зь іх пажаданьнямі — сустрэцца з прэзыдэнтам краіны, бо ня ўсё так добра, як яму дакладаюць”.

(Карэспандэнт: ) “А тыя тры лёзунгі, якія вы выставілі ў часе галадоўкі, яны таксама будуць актуальныя ў часе гэтай акцыі?”

(Скрабец: ) “Мы плянуем яе зрабіць больш не палітычную, а праблемы людзей абмеркаваць: сталі мы лепш жыць ці не? Гэта асноўная мэта гэтай акцыі. А патрабаваць там свабодных выбараў ці ўзьнімаць пытаньне трэцяга тэрміну, на наш погляд, гэта ня вельмі этычна. А што да Марыніча, то мы цяпер змагаемся за яго свабоду”.

Людзі не задаволеныя шляхам, якім ідзе краіна цягам апошніх дзесяці гадоў, могуць выказаць сваю актыўную пазыцыю, лічыць адзін з заяўнікаў Уладзімер Колас. Яшчэ адна з мэтаў акцыі — гэта змаганьне супраць фальсыфікацыі выбараў. Ёсьць спадзяваньне, што да гэтай акцыі падключыцца шырокае кола грамадзкіх арганізацыяў і партыяў. Але ці толькі сацыяльную скіраванасьць будзе мець дэманстрацыя і мітынг 21 ліпеня?

(Колас: ) “Я б не сказаў, што вось гэтае падсумаваньне вынікаў кіраваньня краінай спадара Лукашэнкі — гэта толькі сацыяльныя мэты. І выбары — гэта таксама ня толькі сацыяльныя мэты. Ня трэба выкарыстоўваць эўфэмізмаў, усім ясная мэта гэтай акцыі. Безумоўна, усё гэта павінна быць цывілізавана, у рамках існага заканадаўства, галоўнае, каб сваю грамадзянскую актыўнасьць праявіла як мага больш людзей”.
XS
SM
MD
LG