Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія сацыял-дэмакраты занепакоеныя ўнутрыпалітычнай сытуацыяй у Беларусі


Ул. інф. Адмысловая рэзалюцыя сацыял-дэмакратычнай фракцыі нямецкага Бундэстагу, падставай для якой сталі вынікі візыту ў Менск сябры Бундэстагу і парлямэнтаркі АБСЭ Уты Цапф распаўсюджаная сёньня па каналах нямецкіх СМІ.

Як вынікае з дакумэнту, цяперашняя палітычная абстаноўка ў Беларусі дае падставы для вялікай занепакоенасьці. Апошнім часам ціск на апазыцыю, незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі ўзмацняецца.

Ёсьць занепакоенасьць, што маючыя адбыцца ў кастрычніку выбары ня будуць вольнымі і празрыстымі. У якасьці доказу — гвалтоўнае адхіленьне журналіста Радыё Свабода ад асьвятленьня дэбатаў вакол Выбарчага кодэксу ў беларускім парлямэнце. Як вынікае з рэзалюцыі, нямецкія дэпутаты вельмі шкадуюць, палітычнае кіраўніцтва Менску абмяжоўвае свабоду прэсы ў Беларусі і тым самым ускладняе беларускім грамадзянам магчымасьці самім скласьці незалежнае меркаваньне адносна выбарчых законаў.

Беларускі ўрад мусіць тэрмінова выправіць сытуацыю, якая склалася напярэдадні выбараў дый таксама прадставіць апазыцыі і розным грамадзкім групам роўныя шанцы для ўдзелу ў выбарчай кампаніі, — гаворыцца ў рэзалюцыі сацыял-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу.

Тым часам спадарыня Ута Цапф у інтэрвію нямецкім СМІ заявіла, што цяперашнія дачыненьні афіцыйнага Менску і АБСЭ вельмі складаныя. Як вынікае зь яе размовы з карэспандэнтам радыё “Deutsche Welle”, назіраньне эўрапейцаў за маючымі адбыцца выбарамі ў Беларусі мусіць быць шырокім і не абмяжоўвацца толькі групай БДіПЧ. Прычым, пра гэта мусяць клапаціцца ня толькі самі парлямэнтары, але і тыя краіны, якія яны прадстаўляюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG