Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партрэт Лукашэнкі забракавалі за “антымастацкасьць”


Ігар Карней, Менск Першая спроба публічна экспанаваць партрэт Аляксандра Лукашэнкі скончылася няўдачай. Напярэдадні выставы ў сталічным Палацы мастацтваў, прысьвечанай 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі, мастацкая рада забракавала карціну сябра Саюзу мастакоў Аляксандра Пуцейкі. Кіраўнік мастацкай рады, народны мастак Беларусі, прафэсар Віктар Грамыка лічыць, што партрэт Лукашэнкі выкананы на нізкім мастацкім узроўні.

30 чэрвеня ў менскім Палацы мастацтва адчыніцца выстава сучаснага беларускага мастацтва, прысьвечаная 60-годзьдзю вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні мастацкая рада на чале з народным мастаком Беларусі Віктарам Грамыкам адбірала працы, прапанаваныя мастакамі — і прафэсіяналамі, і аматарамі. Крытэр адбору быў адзін: мастацкі ўзровень твораў. І тым ня меней, без скандалу не абышлося, — кажа Віктар Грамыка.

(Грамыка: ) “Былі забракаваныя працы, зробленыя зусім на нізкім узроўні. Не было ніякіх перашкодаў нават тым, хто ня мае адмысловай адукацыі. Таму мы ўсё ж імкнуліся захаваць пэўны прафэсійна-мастацкі ўзровень”.

(Карэспандэнт: ) “Мы чулі, нібыта мастак Аляксандар Пуцейка моцна пакрыўдзіўся, што партрэт Лукашэнкі ў ягоным выкананьні ня будзе экспанавацца…”

(Грамыка: ) “А-а-а, да вас дайшлі ўжо чуткі… Вы ведаеце, Пуцейка адбіўся ад мастацтва вельмі даўно. Ягонай галоўнай прафэсіяй колькі год — выраб і рамонт музычных інструмэнтаў, і пэндзаль, відаць, у руках не трымаў яшчэ даўней. І не таму карціну забракавалі, што гэта Лукашэнка, а таму, што там вельмі нізкі ўзровень. Пуцейка нас, дарэчы, папярэдзіў: калі ня прымуць працу, дык пайду аж да самога! Але мы вырашылі адзінагалосна, ніякіх нават спрэчак не было”.

Усе спробы знайсьці сёньня самога Аляксандра Пуцейку былі безвыніковымі. Пэўна, ён насамрэч спрабуе зьвязацца з героем свайго твору. Аднак жонка Пуцейкі ад ягонага імя сказала наступнае:

(Жонка сп.Пуцейкі: ) “Не Грамыку ацэньваць мастацкія якасьці твору майго мужа. Гісторыя мастацтва сьведчыць, што шмат твораў вельмі многіх выдатных мастакоў, якія сёньня вісяць у Трацякоўскай галерэі, праз гэтыя саветы не праходзілі. Мой муж клясны партрэтыст. Ня проста “вочы-лісточкі”, а сапраўдны партрэтыст. І паводле якіх матываў насамрэч ня выставілі працу — гэта ўжо іншае пытаньне”.

Жывапісны Лукашэнка на карціне Аляксандра Пуцейкі паўстае ў вайсковай форме галоўнакамандуючага. Яшчэ летась, калі мастак паказваў мне эскізы будучай карціны, ён не адмаўляў, што прататып яму не пазіраваў, і што пісаўся партрэт паводле шырокавядомых фотаздымкаў.

На маё пытаньне: а ці выстаўлялі іншыя мастакі партрэты Лукашэнкі, адзін з найстарэйшых беларускіх мастакоў Віктар Грамыка адказаў:

(Грамыка: ) “Думаю, што гэта першы выпадак. Ня бачыў больш такіх, ня памятаю…”

Іншыя мастакі, зь якімі я размаўляў, прыгадалі, што дзеля продажу партрэты Лукашэнкі ўсё ж рабіліся. Так, у салёне “Беларт” пэўны час вісеў жывапісны партрэт Лукашэнкі, зроблены Ўладзімерам Новакам. Некалькі гадоў таму ў мастацкім салёне на праспэкце Скарыны была беспасьпяховая спроба прадаваць літаграфічныя выявы Лукашэнкі працы мастака, ужо нябожчыка, Ільлі Немагая. Але пакуль яшчэ ніводзін з сур’ёзных мастакоў не напісаў партрэту Лукашэнкі, а некалькі кан’юнктурных спробаў завершыліся правалам. Хіба можна зазначыць, што значна болей было створана карыкатураў, шаржаў і сатырычных інсталяцыяў.
XS
SM
MD
LG