Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая хваля арыштаў дырэктараў камэрцыйных структураў, цяпер — за крадзяжы


Любоў Лунёва, Менск Генэральны дырэктар асацыяцыі “Белаграпрамсэрвіс” хутка паўстане перад судом. Праваахоўчыя органы абвінавачваюць яго ў крадзяжы са злоўжываньнем службовага становішча.

Юрыя Кулікова, генэральнага дырэктара камэрцыйнай арганізацыі з замежнымі інвэстыцыямі “Белаграпрамсэрвіс”, абвінавачваюць у тым, што ён, скарыстаўшыся сваім службовым становішчам, скраў два мільёны рублёў (гэта каля тысячы даляраў). Згодна зь дзейным заканадаўствам такі памер крадзяжу (больш за тысячу мінімальных заробкаў) кваліфікуецца як “асабліва буйны памер”. Калі суд пагадзіцца з абвінавачаньнем, былы генэральны дырэктар Юры Кулікоў можа апынуцца за кратамі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. За апошнія два месяцы некалькі кіраўнікоў камэрцыйных структураў трапілі за краты сьледчага ізалятару менавіта ў падазрэньні на крадзеж са злоўжываньнем службовага становішча.

Адмыслоўцы лічаць, што насамрэч кампанія арыштаў за хабарніцтва саступіла кампаніі арыштаў за крадзяжы. Як правіла, кіраўнікі камэрцыйных структураў і чыноўнікі, якіх абвінавачваюць у крадзяжах невялікіх сумаў са злоўжываньнем службовым становішчам чакаюць суду ў камэрах сьледчага ізалятару. Тым часам былую кіраўніцу справаў прэзыдэнта Галіну Жураўкову да суду выпусьцілі са сьледчага ізалятару КГБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Намесьнік старшыні БХК Гары Паганяйла так пракамэнтаваў сытуацыю:

(Паганяйла: ) “Зразумела, што ў краіне неадназначнае стаўленьне ўладаў да прадпрымальнікаў і камэрцыйных фірмаў. Гэтая палітыка зыходзіць ад кіраўніка дзяржавы. Адметным зьяўляецца тое, што ў суды накіроўваюць справы мала дасьледаваныя і па крадзяжах, і па нявыплаце падаткаў, хаця шмат такіх справаў маглі спыніць яшчэ на папярэднім сьледзтве. Маглі людзі добраахвотна выплаціць неабходныя сумы. Але іх не вызваляюць, а суды як правіла караюць пазбаўленьнем волі. Вось, калі абвінавачваюць у крадзяжы мільёнаў даляраў і ў тым, што кепска дзяліліся з тымі, хто дае ім “дах” — вось тут мы сустракаем унікальныя рэчы: раптам выпускаюць людзей з-пад варты яшчэ ў часе сьледзтва, пры ўмове паполніць скарбніцу тымі мільёнамі даляраў, якія скралі ці ўвялі з-пад кантролю. Апошні прыклад — справа Жураўковай, якую вызвалілі з-пад варты. Гоману нарабілі шмат, абвінавацілі ў крадзяжы некалькі мільёнаў даляраў. Таму тут толькі можна зьдзіўляцца з такой палітыкі і практыкі”.

Суды над былым генэральным дырэктарам “Белаграпрамсэрвісу” Юрыем Куліковым і яшчэ некалькімі былымі кіраўнікамі камэрцыйных структураў пачнуцца ў ліпені.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG