Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Бабруйску і Магілёва адказваюць на пытаньне тыдня пра могілкі нямецкіх салдат у Беларусі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць “Ці лічыце вы, што могілкі нямецкіх салдат у Беларусі павінны быць упарадкаваныя і дагледжаныя?” — такое пытаньне тыдня на Беларускай Свабодзе. Стаўленьнем да арганізацыі нямецкіх вайсковых могілак бабруйцаў і магілёўцаў цікавілася наша карэспандэнтка.

У Магілёўскай вобласьці плянуецца пабудова нямецкіх могілак. Пра гэта яшчэ ў студзені мінулага году заявілі магілёўскія ўлады і пасьля доўгага супрацьстаяньня з гэтым пагадзіліся вэтэраны. Могілкі мяркуецца зрабіць у Бабруйскім раёне, паблізу вёскі Шчаткава, дзе ў вядомым “Бабруйскім катле” загінулі дзясяткі тысяч немцаў. Аднак як паведамілі сёньня карэспандэнту Свабоды ў Бабруйскім райвыканкаме, цяпер ёсьць толькі праект могілак, а для пачатку будаўніцтва яшчэ не хапае афіцыйнага рашэньня абласных уладаў.

Што думаюць наконт пабудовы нямецкіх могілак жыхары Бабруйску? Іх меркаваньні падзяліліся.

(Спадар: ) “Па Эўропе праедзеш — там усе пахаваныя. Салдаты ж, урэшце, ня ўсе былі вінаватыя. Мы хрысьціяне, і павінны ставіцца не як паганцы да загінулых”.

(Спадарыня: ) “Я супраць усяго гэтага, бо яны ж прыйшлі на нас вайной. Нашы ж айцы і дзеды змагаліся не для гэтага”.

(Спадарыня: ) “У нас у Бабруйску мы жывем на Лукавай гары, тут быў нямецкі кацёл, мы жывем на ім, проста кажучы — жывем на гэткіх людзкіх касьцях”.

(Спадарыня: ) “Могілкі павінны быць упарадкаваныя і дагледжаныя, гэта па-хрысьціянску”.

28 чэрвеня ў Магілёве з нагоды 60-гадовага юбілею вызваленьня ад фашыстаў праходзяць ускладаньні кветак на магілы савецкіх салдат. А ці лічаць магілёўцы, што і могілкі нямецкіх салдат у Беларусі павінны быць упарадкаваныя і дагледжаныя?

(Спадар: ) “Мяркую, што так. Усе чалавекі, і я думаю, што большая часьць нямецкіх салдат, хоць яны і нашыя ворагі, але напэўна выконвалі свой абавязак у дачыненьні да той дзяжавы, дзе яны жылі”.

(Спадарыня: ) “Гэта таксама нечыя бацькі, дзеці, сваякі, і гэта таксама людзі. У іх была свая палітыка, сваё перакананьне, у нас — сваё, і таму, я лічу, што павінны”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што нашыя салдаты — гэта нашыя салдаты. А нямецкія салдаты… Мне падаецца, што іх павінны былі забіраць туды, да сябе, і як мы шануем сваіх салдатаў, так і яны шанавалі б сваіх”.

(Спадарыня: ) “У мяне бацька загінуў на вайне, але тым ня менш: чаму косьці павінны валяцца? Бо нашых салдатаў, якія ляжаць там, магілы прыбраныя і даглядаюцца. Чаму ж тут ня трэба?”

(Спадарыня: ) “Магчыма, яны нават не па сваёй волі тут былі і ваявалі. Гэта людзі, і іх магілкі павінны быць дагледжаныя”.

Жыхары Бабруйску і Магілёва выказвалі сваё меркаваньне, ці павінны магілы нямецкіх саладатаў у Беларусі ўпарадкавацца і даглядацца. Большасьць з апытаных лічыць, што безумоўна павінны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG