Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дабрачыннасьць – філянтропія ў Беларусі


Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Як дзейнічае ў Беларусі мэханізм дабрачыннасьці? Пра філянтропію па-беларуску і пойдзе размова ў чарговай тэматычнай перадачы з сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Што лучыць такія адрозныя маскоўскі МХАТ, вядомы ўроцлаўскі тэатар “Всудчэсны” і магілёўскі мастацкі музэй? Здольнасьць выжываць у новых, неспрыяльных для творчых людзей эканамічных умовах. Масквічамі апякуецца славутая кампанія “Юкас”, палякамі — ложа мясцовых мэцэнатаў, а магілёўцамі — адмыслова створаная дабрачынная рада. Два гады таму энтузіясты прааналізавалі досьвед усходніх і заходніх суседзяў і аднымі зь першых у Беларусі сабралі разам кіраўнікоў вядучых прадпрыемстваў, фірмаў, расказалі пра свае пляны, вартыя падтрымкі фінансава моцных структураў. Гаворыць намесьніца дырэктара музэю Сьвятлана Строгіна:

(Строгіна: ) “Гэта прадстаўнікі амэрыканскай кампаніі “Брытыш Амэрыкэн Табака”. Гэта нашы прадпрыемствы АТ “Стужка”, “Вясьнянка”. Таксама кіраўнікі многіх банкаў Магілёўскай нашай вобласьці і мастакі, канечне”.

Яны падпісалі сумесную дэклярацыю, і пачалася праца. Здагадайцеся зь першага разу, хто зрабіў найбольшы ўнёсак у агульную справу? Так — амэрыканцы. Але астатнія на іх не крыўдуюць. Задаволеныя вынікам і музэйнікі.

(Строгіна: ) “Мы выдалі вельмі цікавы альбом мастацкіх твораў з калекцыі нашага музэю”.

Паўтары тысячы шыкоўных асобнікаў сталі першай удалай акцыяй апякунскай рады. Аднак найбольш разьлічваюць у Магілёве на тое, што апякунская рада дапаможа завершыць стварэньне экспазыцыі “Захаваная спадчына”, якая сталася гэткім своеасаблівым культурніцкім даўгабудам. Пасьля грамадзкай дэманстрацыі альбому да буйных філянтропаў пачалі далучацца і шараговыя гараджане:

(Строгіна: ) “Нават простыя жыхары, прадстаўнікі й кіраўнікі многіх установаў культуры — усяго 62 чалавекі — паўдзельнічалі ў такім мерапрыемстве як набыцьцё абразу 18-га — пачатку 19 стагодзьдзя, Божай Маці Бялыніцкай. Гэта цудатворны абраз, старая школа беларускага майстэрства”.

Што мае ад такіх стасункаў з радай музэй — відавочна. Ну а тыя, хто дапамагаюць яму? Ці ёсьць мэцэнацтва выгаднай справай? Грошы, выдаткаваныя кампаніяй “Брытыш Амэрыкэн Табака” на дабрачыннасьць у Магілёве, паводле заканадаўства ЗША не абкладаюцца падаткам. І “Юкас” меў пэўныя льготы ад супрацоўніцтва з МХАТам. Праўда, два гады таму расейскі ўрад адмяніў ільготнае падаткаабкладаньне на дабрачынную дзейнасьць, але цяпер разглядае прапановы ня толькі аб ягоным аднаўленьні, але й пашырэньні. Эканамічна выгадныя філянтрапічныя акцыі і ў Польшчы. А ў Беларусі добрым лічыцца ўжо тое, што добрым людзям могуць сказаць добрае слова.

(Строгіна: ) “Мы рыхтуем такую прыгожую дошку, на якой будуць занатаваныя словы падзякі й прозьвішчы тых людзей, якія зрабілі важкі ўнёсак у развіцьцё нашага музэю”.

Дарэчы, аснову музэю складаюць 275 твораў мастака Паўла Масьленьнікава, якія ён і яго сям’я падаравалі музэю, а таксама творы яшчэ двух магілёўскіх мастакоў — Канстанціна Геда і Эраста Карповіча. Каму як ня ім і сказаць найпершыя, найгалоўнейшыя словы ўдзячнасьці? Але адсутнасьць адпаведнай заканадаўчай базы стварыла парадаксальную сытуацыю, гаворыць Сьвятлана Строгіна:

(Строгіна: ) “Вось ці лічыць іх мэцэнатамі? Такія абставіны, што яны не жывуць так багата. Сёньня ў іх няма магчымасьцяў прадаць гэтыя творы. Ну, і яны не займаліся ў свой час, каб рэалізаваць гэтыя творы. Але гэта можа і добра, таму што каб яны па адным творы раздавалі, яны бы пайшлі за мяжу, і мы сёньня ня мелі бы гэтай калекцыі прыгожай. Я думаю, было бы вельмі добра, каб мэцэнацтва разьвівалася і людзі маглі бы дапамагаць…”

Спадарыня Строгіна дый іншыя нашыя суразмоўцы лічаць, што ва ўмовах Беларусі лепш казаць пра дробную дабрачыннасьць, чым нейкія маштабныя мэцэнацкія акцыі. І яны маюць рацыю: кожны пяты грамадзянін краіны паводле афіцыйнае статыстыкі цяпер за мяжой беднасьці. Таму найперш патрэбная мэтанакіраваная, адрасная сацыяльная дапамога. Але з-за адсутнасьці адпаведнай нацыянальнай канцэпцыі мажлівасьці яе аказаньня няўмольна меншаюць.

(Васількоўскі: ) “Калі так паглядзець, дык недзе гадоў 12–14 таму гэта ўсё было прасьцей...”

Віталь Валькоўскі — прадстаўнік трэцяга сэктару Магілёўшчыны, старшыня некамэрцыйнага фонду судзеяньня ўстойліваму разьвіцьцю. Менавіта праз такія грамадзкія структуры ва ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Расеі, і ажыцьцяўляюцца філянтрапічныя акцыі. Аднак беларуская спэцыфіка ў тым, што падобныя арганізацыі адчуваюць дзе просты, а дзе і ўскосны дзяржаўны ціск. Марыць пра фінансаваньне з айчынных крыніцаў ім амаль не даводзіцца. Ну а замежных грантадаўцаў спыняе грувасткая, ускладненая беларускім афіцыйным бокам працэдура падтрымкі некамэрцыйных структураў. Такім чынам, асноўны спадзеў усё ж на айчынных прадпрымальнікаў, дырэктарскі корпус, кажа спадар Васількоўскі:

(Васількоўскі: ) “Ініцыятываў многа, але знайсьці матэрыяльную падтрымку вельмі цяжка. Калі раней бізнэсоўцы адгукаліся, каб заснаваць нейкія прызы ці ўзнагароды, даць для тых жа дзіцячых ініцыятываў, то цяпер гэта вельмі цяжка...”

Калі ў той жа Польшчы тэатры зьбіраюць вакол сябе мэцэнатаў праз пэўныя фонды, то ў Беларусі шукаюць паратунку іншым шляхам. Загадчыца літаратурнай часткі віцебскага тэатру “Лялька” Вікторыя Дашкевіч лічыць, што ў краіне вельмі часта па савецкай інэрцыі спрацоўвае прынцып “блату”, замаскіраваны пад так званую “шэфскую дапамогу”:

(Дашкевіч: ) “Рэч у тым, што нашая дырэктарка — былы партыйны работнік. І ў яе засталіся сувязі з таго часу. Мы едзем на гастролі ў Польшчу — нам даюць сувэніры, як да нас прыяжджалі з Украіны, дык нейкае прадпрыемства іх прымала ў парадку “шэфскае дапамогі”. “Ха-ха-ха! Гэта вы, Пётар Пятровіч? А гэта я ! Ха-ха-ха! Памятаеце, як мы з вамі?… Хі-хі-хі! А дайце вы нам, даражэнькі…” І “даражэнькі” на тым канцы дроту, мабыць, кажа: “Рыхтуйце афіцыйную паперу!”. Мы, канечне, пішам паперу, але, здаецца, каб ня тыя асабістыя стасункі, дык далі б нам хіба вялікую дулю!”

І ці шмат тэатру патрэбна?

(Дашкевіч: ) “Папрасіць заўсёды ёсьць што! Да прыкладу, можна было бы папрасіць вытворцаў абутку “абуць” нейкі спэктакль, “Марка”, можа, ці “Белвест”. Бо ў нас акторы ходзяць у вязаных тапках. Бутафоры вяжуць, бо грошай няма, каб купіць абутак! Калготкі патрэбныя! Няхай бы “КІМ” даў! Можна было бы касмэтыку папрасіць, а то ў нас артысты грым вазэлінам здымаюць…”

Але такіх, як лялечныя акторы, шмат — нават такія стабільныя ў эканамічным пляне прадпрыемствы, як “Марка”, “Белвест” ды “КІМ” ня могуць дапамагчы кожнаму. Што ўжо казаць тады пра куды менш маламоцныя заводы ды фірмы з пэрыфэрыі?

(Галадук: ) “Кажуць: што тая культура? Нам, маўляў, трэба паказьнікі выконваць. А я пярэчу: сёньня ж не адзіным хлебам жыве чалавек! Трэба і песьню да хлеба... Яны пагаджаюцца, што трэба даваць: “Будзем, будзем...” А потым праходзіць час і ўсё гэта забываецца. Хацелася б, вядома, каб дапамагалі нашы волаты, якія маюць сёньня добрыя грошы. Хаця бы па трохі — па мільёне. А так капейкі, якія яны аказваюць, надвор’я ня робяць”.

Гэтак разважае загадчык аддзелу культуры Слуцкага райвыканкаму Мікалай Галадук. У горадзе існуе досыць разьвіты па мясцовых мерках прыватны сэктар эканомікі. Але ён амаль ня ўдзельнічае ў дабрачынных акцыях:

(Галадук: ) “Фірмы часам аказваюць мізэрную дапамогу — дваццаць, трыццаць тысяч для правядзеньня масавых мерапрыемстваў: дзіцячых ранішнікаў альбо дзіцячых раённых сьвятаў. А каб дапамога на апаратуру, касьцюмы, нейкія вялікія сцэнічныя праекты — то не было”.

Затое ў суседнім Клецкім раёне, на думку старшыні мясцовага райсавету Пятра Дудука, прыватнікі ахвотна дзеляцца заробленым зь землякамі:

(Дудук: ) “Мы зь імі нармалёва сябруем і працуем. І па добраўпарадкаваньні гораду, і па правядзеньні мерапрыемстваў. Вось і пад “дажынкі” ўсе прадпрымальнікі шмат грошай, можа 200 мільёнаў, даюць. Вось на 3 ліпеня фаервэрк аплачваюць: два мільёны сямсот тысяч!”

І далей адзін з кіраўнікоў клецкай вэртыкалі са шкадаваньнем дадае:

(Дудук: ) “Добра было бы, каб гэтыя “мэцэнаты”-прадпрымальнікі самі прыходзілі й прапаноўвалі. Дык жа не — іх яшчэ трэба ўгаворваць. Прасіць. Усё пытаньні”.

Вось тут — яшчэ адзін спэцыфічны нюанс беларускай дабрачыннасьці: вельмі часта яна становіцца не ініцыятывай душы таго, хто можа даць, а дырэктывай тых, хто, як кажуць, зьбіраюць. На Захадзе філянтропія ажыцьцяўляецца праз грамадзкія структуры, а ў Беларусі найбольш заўважныя яе ўдзельнікі — дзяржаўныя чыноўнікі. Ільвіную долю так званых “дабрачынных ахвяраваньняў” яны накіроўваюць на тое, што згодна зь лёгікай жыцьця павінны былі фінансаваць самі. Прычым робяць гэта без асаблівых рэвэрансаў, гаворыць лідэр лепельскіх прадпрымальнікаў Алег Тычына:

(Тычына: ) “Нічога яны ня просяць! Яны прыходзяць і кажуць: “Трэба!” Калі ня даў, то назаўтра раніцай — санстанцыя, потым увечары падатковая інспэкцыя, на наступны дзень — міліцыя. І паехалі. Яны з нас выдзіраюць кляшчамі! Калі я, напрыклад, чагосьці ня дам, то яны затрымаюць выдачу ліцэнзіі. Улады, як напрыклад, у нас у Лепелі, яны спонсарскую дапамогу не выбіваюць для вэтэранаў і інвалідаў. Яны выбіваюць для таго, каб бардурны камень пакласьці дзесьці ў горадзе. Там, дзе яны ўжо грошы бюджэтныя прафукалі, а камень пакласьці трэба”.

Многія бізнэсоўцы і прадпрымальнікі лічаць, што ўлады дзеля таго пачалі апошнім часам “цэнтралізаваць”, так бы мовіць, дабрачыннасьць, каб напярэдадні выбараў узьняць свой аўтарытэт сярод насельніцтва за грошы заможных людзей і структураў. А тых, хто можа зарабляць, адсунуць у цень. І калі нехта супраціўляецца гэткай схеме, яго хуценька прыціскаюць усім уладным прэсам. Даходзіць да таго, кажа старшыня магілёўскага фонду судзеяньня ўстойліваму разьвіцьцю Віталь Васількоўскі, што вэртыкальнікі пачалі выдаваць за нібыта свае нават тыя дабрачынныя акцыі, якія наладжвае царква.

(Васількоўскі: ) “Ідзе такі своеасаблівы падман, з аднаго боку... Зь іншага, усе гэтыя дэкрэты, якія выйшлі, заціскаюць ініцыятыву і памяншаюць уплыў нават нашых замежных сяброў. Была такая праграма “Людзі — людзям!”, калі нямецкія сем’і перапісваліся зь беларускімі, запрашалі дзяцей, рабілі нейкія добрыя справы. Цяпер гэта вельмі цяжка. Бо патрабуюцца ўзгадненьні, ліцэнзіі, і агульная колькасьць такіх акцыяў зьмяншаецца. І такіх людзей...”

Бо ўсё менш добраахвотнікаў пераадольваць штучныя перашкоды за свой жа кошт. Тое натуральна: сутнасьць дабрачыннасьці менавіта ў тым, каб зьмяншаць жыцьцёвы экстрым, які замінае разьвіцьцю грамадзянаў і краіны, а не памнажаць яго... Вось і атрымліваецца: падкантрольны дзяржаве мэханізм дабрачыннасьці ўсё больш прабуксоўвае, ператвараецца ў закрыты разьмеркавальнік дырэктыўна сабраных грошай. Нічога агульнага з сапраўднай філянтропіяй гэта ня мае.
XS
SM
MD
LG