Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць беларускія заўзятары пра чэмпіянат Эўропы па футболе ў Партугаліі?


Міхал Стэльмак, Менск Чым адметны футбольны чэмпіянат Эўропы, які праходзіць зараз у Партугаліі? Ці адбываюцца зьмены ў футболе і якія, калі параўноўваць гульні цяперашняга першынства са спаборніцтвамі мінулых гадоў? Апытаньне беларускіх заўзятараў на гэты конт правёў наш карэспандэнт.

(Хлапчук: ) “Цікава тое, што нейкія каманды, якія здаваліся лідэрамі, выбылі раней, чым мы думалі”.

(Спадар: ) “Што адметнае? Я скажу, што хуткасьці зусім іншыя, мяч нельга правесьці ані 2-3 мэтры, адразу забіраюць”.

(Спадар: ) “Вышэйшае майстэрства гульцоў. Іхная працаздольнасьць, тэхнічная апрацоўка мяча, бачаньня поля, функцыянальныя магчымасьці арганізма”.

(Маладзён: ) “Сам ужо трох-чатырох чалавек не абыграеш, гэта нерэальна цяпер”.

(Маладзён: ) “Трэба сказаць, што зараз увогуле няма слабых каманд. Напрыклад, на мінулым чэмпіянаце сьвету былі слабыя каманды, такія як Саудаўская Арабія. І на мінулым чэмпіянаце Эўропы былі каманды, якія яўна адрозьніваліся паводле свайго клясу ад цяперашніх удзельніцаў чэмпіянату”.

(Маладзён: ) “Магчыма, яны лепей падрыхтаваныя. Бо каманды, якіх мы амаль ня ведалі дагэтуль, такія як Чэхія ці тая ж Латвія, яны нейкім чынам прарваліся ў чвэрцьфінал. Для мяне гэта цікавей, чым назіраць за ўсё тымі ж старымі камандамі Францыі, Нямеччыны ці Галандыі”.

(Хлопец: ) “Нават тая ж Баўгарыя, якая прайграла ўсе матчы, паказвала даволі добрую гульню”.

(Спадар: ) “Нават Латвія як упарта трымаецца, гуляе на роўных амаль з усімі”.

(Маладзён: ) “Гуляюць шмат зорак, але на зьмену старому пакаленьню ўжо прыходзяць новыя зоркі, такія як Роналда з Партугаліі – яму толькі 18 год, а ён ужо гуляе за "Манчэстэр Юнайтэд" у асноўным складзе”.

(Хлопец: ) “Мне цікава паглядзець на новыя каманды, новыя твары. У гэтым годзе яны найбольш адметныя”.

(Падлетак: ) “Таксама добра, што бяруць удзел такія зоркі, вельмі добрыя футбалісты”.

(Спадар: ) “Яны лепей падрыхтаваныя, таму й тэхнічна здольныя, няма стомы”.

(Маладзён: ) “Чэмпіянат цікавы. Па-першае, шмат нечаканасьцяў, па-другое, шмат галоў, вялікая выніковасьць”.

(Спадар: ) “Вельмі шмат галоў дабіваюцца на адскоку, галавой, удары здалёк. Большы прэсінг. Футбол становіцца гэткай масавай гульнёй зь вялікім прэсінгам па ўсім полі”.

(Хлопец: ) “Шмат жоўтых картак”.

(Спадар: ) “Калі раней Пэле мог абыграць трох-чатырох чалавек і забіць гол, зараз нават Пэле не прайшоў бы праз гэтую абарону”.

(Хлопец: ) “Я хачу сказаць на гэты конт, што футбол усё-ткі напэўна стаўся больш прадажны”.

(Маладзён: ) “Зь цікаўнасьцю гляджу ўсе матчы, чаго раней не было”.
XS
SM
MD
LG