Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быхаўскі прадпрымальнік за ўласныя грошы ўпрыгожвае горад


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Раённы цэнтар Быхаў, што ў Магілёўскай вобласьці, цяпер упрыгожваюць дзіцячыя твары. Нядаўна на цэнтральных вуліцах Быхава ўсталявалі вялізныя каляровыя стэнды, але на іх – не рэкляма, а здымкі маленькіх жыхароў райцэнтру. Высьветлілася, што гэта акцыя мясцовага прадпрымальніка Аляксандра Зайцава.

(Зайцаў: ) “Я хачу, каб менавіта з Быхава пачалося адраджэньне беларускай дзяржавы. Я хачу, каб мой Быхаў быў такім унікальным горадам, і раблю ўсё магчымае для гэтага”.

Вось такая вялікая мара быхаўскага прадпрымальніка. Аляксандру Зайцаву 31 год, ён – партнэр расейскага прадпрымальніка Доўганя, займаецца таварамі для аздараўленьня.

Аляксандар ня першым разам зьдзіўляе жыхароў Быхава. Нядаўна ён высадзіў 70 кедраў для аздараўленьня паветра, і вось цяпер – новая акцыя па ўпрыгажэньні гораду. Прадпрымальнік абышоў дзіцячыя садкі, адабраў 15 самых прыгожых дзяцей, наняў фотамайстра і надрукаваў у Маскве плякаты выдатнай якасьці. Пазытыўныя надпісы, якія таксама ёсьць на плякатах, прадпрымальнік зьбіраў сам. Ідэя такая: ідзе чалавек раніцай на працу, бачыць прыгожае дзіця, усьміхаецца, а потым з добрым настроем прачытае карыснае для жыцьця выслоўе. А якое зь іх самае любімае ў Аляксандра Зайцава?

(Зайцаў: ) “Лепшы спосаб прадказаць будучыню – стварыць яе. З гэтым прынцыпам я жыву, я ствараю Быхаў. Няхай гэта зараз самы пачатак, але зь яго я ствару прывабны гарадок”.

Дарэчы, упрыгажэньне Быхава каштавала прадпрымальніку 450 даляраў, і да канца лета ён зьбіраецца ўсталяваць яшчэ 10-15 стэндаў, таму што ў Быхаве, паводле яго словаў, вельмі шмат прыгожых дзяцей.

Зайцаў прызнаецца, што сваіх уласных грошай для грамадзкай справы трохі шкада, але разам з тым ён цьвёрда лічыць, што гэта выгадны кшталт грашовага ўкладаньня.

(Зайцаў: ) “Гэта мая радзіма, і я хачу, каб дзеці мае жылі ў гэтым горадзе, і побач зь імі былі жыцьцярадасныя людзі, пазытыўна настроеныя. А грошы? Грошы я ўклаў у будучыню сваіх дзяцей”.

Многія ў Быхаве называюць Аляксандра дзіваком, аднак ён ня крыўдзіцца і адказвае, што на дзіваках трымаецца сьвет. Яму не падабаецца савецкі прынцып большасьці, якая заўсёды мае рацыю. Прадпрымальнік якраз гаворыць, што ў галовах адзінак нараджаецца нешта вялікае і сьветлае, і спачатку іх называюць дзівакамі, а потым за імі ідзе большасьць.

Натуральна, што ўлады падтрымалі ініцыятыву прадпрымальніка. Справа ў тым, што Быхаў апошнімі гадамі не атрымліваў прыстойных грошай на добраўпарадкаваньне – тут не праводзілася ніякіх вялікіх нарадаў і не адзначаліся юбілеі. Таму ён застаўся ў стылі савецкага часу, і ўражаньне ад яго… ну, скажам, каб не пакрыўдзіць быхаўцаў, ня вельмі радаснае. Аднак Аляксандар Зайцаў лічыць, што і ня трэба быць утрыманцамі.

(Зайцаў: ) “Людзі ўжо прызвычаіліся да таго, што вось, маўляў, мы – радзіма прэзыдэнта, прэзыдэнт нас не пакіне. Наш быхаўскі вопыт унікальны тым, што мы не чакаем ніадкуль падачак, грашовых уліваньняў, мы самі будзем рабіць горад”.

Дарэчы, каля будынку райвыканкаму ўсталяваны стэнд з адмысловым выслоўем для чыноўнікаў: “Памятай, ты вялікі настолькі, наколькі вялікія твае думкі”. Аляксандар Зайцаў лічыць, што быхаўцы павінны зразумець: шчасьлівае жыцьцё трэба рабіць там, дзе ты жывеш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG