Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для сяброў БРСМ у Віцебску ўсё таньнейшае


Любоў Лунёва, Менск Агляд рэгіянальных газэтаў

“Новая газета Сморгони” паведамляе пра выпускныя вечары: у раёне ўсяго 747 выпускнікоў. Менскі мэцэнат Леанід Багушэвіч, які ўзначальвае ўнітарнае прадпрыемства Дом Прафсаюзаў, быў выхаванцам смаргонскага дзіцячага дома-інтэрната. Сёлета ён падарыў кожнаму выпускніку дому наручныя гадзіньнікі, а самай лепшай вучаніцы – сучасны музычны цэнтар.

Дажджы затапілі некалькі падвалаў дамоў у Ашмянах і Смаргоні. Вуліцы выглядаюць яшчэ больш-менш прыстойна, затое ў дварах вялізныя лужы, а ў пад’ездах дамоў – смурод. Жыхары спадзяюцца, што цёплае надвор’е спрыяльна вырашыць гэтую праблему.

“Новая газета Сморгони” паведамляе пра жыхара Ашмянаў, які на некалькі гадзінаў пакінуў свой аўтамабіль “Жыгулі” на дарозе, а калі вярнуўся, не было ні калёсаў, ні акумулятара.

Газэта “Витебский курьер” пад загалоўкам “Задавальненьне ад сяброўства ў БРСМ” дае пералік ільготаў камсамольцам. У Віцебску яны будуць меней плаціць за відэакасэты, узятыя на пракат; калі 5 камсамольцаў зьбяруцца разам, то бясплатна пойдуць на дыскатэку, але сама цікавае, што і салярый, і аксэсуары да мабільных тэлефонаў, і мыйка аўтамабіляў ім абыдуцца на 25% таней, чым астатнім грамадзянам.

Кампанія “Філіп-Морыс” правяла акцыю, прысьвечаную 60-годзьдзю перамогі над фашызмам. Віцебскім вэтэранам ІІ сусьветнай вайны кампанія накіравала харчовыя пасылкі зь мясных і рыбных кансэрваў, макаронаў, крупы, гарбаты, кавы, печыва і бутэлькі дэсэртнага віна.

“Витебский курьер” распавядае пра візыт амэрыканскага амбасадара Джорджа Крола: на мінулым тыдні ён меў шмат сустрэчаў зь віцяблянамі. Гарадзкой бібліятэцы спадар Крол падарыў шмат відэаматэрыялаў, а таксама літаратуры па гісторыі, мове і культуры ЗША. Прысутным было прыемна пачуць выступ амэрыканскага амбасадара па-беларуску.

У Віцебску праходзяць гастролі маскоўскага цырку. Адміністрацыя зьвярнулася да віцебскіх вэтэрынараў з просьбай дапамагчы маленькай артыстцы: чатырохмесячнае медзьведзяня захварэла на флюс. У яе была высокая тэмпэратура, яна плакала, як маленькае дзіця, і адмаўлялася есьці. Апэрацыю рабіў прафэсар Віцебскай вэтэрынарнай акадэміі Міхал Жалняровіч. Цяпер медзьведзяня папраўляецца.

Незвычайная справа напаткала віцебскіх міліцыянтаў: адзін жыхар Віцебску выкінуў у акно канапу. Справа ня ў тым, што муж з жонкай не падзялілі мэблю, ці што ў футбольнага фаната ня вытрымалі нэрвы: яны папросту набылі новую мэблю, а старую канапу цяжка было выносіць з “хрушчоўкі”. Суседка бачыла з вакна, як праляцела канапа, і ўгледзела ў гэтым пагрозу для свайго жыцьця. Цяпер міліцыянты думаюць, як кваліфікаваць гэты выпадак – аштрафаваць мужа з жонкай за антысанітарыю ці распачаць крымінальную справу паводле факту спробы замаху на жыцьцё.
XS
SM
MD
LG