Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Прыступкі. Лесьвічны пралёт" - дзень трагічнай сьмерці Янкі Купала


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 27 і 28 чэрвеня.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

27 чэрвеня ў сьвеце адзначаўся Міжнародны дзень рыбалоўства.

27 чэрвеня 1883 году нарадзіўся беларускі вучоны Аляксандар Дубах. Дубах – першы тэарэтык балотазнаўства, самай, відаць, беларускай навукі. Яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя ён распрацоўваў ідэі мэліярацыі на забалочаных глебах Беларусі, а ў 20-я гады загадваў катэдрай мэліярацыі Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.

27 чэрвеня 1923 году прыйшоў на сьвет Віктар Вярсоцкі – мастак-пэйзажыст і пэдагог, заслужаны дзеяч культуры і заслужаны настаўнік Беларусі.

27 чэрвеня ў 1944-м годзе, 60 гадоў таму, у Менску пачаўся Другі Ўсебеларускі Кангрэс, апошні маштабны сход прыхільнікаў дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі на ўласна беларускай тэрыторыі. Наступныя такія сходы пачнуцца толькі праз паўстагодзьдзя. А праходзіў Другі Ўсебеларускі Кангрэс у цяперашнім тэатры імя Янкі Купалы.

Наагул жа гэтыя два дні, учора і сёньня, аб’ядноўваюць гістарычныя падзеі ў суседняй Украіне. 27 чэрвеня 1709 году адбылася крывавая сеча пад Палтавай, у якой швэды і іхны хаўрусьнік Іван Мазепа пацярпелі паразу ад расейскага войска. 27 чэрвеня 1905 году на браняносцы “Пацёмкін” у Севастопалі ўспыхнула паўстаньне матросаў, якія адмовіліся есьці боршч з гнілым мясам. 27 чэрвеня 1964 году ў Вашынгтоне быў адкрыты помнік Тарасу Шаўчэнку. Статуя ўкраінскага кабзара ў поўны рост разьмясьцілася ва ўтульным кутку ў самым цэнтры амэрыканскай сталіцы. А сёньня ва Ўкраіне – Дзень канстытуцыі.

У Беларусі сёньня афіцыйны Дзень вынаходніка і рацыяналізатара, а неафіцыйны – дзень трагічнае гібелі Янкі Купалы ў маскоўскім гатэлі “Масква”. Паэт-нашчадак напісаў уразьлівыя радкі:

Прыступкі. Лесьвічны пралёт. Знадворку цемра ў вокны цэліць. Мо быў улетку галалёд У тым гатэлі?

Янка Купала сапраўды ўпаў у лесьвічны пралёт гатэля 28 чэрвеня 1942 году пры нявысьветленых дагэтуль абставінах. Звычайна ў гэты дзень у Менску нясуць кветкі да помніка паэту на Вайсковых могілках.
XS
SM
MD
LG