Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Землякі-гарадзенцы выказалі дэпутату Валерыю Фралову сваю падтрымку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Фралоў у суботу наведаў Горадню. У яго былі як грамадзкія, так і асабістыя справы. Яго бачылі ў гэты дзень на трох самых буйных рэчавых рынках. Сам ён настала жыве ў гэтым горадзе, а таксама стаў дэпутатам у Гарадзенскай сельскай акрузе.

Валерыя Фралова я наведаў у яго дома, у Старым горадзе: там стаяць некалькі камяніц, у якіх калісьці жылі польскія афіцэры і генэралы. Побач пабудаваў свой дом старшыня аблвыканкаму і “сэнатар”, нябожчык Аляксандар Дубко, які быў суседам Валерыя Фралова. Вось што расказаў мне сам гэнерал аб сваім прыезьдзе:

(Фралоў: ) “Пакуль я там галадаў, на магіле маёй жонкі зрабілі помнік. Я вельмі рады, што ёсьць сябры, якія дапамаглі гэта зрабіць. І асноўная мэта была прыехаць на могілкі, паглядзець, які помнік зрабілі. І сын прыехаў. Мне здаецца, што вельмі добра атрымалася. Гэта абавязак кожнага чалавека, сваім блізкім помнік усталяваць”.

Валеры Фралоў сказаў, што калі адбывалася галадоўка дэпутатаў у Менску, вельмі многа людзей прыходзіла і прасіла ягоных суседзяў перадаць словы падтрымкі галадоўнікам. І яму было прыемна пачуць аб гэтым.

Мэта цяперашніх паездак Фралова ў рэгіёны – сустрэчы зь людзьмі. Ён гаварыў аб тым, што шмат людзей незадаволена кіраваньнем Лукашэнкі, яны хочуць зьменаў, але нярэдка яшчэ баяцца сказаць пра гэта ўголас.

(Фралоў: ) “Што датычыць паездак, якія цяпер адбываюцца, дык была паездка ў Бярэсьце, сёньня ў Горадню, заўтра будуць – у Барысаў і Жодзіна. Яны накіраваныя на тое, каб 21 ліпеня ў Менску адбылося тое, дзеля чаго мы працуем. І каб адбылося тое, што мы плянавалі – добры моцны выхад людзей, якія скажуць, мне здаецца, сваё слова і аб трэцім тэрміне, і аб тых дзесяці гадах, цягам якіх кіруе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Мне здаецца, абстаноўка ў нашай краіне можа зьмяніцца ў лепшы бок толькі тады, калі, у адпаведнасьці з канстытуцыяй нашай краіны, Аляксандр Рыгоравіч пасьля двух тэрмінаў свайго кіраваньня пакіне прэзыдэнцкую пасаду, і прыйдуць новыя людзі”.

У Горадні Валеры Фралоў наведаў самыя буйныя рынкі, дзе бываюць тысячы людзей. Ён не называўся, але некаторыя самі яго пазнавалі. Адзін прадпрымальнік нават таньней прадаў яму акумулятар для мабільнага тэлефона, сказаўшы: для Вас – таньней. Валеры Фралоў кажа, што цэніць гарадзенскіх прадпрымальнікаў:

(Фралоў:) “Падтрымка зь іхняга боку была самая вялікая. Шмат хто сваім страйкам падтрымаў нашу галадоўку, і мне вельмі прыемна, што гэта родны горад. Я шмат размаўляў зь імі, каб глыбей зразумець тыя пытаньні, якія перад імі стаяць. Ім патрэбна ў першую чаргу стабільнасьць, але яны гэтай стабільнасьці не адчуваюць. Яны ня ведаюць, што будзе заўтра. Гэта цяжка, тым больш для чалавека актыўнага, таму што ён ня ведае, як яму будаваць сваю працу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG