Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі грамадзкага рэфэрэндуму ў Віцебску: 82% удзельнікаў супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну


Браніслава Станкевіч, Віцебск Грамадзкі рэфэрэндум у Віцебску падрыхтавалі ды правялі Валеры Шчукін ды Павал Севярынец. Пытаньне, на якое было прапанавана адказаць віцяблянам, гучала наступным чынам: “Ці згодныя вы, каб адна й тая самая асоба мела права выбірацца прэзыдэнтам больш за два разы?”

Так званы грамадзкі рэфэрэндум праходзіў наступным чынам: цягам учорашняга дня каля 15-ці сябраў ініцыятыўных групаў, у тым ліку й самі спадары Севярынец ды Шчукін, абыходзілі самыя людныя мясьціны горада са скрынямі для галасаваньня. Дарэчы, як прызнаецца спадар Шчукін, гэта аказалася вельмі складаным нават для саміх арганізатараў.

(Шчукін: ) “Я пачаў а сёмай раніцы, абышоў мікрараёны “Поўдзень-3”, “Поўдзень-4”, “Поўдзень-5” і “Поўдзень-6 – гандлёвы цэнтар “Чкалаўскі”, чыгуначную станцыю “Лучоса”, крамы, пошты. А яшчэ ж мне й тэлефанавалі людзі – званкоў, мусіць, дваццаць я атрымаў з пытаньнем “Дзе можна прагаласаваць?”

Спадар Валеры распавёў, што яму тэлефанавалі нават з іншых гарадоў – тыя віцябляне, хто папярэдне атрымаў папераджальную ўлётку-абвестку, але каго няма цяпер у Віцебску. Усяго ўдзел у галасаваньні узялі 1.045 чалавек. Можа, гэта й ня вельмі шмат, але ў Віцебску ўчора было кепскае надвор’е, ішоў дождж, і вольных мінакоў проста было небагата.

Пра тое, як ставіліся віцябляне да самой ідэі правядзеньня такога рэфэрэндуму, і якім чынам гэтае стаўленьне было абумоўленае сацыяльным становішчам ці ўзростам апытаных, мы размаўлялі з Паўлам Севярынцам.

(Севярынец: ) “Шмат хто адмаўляецца галасаваць увогуле – гэта можна патлумачыць страхам ды сапраўды чаканьнем такога рэфэрэндуму ў будучыні. Шмат хто кажа: “Мы яшчэ не вызначыліся, бо не надышоў час”, і з падазронасьцю ставяцца да любых формаў апытаньня. Зрэшты, большасьць галасуе – да таго ж, галасуе супраць трэцяга тэрміну. Хаця, можа, і ня так шмат людзей, як здавалася нам раней. Мяне ўразіла наступная акалічнасьць: абсалютная большасьць тых, хто прагаласаваў “супраць” – гэта моладзь. У астатніх узроставых катэгорыяў можна было назіраць нейкі “раскол”, прыблізна 50 на 50”.

(Карэспандэнтка: ) А ці аргумэнтуюць людзі якім-небудзь чынам свой выбар, ці размаўляюць з вамі пра гэта?

(Севярынец: ) “Самае распаўсюджанае пытаньне – “А хто замест “яго”? Некалькі чалавек спыталі, за каго мы. А некалькі чалавек трывіяльна пацікавіліся: “А як большасьць?” Мы адказвалі, што большасьць, хаця гэта й не так выразна, але “супраць”. І нам тады часьцяком казалі: “Тады й мы супраць!”

Дзесьці да сярэдзіны дня ініцыятыўныя групы правялі прамежкавы падлік, і атрымалася, што супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну прагаласавалі 68% віцяблянаў, апытаных групай Паўла Севярынца, і 72% зь ліку тых, каго апытвалі паплечнікі Валерыя Шчукіна. Кардынальна сытуацыю зьмяніла меркаваньне віцебскіх прадпрымальнікаў: калі ініцыятыўныя групы скіраваліся на віцебскія кірмашы, то амаль 92% апытаных прагаласавалі супраць трэцяга тэрміну, прычым, як вынікала з гутарак, яны мелі на ўвазе ня нейкага абстрактнага прэзыдэнта, а менавіта Аляксандра Лукашэнку.

І Павал Севярынец, і Валеры Шчукін кажуць, што зь міліцыянтамі ў іх ніякіх праблемаў не было. Спадар Шчукін нават прапаноўваў супрацоўнікам міліцыі ўзяць удзел у грамадзкім рэфэрэндуме. Праўда, тыя адмовіліся. Так што цяпер яны хіба што змогуць даведацца пра вынікі, бо арганізатары акцыі сказалі, што выдадуць адмысловую ўлётку пра вынікі рэфэрэндуму ды днямі распаўсюдзяць яе па горадзе. Як кажа Павал Севярынец, людзям проста неабходна ведаць, на чыім баку большасьць, каб пачуваць сябе больш упэўнена і не баяцца выказваць уласныя меркаваньні.

Нагадайма, што падобныя рэфэрэндумы прайшлі ўжо ў Гомлі, Гародні і Менску.
XS
SM
MD
LG