Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гайнц Тымэрман: Масква шукае альтэрнатыву Лукашэнку


Ул. інф. “Для Масквы было бы недаглядам не кантраляваць беларускай сытуацыі... Масква цяпер зандуе палітычныя сілы ў краіне і, безумоўна, шукае альтэрнатывы Лукашэнку”, — пра гэта ў размове з карэспандэнтам “Свабоды” сказаў вядомы нямецкі экспэрт у пытаньнях Расеі й Беларусі Гайнц Тымэрман.

Напярэдадні ў інтэрвію нямецкай прэсе спадар Тымэрман выказаў меркаваньне, што Масква лічыць Лукашэнку непрадказальным палітыкам, а таму рэальна думае пра ягоныя альтэрнатывы на выбарах у 2006 годзе. Спадар Тымэрман называе імёны гэтых магчымых альтэрнатыўных кандыдатаў — Міхаіл Мясьніковіч і Наталья Машэрава. Чым абумоўленыя падобныя меркаваньні? На гэтае пытаньне Гайнц Тымэрман адказвае:

(Тымэрман: ) “Масква, безумоўна, шукае альтэрнатывы Лукашэнку, аднак даволі спэцыфічную. Чалавека альбо людзей, якія хуткім часам не павядуць Беларусь у бок Эўразьвязу, а наадварот, будуць захоўваць інтарэсы Масквы. Як, вядома, магчымыя кандыдаты ад апазыцыі канцэнтруюцца на Эўразьвязе. Што да Мясьніковіча — я згадваю, як менавіта пасьля свайго візыту ў Маскву напярэдадні мінулых прэзыдэнцкіх выбараў ён быў вызвалены з пасады кіраўніка Лукашэнкавай адміністрацыі — дык гэта, з гледзішча Крамля, вельмі дасьведчаны і ляяльны да расейскіх інтарэсаў чалавек.

Што да Натальлі Машэравай (дарэчы, днямі яна наведала Бэрлін), то гэта імя паважаецца як у Беларусі, так і ў Расеі. (Многія памятаюць гісторыю, калі Лукашэнка ўбачыў у ёй свайго канкурэнта на мінулых выбарах.) Я магу меркаваць, і гэтыя меркаваньні ўзятыя не з паветру, што для Масквы спадарыня Машэрава ёсьць таксама чалавекам, які будзе адпавядаць расейскім інтарэсам і ня будзе сьпяшацца ў Эўропу.

У дачыненьні да абодвух Масква можа быць спакойная — пад такім кіраўніцтвам Беларусь рэальна наблізіцца да Расеі. У Масквы, на жаль, толькі адно ўяўленьне — альбо Беларусь на баку Расеі, альбо на баку Эўропы. Я думаю, што цяпер ніякай іншай альтэрнатывы для Масквы няма. Як сярод тых, хто прадстаўляе беларускую намэнклятуру, так і сярод апазыцыянэраў. Масква, зразумела, ставіць на асобаў, якія бы карысталіся яе даверам, а таксама былі бы пераканаўчымі і харызматычнымі палітыкамі”.

Паводле словаў нямецкага экспэрта, аптымальным лідэрам Беларусі мог бы стаць палітык, які бы арыентаваўся на незалежнасьць краіны і бачыў бы на найбліжэйшыя 10 гадоў ролю Беларусі ў якасьці мосту паміж Эўразьвязам і Расеяй. Беларусі стратэгічна нельга канфрантаваць ні Расеяй, ні з Эўропай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG