Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вашынгтоне адбылася прэм’ера дакумэнтальнага фільма Майкла Мура “Фарэнгайт 9-11”


Алена Радкевіч, Вашынгтон Абвастрэньне перадвыбарчай барацьбы ў ЗША выклікаў выхад на экраны кінатэатраў у Амэрыцы дакумэнтальнага фільму Майкла Мура “Фарэнгайт 9-11”, дзе рэзка крытыкуецца палітыка Джорджа Буша. Сам Мур лічыць, што калі амэрыканцы ўбачаць ягоны фільм, “Буш ня будзе пераабраны ў лістападзе на пасаду прэзыдэнта”. Карэспандэнтка Радыё Свабода прысутнічала на прэм’еры фільма ў Вашынгтоне.

Майкл Мур Джорджа Буша ня любіць і не хавае гэтага. Як не хавае і сваёй задачы: не дапусьціць больш Буша да прэзыдэнцтва. Ён, аднак, ня лаецца – ён сьмяецца. Ён так мантуе дакумэнтальныя кадры, што Буш выглядае нягеглым і недарэчным. Заля пляскае, калі ў машыну прэзыдэнта кідаюць памідорамі з натоўпа, рагоча, калі камэра паказвае, як Буш успрыняў першую інфармацыю пра тэракт 11 верасьня.

Зьвестка засьпела яго ў школе, дзе ён сустракаўся з падлеткамі. Яму шэпчуць на вуха пра трагедыю, і ён на некалькі хвілінаў камянее. Буш напружана думае, а голас за кадрам зьедліва камэнтуе: вось, маўляў, побач няма дарадцаў, а нешта трэба вырашаць самому. І сымпатыі неперадузятага гледача ў гэтыя хвіліны не на баку рэжысэра.

Тэндэнцыйны камэнтар да нэўтральнага дзеяньня – гэта прыём, які на працягу ўсяго фільму выкарыстоўвае Майкл Мур. Ужываючы адвольны мантаж, камэнтары й вырваныя з кантэксту фразы, ён малюе Буша лянівым і недальнабачным палітыкам, які не зважаў пра папярэджаньні пра тэрарызм.

Прэзыдэнт то недарэчна пасьміхаецца, то гуляе ў гольф, калі дзеці гінуць пад бомбамі. Гэтак напачатку пасьля аўтарскага камэнтара нам паказваюць Буша, які гаворыць узьнёслыя словы пра небясьпеку тэрарызму, фактычна не перапыняючы гульні ў гольф.

(Голас камэнтатара з гукавай стужкі фільму: ) “Калі пачаліся вялікія праблемы, ён зрабіў тое, што зрабіў бы кожны з нас – паехаў у адпачынак”.

Буш, стоячы на пляцоўцы для гольфу, зьвяртаецца да журналістаў: “Мы павінны спыніць тэрор. Я заклікаю ўсе народы зрабіць усё, што ў іхных сілах, каб спыніць гэтых забойцаў-тэрарыстаў. А цяпер паглядзіце на гэты ўдар”.

Відочная тэндэнцыйнасьць зьніжае і эфэкт ад сур''ёзнай інфармацыі. Гэтак, штуршком для стварэньня фільма стаў дзіўны выпадак: адразу пасьля тэракту 11 верасьня больш за 20 чалавек сям''і Бін Лядэна, якія жылі ў Амэрыцы, пры дапамозе Белага дому бесьперашкодна вылецелі з краіны – і гэта ў той час, калі ўсе рэйсы на кантынэнце былі скасаваныя. Але гэты шматзначны намёк так і застаўся намёкам, а ўсе абяцаныя выкрыцьці супрацоўніцтва зь Бін Лядэнам абмежаваліся паказам афіцыйных сустрэч з арабскімі дыпляматамі і бізнэсоўцамі. Сэнсацыі гледачу не прадставілі.

Зразумела, ёсьць і сур''ёзныя кадры – іх нямала. Вайна, бамбёжкі, зьнявечаныя жаўнеры і дзеці, іхныя маці. У адзін з момантаў Мур падыходзіць зь мікрафонам да кангрэсмэнаў і прапаноўвае ім паслаць іхных дзяцей на вайну. Публіка спачувальна рэагуе: у канцы фільма заля пляскала.

Пры выхадзе з кінатэатра гледачоў чакалі актывісты дэмакратычнай партыі: яны прапаноўвалі ўзяць удзел у маратоне “Бег супраць Буша”, дзе ўдзельнічаюць антыбушаўцы з усіх 50 штатаў, заклікалі ўступаць у дэмпартыю. Многія, уражаныя фільмам, бралі ўлёткі, пад нечым ставілі подпісы.

У Беларусі, напэўна, такі фільм бы ня ўразіў: жанрам перадвыбарчага кінакампрамату тут нікога не зьдзівіць. Беларусь праходзіла ўжо і "Дзяцей хлусьні" ў 1995 годзе, і сёлета – "Дарогу ў нікуды". Кажуць, напярэдадні парлямэнцкіх выбараў выйдзе цэлы сэрыял. Але гэта палітычнае кілерства ўлады супраць апазыцыі. У Амэрыцы ж ідзе на шырокіх экранах такі кінапамфлет, скіраваны супраць прэзыдэнта. І ўжо адно гэта не дазваляе самаму непрымірэнча наладжанаму гледачу адназначна нэгатыўна ўспрымаць галоўнага героя стужкі.
XS
SM
MD
LG